“Хрысціянская злучнасць”, 1915 год

22 красавіка 2017 14:01  |  Галоўныя навіны

“Хрысціянская злучнасць”, 1915 год

 

У 1914-м грымнула
Першая Сусветная вайна. У 1915-м заходняя частка Беларусі апынулася пад
нямецкай акупацыяй. Нямецкае вайсковае камандаванне, якое распараджалася на
занятых тэрыторыях, да любой палітычнай актыўнасці ставілася насцярожана, але
беларусы разумелі: гэта – шанец на змены.

У 1915-м у
занятай немцамі Вільні была зроблена чарговая спроба стварыць
хрысціянска-дэмакратычную партыю, прычым ужо беларускую паводле характару –
“Хрысціянскую злучнасць”. На чале гэтай арганізацыі сталі адзін з лідараў
колішняй Краёвай партыі Беларусі і Літвы барон Казімір Шафнагель, князь Вінцэнт
Святаполк-Мірскі, ксяндзы Вінцэнт Гадлеўскі ды Аляксандр Астрамовіч (Андрэй
Зязюля), і адзін з ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху, Вацлаў Ластоўскі.

“Хрысціянскую
Злучнасць” лічаць першай менавіта беларускай правай партыяй.

Кажучы пра
выспяванне ідэі хрысціянска-дэмакратычнай партыі ў беларускім каталіцкім руху,
нельга абмінуць і ролю гіерархаў тагачаснага Касцёлу. З аднаго боку, дзеля
моцнай польскай свядомасці большасці каталіцкіх ксяндзоў і біскупаў, гэтая ідэя
сустракала сталы супраціў. Адначасова напачатку ХХ стагоддзя вылучаецца шэраг
біскупаў, якія ацанілі і прынялі патрэбу масавага беларускамоўнага
хрысціянскага руху. Найперш гэта згаданы біскуп Віленскі Эдвард Роп,
біскуп-суфраган Магілёўскай дыяцэзіі Стафан Данісэвіч, які ў 1906-1907 выдаў
катэхізмы па-беларуску і заахвочваў да беларускасці святароў, ды біскуп Пінскай
дыяцэзіі Зыгмунт Лазінскі, які пад уплывам Фабіяна Абрантовіча і Адама
Лісоўскага ініцыяваў набажэнствы па-беларуску ды заснаваў беларускую духоўную
семінарыю ў Менску.

Для настрояў таго
часу характэрна імкненне ясна сцвердзіць беларускі нацыянальны характар новага
руху – а дзеля гэтага перадусім парваць і з русіфікацыяй, і з паланізацыяй.
Вось як, напрыклад, піша да спольшчанай краёвай інтэлігенцыі ў сваім знакамітым
адкрытым лісце, надрукаваным у “Кур’еры Літэўскім” у лістападзе 1917-га барон
Казімір Шафнагель:

“Апалячэная
беларуская інтэлігенція! Паны “тутэйшыя палякі” – ксяндзы і земяне! Няўжо-ж
ваша грамадзянскае сумленьне нічога вам не гаворыць? Няўжо-ж не задрыжыць у
спольшчэных сэрцах вашых праўдзівы патрыотызм – не прыбраны ў пазычаныя пёры,
але спакон вякоў краёвы, нацыональны і народны беларускі? Чы гэта зямелька
родная са сваімі сумнымі абразамі, сваім[і] вазёрамі, лясамі і гарыстымі палямі
да вас не прамовіць, – чы голасу гэтаго збожнага народу, што вас “панкамі
даражэнькімі” называе, вуха вашэ не пачуе, – чы яго праўдзівых патрэб, каторых
ён сам ешчэ не разумее, ваша душа не адчуе, а калі адчуе, дык чы не загаворыць
у вас грамадзянскае сумленьне і чы не дасьць яго вам цьвёрдаго наказу ўзяць
той-час на свае плечы работу дзеля адраджэньня гэтаго люду – нацыі, да катораго
так чы сяк самі вы прыналежыце?” (“Спадчына”, №4, 2002).

Такім чынам,
спярша, ад 1905 году, ідэя хрысціянскай дэмакратыі на Беларусі разгортвалася ў
краёвай (польска-ўкраінска-літоўска-беларускай) традыцыі, з польскай мовай і ў
рамках расейскай дзяржаўнасці – але за 10 гадоў найперш у каталіцкіх асяродках
Віленшчыны, Гарадзеншчыны, Меншчыны ды тагачаснай сталіцы імперыі Пецярбургу
скрышталізавалася яснае разуменне: Беларусі патрэбная свая, менавіта беларуская
хрысціянска-дэмакратычная партыя.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя:
1917 – 2017”

Працяг будзе

Болей навін