Беларускае хрысціянскае трыадзінства
Асаблівай увагі заслугоўвае беларускае хрысціянскае трыадзінства – супраца і ўзаемадапаўненне трох галоўных канфесіяў – у справе самакіравання і дзяржаўнага кіравання ў ВКЛ. У час рэлігійнай нецярпімасці на Захадзе і на Ўсходзе праваслаўныя, каталікі і пратэстанты Вялікага княства разам займалі пасады ў Паны-радзе, урадавых установах, судах, магістратах; міжканфесійная дамова была хутчэй правілам, чым выключэннем; еднасць веравызнанняў шматкроць пацвярджалася адпаведнымі прывілеямі, пастановамі і Статутамі.
Беларускі менталітэт, працоўная этыка, сямейны лад, правасвядомасць былі сфармаваныя хрысціянскім сумежжам Залатога веку: праваслаўем, каталіцтвам і пратэстанцтвам ва ўзаемным уплыве, канкурэнцыі і кампрамісах. Унікальнасць беларускай сітуацыі, нашая моц і нашая слабасць тлумачацца якраз формуламі геапалітычнага хрысціянскага сінтэзу эпохі ВКЛ ў самым сэрцы еўрапейскага кантыненту.
«Дзе двое ці трое сабраліся ў Імя маё, там і Я сярод іх» — найвышэйшы сэнс беларускага трыадзінства, сфармуляваны ў Евангеллі. Талеранцыя, унія, унікальны іканапіс, віленскае барока касцёлаў, цэркваў і збораў — плён хрысціянскага трыадзінства па-беларуску. «Беларусь — краіна найперш хрысціянская, а затым ужо праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая… Нас аб’ядноўвае крыж», — піша Адам Мальдзіс.
Гістарычна менавіта хрысціянскае трыадзінства было кропкай кіпення і пунктам грамадскага росту ў ВКЛ і Беларусі. Узаемапранікненне, канкурэнцыя і сумоўе трох канфесіяў далі нам абуджэнне Залатога веку — час найвышэйшых дасягненняў. Праваслаўная Расея, каталіцкая Польшча, пратэстанцкія Нямеччына ды Швецыя ў розныя часы расцягвалі Беларусь на кавалачкі. Але для краіны, што тысячу гадоў жыве на геапалітычным крыжы, увесь сэнс цэласці не ў выбары якой-небудзь адной канфесіі, а якраз ва ўсведамленні ўласнага трыадзінства.
Так беларускі геній Скарына, праваслаўнай традыцыі, на каталіцкай працы, паводле перакананняў евангелік, сумясціў у сабе ўсё найлепшае з канфесійнай Тройцы — і стаў постаццю №1 у нацыянальнай гісторыі.
Так трыяда нацыянальных сімвалаў — герб, гімн і сцяг — у Беларусі адпаведная Боскім іпастасям: «Магутны Божа» ад Бога-Айца, бел-чырвона-белы сцяг Хрыста ад Бога-Сына і імклівая «Пагоня», што перадае палымяную моц Духа Святога.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”