Дзяніс Садоўскі: ва ўладзе сумневу – які сцэнар Дня Волі абраць (відэа)
Заяўнікі вулічнай акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі не могуць своечасова – за пяць дзён – атрымаць адказ мінскіх уладаў на сваю заяўку аб правядзенні мерапрыемства, паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі.
20 сакавіка ў 17.00 у Мінгарвыканкаме павінна была адбыцца сустрэча з заяўнікамі акцыі, аднак за некалькі гадзін да яе пачатку заяўнікаў па тэлефоне праінфармавалі аб адмене перамоваў.
Дзяніс Садоўскі, а таксама яшчэ адзін з заяўнікаў прадстаўнік Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч вырашылі наведаць Мінгарвыканкам, каб даведацца лёс заяўкі.
«З намі ніхто размаўляць не захацеў. Мы праз унутраны тэлефон датэлефанаваліся да адказнага за гэтую працу чалавека ў ідэалагічным аддзеле, ён адмовіўся прадставіцца, сказаў, што даць адказ іншым спосабам, акрамя як па пошце, па незразумелых прычынах не можа. Хоць у мінулыя разы, напрыклад, па акцыі 15 сакавіка адказ выдаваўся ў рукі менавіта ў Менгарвыканкаме», – паведаміў палітык.
Актывісты запатрабавалі, каб «хтосьці спусціўся і ўцямна патлумачыў, на якой падставе не выдаюць адказ у адпаведнасці з законам у пяцідзённы тэрмін, аднак спускацца ніхто не стаў».
Садоўскі і Каспяровіч напісалі скаргу на імя старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца. «З такімі паводзінамі я сутыкаюся ў першы раз, хоць шмат разоў быў заяўнікам розных вулічных акцый», – падкрэсліў палітык.
«Не выключана, што адказу на нашу заяўку яшчэ проста няма, ён не сфармаваны, што ва ўладзе ёсць сумненні, які – больш жорсткі ці больш мяккі – сцэнар выбраць. Іншае тлумачэнне прыдумаць цяжка», – сказаў ён.
У сувязі з гэтым аргкамітэт па святкаванні Дня Волі перанёс сваё пасяджэнне з 20 на 21 сакавіка.
«Паспрабуем да гэтага адказ усё-ткі атрымаць. Калі адказу не атрымаем і заўтра, то будзем прымаць рашэнне, не звяртаючы ўвагу на ліст з Мінгарвыканкама, бо ўлады проста адмаўляюцца даваць адказ на нашу заяўку”, – паведаміў Садоўскі.
Заяўка на правядзенне шэсця з нагоды Дня Волі падавалася ў Менгарвыканкам двойчы, першы раз – 6 студзеня. Улады далі адмоўны адказ. У лісце за подпісам кіраўніка справамі гарвыканкама Ганны Мацельскай гаварылася, што ў гарвыканкам быў пададзены толькі дакумент пад назвай «Абавязацельствы па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства (дэманстрацыі)», у той час як сама заяўка на правядзенне шэсця пададзеная не была.
Акрамя таго, улады горада ўгледзелі ў дзеяннях заяўнікаў парушэнне закона «Аб масавых мерапрыемствах», які абвяшчае, што «арганізатары масавага мерапрыемства не маюць права аб’яўляць у СМІ, сетцы інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай ўлёткі, плакаты і іншыя матэрыялы». На падставе гэтага, паведаміў Мінгарвыканкам, «станоўча вырашыць разгляданае пытанне» аб дазволе шэсця ў Дзень Волі «не ўяўляецца магчымым». Заяўнікі акцыі, у сваю чаргу, сцвярджалі, што ў студзені ў Менгарвыканкам быў перададзены ўвесь пакет неабходных дакументаў.
Другая заяўка на правядзенне Дня Волі была пададзеная ў гарвыканкам 8 лютага. Подпісы пад заяўкай паставілі Садоўскі, Каспяровіч, прадстаўнік руху «За Свабоду» Аляксандр Русевіч, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ягор Віняцкі і руху салідарнасці «Разам» Аляксандр Макаў.
У абодвух выпадках заяўнікі прасілі дазволіць збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы.