Еўрапейская народная партыя заклікае ўключыць апазіцыю ў дыялог Беларусь-ЕС

24 лістапада 2017 10:14  |  Галоўныя навіны

Еўрапейская народная партыя заклікае ўключыць апазіцыю ў дыялог Беларусь-ЕС

 

Еўрапейская народная партыя (ЕНП) 23 лістапада на 6-й сустрэчы лідараў ЕНП Усходняга партнёрства напярэдадні саміту ініцыятывы ў Бруселі прыняла дэкларацыю з прапановай уключыць у дыялог паміж ЕС і Беларусі прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.

«Мы прапануем ініцыяваць фармат дыялогу паміж ЕС і Беларуссю з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый і палітычнай апазіцыі Беларусі. Увядзенне мараторыю на смяротнае пакаранне, спыненне пераследу журналістаў, вызваленне палітвязняў, рэгістрацыя грамадскіх арганізацый і палітычных партый, рэформа судовай сістэмы, правядзенне свабодных і сумленных выбараў і допуск апазіцыі да дзяржаўных СМІ – усё гэта з’яўляецца важным элементам развіцця будучага супрацоўніцтва з афіцыйнай Беларуссю», – гаворыцца ў дэкларацыі.

У сустрэчы лідараў ЕНП Усходняга партнёрства бралі ўдзел старшыня Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер, прэзідэнт Еўрапарламенту Антоніё Таяні, старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск, прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан і Харватыі Андрэй Пленкавіч, прэзідэнт ЕНП Жазэф Доль, віцэ-прэзідэнты Кінга Галь і Ёханэс Хан, старшыня групы ЕНП у Еўранэсце Сандра Калніетэ, намеснік міністра еўрапейскіх спраў Эстоніі Маці Маасікас, лідар апазіцыі Славеніі Янез Янша, старшыня славацкай партыі Бела Бугар, прадстаўнікі французскіх і літоўскіх партый П’ер Лекілер і Андрус Кубілюс.

Беларускі бок прадстаўлялі сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Апроч таго, у сустрэчы ўдзельнічалі прэзідэнты Арменіі Серж Саргсян і Украіны Пятро Парашэнка, лідары партый-сяброў ЕНП Арменіі (Рафі Аванісян), Грузіі (Ніка Мелія, Гігі Угулава), Малдовы (Мая Санду, Віярэл Чыбатару, Андрэй Настазе), Украіны (Віталь Клічко, Юлія Цімашэнка).

Каментар Віталя Рымашэўскага, сустаршыні БХД:

«Учора ў рэзалюцыю брусельскага саміту Еўрапейскай народнай партыі былі ўключаныя досыць крытычныя пункты ў дачыненні да Беларусі, заснаваныя на каштоўнасцях і выкананні правоў чалавека і неабходнасці правядзення свабодных выбараў па стандартах АБСЕ, неабходнасці павялічваць ролю грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл у беларуска-еўрапейскім дыялогу. Усё гэта адзначана ў пазіцыі Еўрапейскай народнай партыі.

Гэта стратэгічны дакумент, які вызначыць на бліжэйшыя два гады стаўленне палітыкаў з ЕНП да Ўсходняга партнёрства. Членамі Еўрапейскай народнай партыі з’яўляюцца і Дональд Туск, і Ёханэс Хан, і Жан-Клод Юнкер. Яны ўчора таксама прысутнічалі на нашай сустрэчы, і мы мелі магчымасць падыскутаваць пра сітуацыю ў Беларусі, будучыя прыярытэты Усходняга партнёрства. Улічваючы ўплыў, які сёння мае Еўрапейская народная партыя ў еўрапейскай палітыцы, – па сутнасці гэта кіруючая партыя Еўрасаюза. Таму складана пераацаніць важнасць прынятага дакумента. Мы дамовіліся з нашымі партнёрамі, што прынцыпы, закладзеныя ў аснову гэтай дэкларацыі, мы будзем сумесна рэалізаваць на ўсіх палітычных пляцоўках Еўрапейскага Саюза і ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, Еўрапейскім парламенце, Еўранесце, а таксама ў кааперацыі з нацыянальнымі парламентамі і ўрадамі краін Еўрапейскага Саюза.

Непрыезд Аляксандра Лукашэнкі на саміт безумоўна запрашаючы бок успрыме з расчараваннем. Пры гэтым незалежна ад таго, хто прадстаўляе Беларусь на саміце, у Еўрапейскага Саюза, еўрапейскіх палітыкаў няма ілюзій наконт сітуацыі ў Беларусі, наконт беларускіх уладаў. У наступным месяцы плануецца ўзгадненне і падпісанне прыярытэтаў супрацоўніцтва, якія вызначаць кірункі працы паміж Еўрапейскім саюзам Беларусі на бліжэйшыя два гады.

 

Цяпер важна, што на дадзены момант у гэтыя прыярытэты ўключаны і неабходнасць правядзення свабодных выбараў па стандартах АБСЕ, і павелічэнне ролі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў у адносінах паміж ЕС і Беларуссю. Гэты дакумент не з’яўляецца пагадненнем паміж краінамі і толькі вызначае асноўныя напрамкі, над якімі будуць працаваць еўрапейцы і беларускія ўлады бліжэйшыя два гады. Ніякі больш глыбокі ўзровень адносінаў з Беларуссю, у тым ліку падпісанне базавага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве, на дадзены момант проста немагчымы з прычыны адсутнасці рэальных рэформаў, адсутнасці свабодных выбараў, сістэматычнага парушэння правоў чалавека ў нашай краіне. Гаворыцца пра гэта досыць адкрыта. Сёння з-за адсутнасці дэмакратыі ў нашай краіне, з-за рэпрэсій, парушэння правоў чалавека з боку беларускіх уладаў, уся Беларусь, усе беларусы пазбаўленыя магчымасці карыстацца тымі перавагамі, якія дае супрацоўніцтва з ЕС іншым краінам Усходняга партнёрства, такім як Украіна, Малдова, Грузія. Адказнасць за гэта цалкам ляжыць на беларускіх уладах».

 

Еўрапейская народная партыя заклікае ўключыць апазіцыю ў дыялог Беларусь-ЕС
Еўрапейская народная партыя заклікае ўключыць апазіцыю ў дыялог Беларусь-ЕС
Еўрапейская народная партыя заклікае ўключыць апазіцыю ў дыялог Беларусь-ЕС

Болей навін