Куды ні кінь… ці навошта нам такія слугі народа?
З нашымі віцебскімі чыноўнікамі не засумуеш… Штодня падкідваюць такія навіны, што проста вочы на лоб лезуць і дух займае: прыкладам, абвяшчаюць тэндар на ўтрыманне грамадскіх прыбіралень ажно на 108 000 рублёў (іх у горадзе 4 + па святах бія). У месяц атрымліваецца па 5125 даляраў.
Ці абвяшчаюць тэндар на 98 000 рублёў – гэта ўжо на ўтрыманне фантанаў, а ў мінулым годзе на фантан у парку Фрунзе ўвалілі рублёў.
З зусім нядаўняга: Афганскі цэнтр – гэта абласны клінічны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі для інвалідаў і ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў – здыме тэлеперадачы на 13 500 рублёў. І гэтыя ўсе расходы за кошт бюджэту. (На назву цэнтра звярніце асаблівую ўвагу! Ніякіх асацыяцый не ўзнікае?)
Яшчэ ўзгадаю тэндар з сарамліва неабвешчаным коштам на рамонт будынка, які належыць аблвыканкаму на Даватара (чытай “дом губернатара”, адабраны Косінцам – папярэднікам сённяшняга – у музея прыватных калекцый), дзе ўсяго 4 гады таму быў зроблены еўрарамонт і куды з бюджэту, згодна ўказу галоўнага, пайшлі нямалыя грошы на куханьку і на спаленьку пярлінавага колеру.
Пералічваю для таго, каб жыхары Віцебска і вобласці ўразіліся, куды, на якія патрэбы ідуць грошы падаткаплацельшчыкаў. Мяркуючы па колькасці “дармаедаў”, падаткаў, якія яны “павінны” сплаціць, апетыты ў чыноўнікаў растуць зваротна-прапарцыйна даходам насельніцтва.
Ну, глядзіце яшчэ, зараз камусьці з высокіх віцебскіх чынуш пабудаваць палац шлюбу захацелася. Пра гэтую сумна вядомую будоўлю пісалася ўжо шмат. Актывісты-праціўнікі знішчэння гісторыка-культурнай зоны горада, куды марыцца ўперці гэны палац, штодня строчаць лісты ў розныя інстанцыі, бегаюць па кабінетах, грукаюцца да дэпутатаў Палаткі ў пошуках абароны і горада, і гістарычнай спадчыны, і грошай, і нявыкананых сацыяльных праблем ад дзікасці, дурасці, безадказнасці “слуг народа”.
Усё часцей чуем, што ўвогуле знік усякі давер да ўлады, людзі абураныя да мяжы цярпення, бо куды ні кінь – паўсюль клін.
Нават каб Віцебск сталі прыбіраць ад снегу, спатрэбілася ўмяшальніцтва пракуратуры, каб проста на сайтах дзяржорганаў Віцебскай вобласці інфармацыя адпавядала нарматыўным актам і сучаснасці, спатрэбілася Камітэту дзяржаўнага кантролю ткнуць носам тыя органы.
Дык навошта нам такія слугі?
Таццяна Севярынец