Хрысціянскія дэмакраты перадалі 2000 подпісаў супраць продажу алкаголю на АЗС
У Мінгандлю, канцэрны
Белдзяржхарчпрам і Белнафтахім, сеткі АЗС “А-100”, “Лукойл”, “Слаўнафта”, “Юнайтэд
компані” актывісты Сацыяльна-хрысціянскага руху і Беларускай хрысціянскай
дэмакратыі накіравалі больш за 2000 подпісаў, сабраных пад калектыўных зваротам
грамадзян аб забароне продажу алкаголю на заправачных станцыях.
“Беларусь ужо які
год не сыходзіць з топа лідзіруючых
пазіцый па колькасці ўжывання алкаголю. Сярэднестатыстычны беларус выпівае каля
15 літраў, пры тым што крытычны ўзровень – 8 літраў. Асноўная прычына гэтага –
абсалютная дасяжнасць алкаголю, адсутнасць нармальнай дзяржаўнай палітыкі, якая
б думала у першую чаргу пра людзей. Алкаголь у нас прадаецца паўсюль: на запраўках, у крамах, на
касах. У Менскай вобласці на адну гандлёвую кропку, якая прадае алкаголь, у
сярэднім прыходзіцца 550 жыхароў, у Менску – і таго меней. Калі параўнаць гэты
паказчык са Швецыяй, то ён адрозніваецца ў 40 разоў: там толькі 436 крамы на ўсю
краіну, якія гандлююць алкаголем, а насельніцтва Швецыі такое ж як у нас.
Алкаголь прадаецца ў Швецыі з панядзелка па пятніцу з 10 да 20, у суботу з 10
да 15, а ў нядзелю не прадаецца ўвогуле. І 77% насельніцтва падтрымлівае такую
палітыку”, – адзначыла лідар СХР Вольга Кавалькова.
“Алкагольныя
напоі на запраўках – гэта нонсэнс, нідзе ў Еўропе вы такога не ўбачыце, і гэта
правільна, бо запраўкі павінны гандляваць палівам для аўто, а не палівам для
людзей. І мы будзем з гэтым змагацца і прымушаць уладу карэктаваць сваю палітыку,
каб яна ў першую чаргу думала пра людзей і пра тое, што кожны год эканамічныя
страты ад алкагалізму дасягаюць 7% ад ВУП. Мінгандлю гэта забойца нашага
народа, бо гэта асноўнае ведамства, якое з’яўляецца лабістам шырокага продажу
алкаголю”, – дадала яна.
Вольга Кавалькова
нагадала, што рэакцыя ўладаў суседняй Літвы на вельмі высокае месца ў
алкагольным рэйтынгу была імгненнай: быў павялічаны ўзроставы цэнз для пакупкі
алкаголю і абмежаваны час продажу. “Мы чакаем ад нашых уладаў эфектыўных мер па
змяншэнні ўжывання алкаголю – абмежавання часу продажу, вынасу продажу алкаголю
у асобныя аддзелы крамаў, стварэнне дасяжнай інфраструктуры для баўлення часу і
праграмы прафілактыкі ўжывання алкаголю, а таксама дапамогі людзям і сем’ям, у
якіх злоўжываюць алкаголем”, – падкрэсліла кіраўнік СХР.