Павел Севярынец: АЭС у Беларусі – гэта страшная перспектыва другога Чарнобылю (відэа)
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец свой новы
відэазварот прысвяціў аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года і яе
значэнню для Беларусі.
“У выніку памылкі, у выніку халатнасці, выбух разнёс дах чацвёртага
рэактара атамнай электрастанцыі і вялізнае воблака радыеактыўнага пылу панесла
проста на Маскву, сталіцу тагачаснай імперыі. Савецкае кіраўніцтва загадала з
дапамогай ваеннай авіяцыі асадзіць гэтыя радыеактыўныя хмары на тэрыторыі
Гомельскай і Магілёўскай абласцей Беларусі. Такім чынам, 70% радыяцыі дасталося
Беларусі. Асноўны цяжар Чарнобыльскай катастрофы зноў панесла на сабе наша
шматпакутная краіна”, – адзначыў ён.
Паводле яго, чарнобыльскі выбух быў пахавальным звонам для самога СССР, і
гісторыя Чарнобыля наскрозь сімвалічная. Пры гэтым Павел Севярынец прыгадаў
сатанінскі парад у Чарнобылі ў 1984 годзе, а таксама прароцтва з Адкрыцця Яна
Багаслова пра зорку палын, ад якой “траціна ўсіх водаў зрабілася палыном і
многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі”. “Чарнобыль і Беларусь, як
чорнае і белае, радыяцыя, як вобраз нябачнага зла, якое забівае так, што ты і
не адчуваеш, як вобраз граху, як вобраз пекла”, – падкрэсліў сустаршыня БХД,
заклікаўшы беларусаў да разумення, “што гэта вельмі сур’ёзная перасцярога”.
Ён нагадаў, што новая атамная электрастанцыя, цяпер ужо ў Беларусі, за
сотню кіламетраў ад Менску, “будуецца тымі ж людзьмі, якія ў свой час будавалі
Чарнобыль”. “Мы павінныя сказаць разам – не будаўніцтву Астравецкай АЭС. Мы
павінны разумець, што АЭС у Беларусі – гэта страшная перспектыва другога
Чарнобылю”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.
Павел Севярынец адзначыў, што, пакуль ішло будаўніцтва адбываліся няшчасныя
выпадкі, падаў корпус рэактара, новы – ударылі аб бетонныя апоры пры
транспартыроўцы, а на самой пляцоўцы, на якой будуецца АЭС, пляцоўка
размяшчаецца на разломах. “З 30-і пляцовак, якія даследаваліся для беларускай
АЭС, Астравецкая самая непрыдатная, як чалавек з дыпломам інжынера-геолага магу
вам сказаць дакладна, калі ёсць нейкае месца, дзе нельга будаваць атамную
электрастанцыю, дык гэта пляцоўка пад Астраўцом. Больш таго, Астравецкая АЭС знаходзіцца
на ружы вятроў, якія дзьмуць з Балтыкі проста на Менск. Калі былі нейкія
палітычныя, альбо геапалітычныя меркаванні, з якіх станцыю трэба будаваць тут,
дык яны відавочна сфармаваныя ці ў хворым запаленым мозгу, ці ў якім-небудзь
крамлёўскім генштабе”, – дадаў ён.
“Таму 26 красавіка мы праводзім чарнобыльскі шлях – акцыю памяці, але
адначасова і акцыю пратэсту. А 18.00 мы збіраемся каля Акадэміі навук, мы
праводзім там жалобны мітынг і рухаемся да чарнобыльскай капліцы, пабудаванай у
памяць пра ахвяры чарнобыльскай катастрофы. Запрашаем вас, дарагія беларусы,
выказаць сваё стаўленне. Не будаўніцтву Астравецкай АЭС. 18.00 Акадэмія навук,
26 красавіка, серада”, – заклікаў сустаршыня БХД.