Статут ХДЗБ: 1920

30 мая 2017 09:33  |  Галоўныя навіны

 

Статут і першая Праграма ХДЗБ былі прынятыя і зацверджаныя ў
Менску ў 1920-м, прычым на друкаваным выданні гэтай кніжкі (якая адначасова
выконвала ролю сяброўскага пасведчання) было пазначана: “З дазволу біскупа
Зыгмунта Лазінскага”.

Эпіграфам да Статуту і Праграмы былі словы з Евангелля
паводле Мацвея:

“Дык вось, не турбуйцеся і не кажыце: “што нам есці?” альбо
“што піць?” альбо “у што апрануцца?”. Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае
бо Айцец ваш Нябёсны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце ж найперш
Царства Божага і праведнасці ягонай, і гэта ўсё дадасца вам” (Мацвея 6:31-33).

і таксама:

“Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх,
прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені; і паліўся
дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён не
ўпаў, бо пастаўлены быў на камені. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не
выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на
пяску; і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом
той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае” (Мацвея 7:24-27).

“Устава”, альбо Статут, змяшчала некалькі адметных пунктаў:

1. Называецца злучнасьць: “Хрысьціянская Дэмократычная
Злучнасьць Беларусаў”.

2. Мэтаю Хрысьціянскай Дэмократычнай Злучнасьці Беларусаў
ёсьць: зарганізаваньне усіх тых, што хочуць жыць апіраючыся на сацыальнай
справядлівасьці і хрысьціянскай міласьці, паводле асноў хрысьціянскага
сьветагляду.

3. Сядзібай Хрысьціянскай Дэмократычнай Злучнасьці Беларусаў
ёсьць Менск, полям працы увесь край Беларускі.

4. Для зрэалізаваньня мэт, у п.2 азначаных, Хрысьціянская
Дэмократычная Злучнасьць:

А. Шырыць асьвету: праз сабраньні, гурткі, расправы; праз
закладаньне курсаў, асьветных гурткоў, бібліотэк, чытаньняў і т. п.

В. Шырыць працу рэлігійна-маральную: паглыбляючы і ажыўляючы
жыцьцё этычнае і рэлігійнае праз набажэнствы, казаньні, сходы, кружкі

С. Вядзе працу грамадзянскую:праз выязды на абгляд
чужых краяў і цікавых месцаў у сваім краю, праз хоры і тэатры.

Д. Працу эканамічную: закладаючы новыя або ўмацоўваючы
старыя суполкі, як напр. коапэратывы (хаўрусныя крамы), прачкарні, варштаты і
т. п.; закладаючы касы ўзаемнай помачы, касы пажычковыя, касы зборнасьці,
пахаронныя; закладаючы бюра працы, бюра адвакацкай і доктарскай помачы,
закладаючы ахронкі, прытулкі і т. п.”

Сябрам ХДЗ мог быць кожны хрысціянін, які прызнаваў Статут і
“стараўся гэтую ўставу ўвясці ў жыцьцё”.

З кнігі
“Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

Працяг будзе

Болей навін