Дзень усіх чарцей
Летась напрыканцы кастрычніка выходжу з метро на “Пушкінскай” – то тут, то там гурбы падлеткаў, размаляваных чарцямі. Бегаюць, равуць, ашчэрваюцца на мінакоў. Не зразумееш, жартам ці не – бо некаторыя відавочна п’яныя ці абкураныя.
Людзі ідуць міма, прычым бачна: бедныя беларусы стараюцца моўчкі паўтараць пра сябе – “А можа, так і трэба?”.
Маскі, гарбузы, хэлоўінскія вечарыны, пік злачынстваў, учыненых пад спайсамі… Хто-небудзь можа патлумачыць, чаму пад маркай колішняга “Дня ўсіх святых” адбываецца масавае адурэнне тынэйджараў і адзначаецца Дзень усіх чарцей?
У Беларусі гэта заўсёды быў час Дзядоў. Ціхі, сумны і светлы. Саветы затоптвалі яго “Седьмым ноября”, днём крывавай рэвалюцыі і велічэзных дэманстрацыяў. Зусім побач – расстрэльны дзень 1937-га, калі гэбісты адным махам вынішчылі сто прадстаўнікоў нашай нацыянальнай інтэлігенцыі.
Чвэрць стагоддзя таму здавалася, што савецкія чэрці, нарэшце, праваліліся ў сваё пекла. Не – глядзіш, зноў павылазілі, хіба толькі з іншай нары.
Падлеткам хочацца павыдурняцца, а часам і выскаліцца на ўвесь свет, разумею, узрост такі. У кожным чалавеку змалку рыецца дробненькі такі чорцік ці варочаецца паўнавартасны бес. Але задача выхавання – вучыць юных абломваць гэтым унутраным дэманам рогі ды іклы, не даваць злу прарывацца ў свет скрозь цябе. Дык навошта ўводзіць ноч трыумфуючага д’ябла ў моду? У норму? У “традыцыю”?
Словам, сябры. Лічу, што так званы “Хэлоўін” трэба гнаць з Беларусі паганай мятлой. З асяроддзя сем’яў, з кампаніяў сяброў, з вуліцаў. Ну яго к чорту. Як і выскаленых зомбі, каторым нават маскаў апранаць не трэба – з крывавымі сьцягамі ля помнікаў Леніну на сёмага лістапада.
Хадзем лепей на Дзяды. У Курапаты. Да крыжоў.