Хрысціянства і дэмакратыя ў Рэчы Паспалітай

08 сакавіка 2017 12:09  |  Галоўныя навіны

Хрысціянства і дэмакратыя ў Рэчы Паспалітай

Пасля аб’яднання ВКЛ з Польскай каронай у Рэч Паспалітую напрыканцы ХVІ стагоддзя канструкцыя хрысціянскіх асноваў і шляхецкай дэмакратыі пачала разбурацца – разам з незалежнасцю Беларусі.

З аднаго боку, польская каралеўская ўлада імкнулася да абсалютызму і ўніфікацыі, а найбольш моцная рэлігійная канфесія ў аб’яднанай дзяржаве – Касцёл – да падаўлення і падпарадкавання іншых хрысціянскіх веравызнанняў. Знакам гэтага часу было давядзенне да абсурду прынцыпу “ліберум вета” шляхтай ды магнатамі, што руйнавала ўвесь дзяржаўны механізм і вяло да анархіі. Пачаўся рост рэлігійнай нецярпімасці – і ўмяшанне суседніх дзяржаваў у канфесійнае змаганне ўнутры Рэчы Паспалітай.

Баланс міжканфесійнага хрысціянскага трыадзінства, з такой цяжкасцю дасягнуты ў ВКЛ 14-16 стст., і выпрацаваная стагоддзямі традыцыя раўнавагі заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў ды мясцовага самакіравання быў моцна парушаны – і гэта спрычынілася да заняпаду ўсёй дзяржавы: Рэч Паспалітая не вытрымала выпрабаванняў сацыяльнымі забурэннямі і войнамі.

Разам з тым, да дасягненняў хрысціянства у спалучэнні з палітычнай думкай эпохі РП належаць і сама ідэя “рэспублікі абодвух народаў”, і выкарыстанне знакамітага Статуту ў якасці асноўнага закону аўтаномнага ВКЛ, і дзейнасць каталіцкіх ордэнаў, праваслаўных брацтваў і пратэстанцкіх школаў – не адно ў сферы рэлігіі, але і ў сацыяльнай, культурнай, гаспадарчай, і ўплыў беларускай хрысціянскай дэмакратычнай традыцыі на Польшчу ды Расею, і дасягненне самай паспяховай за 1000 гадоў расколу рэлігійнай вуніі, і грандыёзная кніжная палеміка 17 стагоддзя вакол ідэі хрысціянскага адзінства і хрысціянскай дзяржавы.

Мікалай Радзівіл Чорны, Мікалай Радзівіл Руды, Леў Сапега, Астафей Валовіч, Жыгімонт Аўгуст, Ян Караль Хадкевіч, Канстанцін Астрожскі – галоўныя палітычныя лідары беларускага Залатога веку імкнуліся спалучыць хрысціянства і дэмакратыю.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”

#100гадоўБХД

Болей навін