Польскія дэпутаты заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і пачаць дыялог з грамадскасцю
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці прыехалі з візітам у Варшаву: 22 сакавіка яны сустрэліся з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Марэкам Зюлкоўскім, а 23-га правялі дыскусію ў Сейме Польшчы, перадае БелаПАН.
У складзе дэлегацыі — адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Някляеў, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, адна з лідараў кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» (зачынены ўладамі ў 2003 годзе) Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
У Варшаву планавалася таксама запрасіць старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, старшыню Руху “За Свабоду” Юрася Губарэвіча і сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага, аднак палітыкі у гэтыя дні адбываюць арышт за ўдзел у акцыі пратэсту ў Маладэчне.
22 сакавіка МЗС Польшчы выступіла з заявай, у якой выказала заклапочанасць арыштамі актывістаў і журналістаў у Беларусі. «Нагадваем, што Еўрасаюз прыняў рашэнне прыпыніць санкцыі ў сувязі з пазітыўнымі сігналамі з Мінска. Мы спадзяемся, што Беларусь утрымае абраны ў мінулым годзе курс на дыялог», – гаворыцца ў заяве. Польшча заклікала беларускія ўлады да захавання правоў чалавека і асноўных грамадзянскіх свабодаў.
23 сакавіка ў Сейме Рэспублікі Польша адбыліся парламенцкія слуханні з удзелам прадстаўнікоў палітычных партый і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Падчас слуханняў галоўная ўвага была прыцягнутая да сітуацыі ў Беларусі, якая вельмі імкліва разгортваецца ў апошні час. Па выніках слуханняў у Сейме была прынятая рэзалюцыя па справе крызісу ў Беларусі, паведамляе “Вясна”.
“Камісія замежных спраў польскага сейму выказвае глыбокую занепакоенасць нарастаючай хваляй рэпрэсій супраць удзельнікаў грамадскіх пратэстаў – незалежных журналістаў і грамадскіх дзеячоў Беларусі”, – гаворыцца ў дакуменце.
Камісія патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага спынення пераследу і вызвалення ўсіх арыштаваных і асуджаных, а таксама выказвае салідарнасць з ахвярамі рэпрэсій, іх сваякамі і блізкімі.
Таксама Камісія замежных спраў выказала ўпэўненасць, што адзіным спосабам вырашэння грамадскага і гаспадарчага крызісу ў Беларусі з’яўляецца распачынанне дыялогу уладаў з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй.