Праграма БХД. Арганізацыя рэспубліканскай улады

27 красавіка 2017 08:00  |  Галоўныя навіны

 

Праграма БХД. Арганізацыя рэспубліканскай улады

 

4.2. Арганізацыя рэспубліканскай улады

4.2.1. Галоўным прынцыпам у вызначэнні кіруючых асоб усіх узроўняў будзе выбарнасць.

4.2.2. Найбольш прымальнай формай дзяржаўнага ладу для Беларусі з’яўляецца змешаная прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка. Уладныя паўнамоцтвы павінны быць размеркаваны паміж галінамі ўлады такім чынам, каб адна галіна кантралявала іншую і паміж імі быў баланс. У Беларусі павінна паўстаць такая сістэма, каб было немагчыма ўзнікненне дыктатуры. Уся паўната дзяржаўнай улады не можа быць засяроджана ў адных руках, але адначасна нельга дапусціць анархіі і безадказнасці.

4.2.3. Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, абіраецца ўсенародным галасаваннем тэрмінам на 4 гады і не больш чым на 2 тэрміны. Прэзідэнт вызначае знешнюю палітыку, валодае пытаннямі нацыянальнай бяспекі і абароны, з’яўляецца гарантам Канстытуцыі. Прэзідэнту належаць прадстаўнічыя функцыі, а менавіта прадстаўніцтва Беларусі на міжнароднай арэне і акрэдытацыя дыпламатычных місіяў. Прэзідэнт можа накласці вета на законапраект, але Сойм і Сенат могуць пераадолець вета Прэзідэнта 2/3 галасоў. Прэзідэнт валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Прэзідэнт уносіць кандыдатуры суддзяў вышэйшых судовых інстанцыяў, вышэйшых вайсковых камандзіраў і іншых вышэйшых дзяржаўных службоўцаў для зацвярджэння іх Сенатам Рэспублікі. Прэзідэнт можа распусціць Сойм у выпадку працяглага парламенцкага крызісу, немагчымасці фармавання ўрада і прызначыць новыя выбары.

4.2.4. Канцлер узначальвае Ўрад. Канцлер вызначае са згоды Сойма палітыку па сацыяльна-эканамічных і ўнутрыпалітычных пытаннях. Кандыдатуру Канцлера прапаноўвае на зацвярджэнне Сойму Прэзідэнт. Вызначэнне Канцлера і фармаванне Ўрада залежыць ад растаноўкі палітычных сіл у Сойме. Канцлер прызначае міністраў. Урад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Сойму і Прэзідэнту.

4.2.5. Мы лічым мэтазгодным, каб ПарламентБеларусі складаўся з дзвюх палат: ніжняй палаты – Сойма і верхняй палаты – Сената.

4.2.6. Сойм абіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 4 гады па прапарцыйнай выбарчай сістэме. Для праходжання ў Сойм будзе ўведзены 4-працэнтны электаральны бар’ер, каб забяспечыць стабільнасць палітычнага прадстаўніцтва. Колькасць дэпутатаў Сойма павінна складаць 135 дэпутатаў. Найважнейшымі функцыямі Сойма павінны стаць прыняцце законаў, вызначэнне Канцлера і фарміраванне Ўрада, зыходзячы з палітычнай расстаноўкі сіл у Сойме, кантроль за Ўрадам. Сойм узначальвае Маршалак соймавы, які абіраецца дэпутатамі Сойма з іх ліку.

4.2.7. Сенат складаецца з 45 дэпутатаў: па 2 сенатары ад кожнага павета і 3 ад горада Менска, якія будуць абірацца на прамых выбарах насельніцтвам павета на 5 гадоў. Гэты інстытут палітычнай сістэмы дазволіць паветам прымаць удзел у вызначэнні дзяржаўнай палітыкі і ажыццяўленні дзяржаўнай улады на рэспубліканскім узроўні. Усе рэспубліканскія законапраекты павінны прайсці адабрэнне ў Сенаце, каб стаць законамі. Тым самым, будуць забяспечаны інтарэсы паветаў. Сенат будзе зацвярджаць на пасадах суддзяў вышэйшых судовых інстанцыяў, вышэйшых вайсковых камандзіраў і кандыдатуры на іншыя дзяржаўныя пасады. Сенат узначальвае Маршалак вялікі.

4.2.8. Парламент можа адхіліць Прэзідэнта ад улады ў выпадку здзяйснення ім злачынства або стварэння пагрозы незалежнасці. Для гэтага Сойм можа вынесці абвінавачанне, якое разглядае Сенат. Для прыняцця рашэння неабходна кваліфікаваная большасць галасоў (2/3) у Сенаце.

З праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года

Болей навін