“ПРАВАСЛАЎНАЯ БЕЛАРУСЬ” – ВОРГАН ПРАВАСЛАЎНАГА БЕЛАРУСКАГА ДЭМАКРАТЫЧНАГА АБ’ЯДНАНЬНЯ

18 кастрычніка 2009 23:37  |  Артыкулы

… З 1 кастрычніка 1927 г. у Вільні, на вул. Людвісарскай 1, пачынае выходзіць царкоўна-грамадзкі й палітычны двухтыднёвік з усебеларускім характарам “Праваслаўная Беларусь”. Ягоным рэдактарам і выдаўцом быў пратаярэй Лука Голад.

Ува ўступным рэдакцыйным артыкуле было адзначана, што часапіс зьявіўся ў выніку патрэбы асьвятленьня царкоўнага жыцьця з нацыянальнага пункту гледжаньня. Папярэджвалася, аднак, што “ў пару адраджэнскага руху і барацьбы за сваю палітычную долю і нацыянальныя ідэалы немагчыма абмінуць палітычных, грамадзкіх і культурных праблемаў”. Іхнае асьвятленьне было абяцанае з хрысьціянска-праваслаўнага пункту гледжаньня. Гэта значыць, што рэдакцыя мела ўжо ўстаноўлены пагляд на аблічча, ролю й заданьне часапісу, хоць перад тым як пачала выяўленьне ейнага “credo”, сьпярша выклікала дыскусыю сярод чытачоў. Дыскусыя мела паказаць, што ў заходнебеларускім грамадзтве існуе, выніклая з “гістарычнага няшчасьця беларускага народу – ягонага падзелу на дзьве рэлігійныя часткі” і стварэньня двох “культурна-гістарычных тыпаў беларусаў”, незапярэчная патрэба дзейнасьці, наўзор Беларускае Хрысьціянскае Дэмакрацыі, праваслаўнае палітычнае партыі. Вядную ролю ў раўнаваньні гэтых розьніцаў і псыхалягічных бар’ераў мела-б выканаць новая беларуская палітычная партыя з хрысьціянска-праваслаўным духам, заданьнем якое было-б задзіненьне ўсіх беларусаў у адну “беларускую нацыянальную сям’ю” Гэтак выказаны В. Васілевічам пагляд сустрэў жывы й прыхільны водгук сярод чытачоў. (Праваслаўны грамадзянін. Чарговая неадложная палітычная справа (Ліст да Рэдакцыі), “Праваслаўная Беларусь”. Вільня 1927, нр. 2, 6-7 б).

Ужо ў першым нумары часапісу былі закранутыя важныя аспэкты дзейнасьці Праваслаўнае Царквы ў ІІ Рэчыпаспалітай. Датычылі яны ўзаемных дасчыненьняў паміж Царквою й дзяржавай, а таксама абсягу ўжываньня роднае мовы ў Праваслаўнай Царкве. Паводле сэнатара Вячаслава Багдановіча, поўная згода паміж Царквою і дзяржаваю была немагчымая, бо ў выпадку існаваньня “благое ўлады” гэта магло-б прыносіць Царкве маральную страту. У гэткім выпадку Царква павінна падпарадкоўвацца ўладзе ў мінімальнай ступені. Паводле-ж пагляду пратаярэя Лукі Голада мовай рэлігійнага культу ў Царкве павінна быць царкоўна-славянская, а беларуская – мовай навучаньня й казаняў. Далей яшчэ шмат неспакою выклікала справа ўнезалежаньня Праваслаўнае Царквы ў ІІ Рэчыпаспалітай ад маскоўскага патрыярхату, пазытыўна ацэньваліся культурныя свабоды беларусаў у Латвіі. З мэтай унармаваньня праўнага становішча Праваслаўнае Царквы ў ІІ Рэчыпаспалітай сябры супольнае царкоўнае камісіі, што складалася з прадстаўнікоў Беларускага Нацыянальнага Камітэту ды Расейскага Народнага Аб’яднаньня ў Вільні выдалі мэмарыял з патрабаваньнямі як найхутчэйшага скліканьня Агульнапольскага Праваслаўнага Сабору на аснове выпрацаванага ў 1917-1918 г.г. на Ўсерасейскім Саборы ў Маскве статуту, вызнаньня аўтакефаліі абапертае на царкоўных канонах, апрацаваньня нутранога статуту ды вызначэньне абсягу дачыненьняў паміж Царквою й дзяржавай, выбару царкоўных зьверхнікаў прызнаньня царкоўных земляў за прыватную майнасць Царквы, дазволу на дзейнасьць брацтваў, парафіяльных радаў, а таксама скліканьне япархіяльных зьездаў згодна з пастановамі Маскоўскага Царкоўнага Сабору. У мэмарыяле было выказанае настаўленьне да дзейнасьці духоўных сэмінарыяў і павязанага зь імі школьніцтва, якое, паводле мэмарыялу, павінна быць падпарадкаванае Царкве, з прыймом роднае мовы (беларускае) за навучальную. Усё гэта мела-бы не дапусьціць да варожага настаўленьня “праваслаўнага народу” да аўтакефаліі. /…/

“Праваслаўна Беларусь” без адкладу паведаміла чытачоў праз зробленыя прыгатаваньні да стварэньня першае ў ІІ-й Рэчыпаспалітай у сутнасьці праваслаўнае беларускае партыі з нацыянальнай арыентацыяй, а ў чарговым 3-м нумары апублікавала ейны статут і праграму. З тае пары, хоць прынцыпова ўжо й спачатку, двухтыднёвік стаў ворганам Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднаньня.

Праграма новастворанае партыі ахоплівала найважнейшыя дзялянкі жыцьця: рэлігію, эканомію, асьвету, суд, войска, самаўрады, адміністрацыйны й карны апарат, прадстаўляла собскае палітычнае “credo”. У рэлігійным абсягу Аб’яднаньне выказвалася за свабоду сумленьня й веравызнаньня, ды адправаў, а таксама нутраное самакіраўніцтва веравызнаньняў, або ў дачыненьні да Праваслаўнае Царквы – сабору, як абгрунтаванае кананічным правам формы ўкладу ейнага самаўраду, адзьдзяленьне Царквы ад дзяржавы, што ня вылучала-б унармаваньня ўзаемных дачыненьняў на асновах канкардату, даньня Царкве права майнасьці й праўнае асобы.

За вядное палітычнае крэда партыя ўважала права кожнага народу да палітычнае й культурнае незалежнасьці, ды ў повязі з гэтым абгрунтоўвала барацьбу Аб’яднаньня за права беларускага народу на самавызначэньне, паглыбляньне ягонае нацыянальнае сьведамасьці праз аснованыя на хрысьціянска-дэмакратычных ідэях і беларускай народнай культуры формы арганізацыі культурна-палітычнага жыцьця. Адным з галоўных прынцыпаў Аб’яднаньня было імкненьне да неабмежаванае свабоды й фактычнае роўнасьці ў вабліччы права ўсіх нацыянальнасьцяў, а таксама змаганьне супраць усялякіх праяваў нацыянальнага ціску. Аб’яднаньне весьціла свабоду слова, друку, сходаў, арганізацыяў і таварыстваў, прафэсыйных зьвязаў, права на карыстаньне роднай мовай у Царкве, судах, школах, у грамадзкім і палітычным жыцьці. 

Найбольш увагі ў праграме праваслаўнае палітычнае партыі было прысьвечана эканамічным пытаньням: праву на майнасьць, зямлі, прыродным багацьцям, пасьляваеннай адбудове, падаткам, работніцкім справам, каапэрацыі. /…/

У галіне асьветы партыя выстаўляла патрабаваньні абавязкавага бясплатнага агульнага навучаньня на ўзроўні пачаткавае школы на роднай мове, свабоднага дзеяньня прыватных школаў зь іхным правам на дзяржаўнае падтрыманьне, а таксама беларускіх настаўніцкіх сэмінарыяў, гімназыяў ды ўнівэрсытэту. Дамагалася выкладаньня рэлігіі як у дзяржаўных, гэтак і ў прыватных школах на роднай мове, павялічэньня ліку сельска-гаспадарчых школаў.

У судовай галіне партыя выказвалася за незалежнасьць судоў, выбарнасьць судзьдзяў і лаўнікаў /…/ за забарону палявых судоў і сьмяротнае кары. /…/

Стварцамі статуту Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднаньня (ды, тэба дапушчаць, і праграмы) былі згуртаваныя ў ініцыятыўнай групе сэнатары Вячаслаў Багдановіч і Аляксей Назарэўскі, а таксама пратаярэй Лука Голад – рэдактар часапісу.

Апрача ранейшага адлюстраваньня дзейнасьці Праваслаўнае Царквы ў Літве, дзе жыло каля 30,000 ейных вернікаў, “Праваслаўная Беларусь” апісвала таксама дзейнасьць Царквы ў Латвіі, дзе яна існавала на правох аўтаноміі. Апеку над ёю й 167,538 ейных вернікаў выконваў латыш з паходжаньня архіяпіскап Іаан. Сярод праваслаўных вернікаў лікам пераважалі расейцы, другое мейсца паводле колькасьці займалі латышы, і на трэйцім былі беларусы. Раўнуючы да прыбалтыцкіх краінаў становішча праваслаўя ў ІІ Рэчыпаспалітай было найгоршае, красамоўным сьветчаньнем чаго была публікацыя Аргуса з камэнтарам В. Васілевіча (Аргус. Праваслаўны Сабор у Беластоку., “П.Б.”, 1927, нр. 3, 11-12 б.; В. Васілевіч. Чырвоная рабіна., “П.Б.”, 1927, нр. 4, 6-7 б.). Выраслая на мейсцы зруйнаванага праваслаўнага Сабору ў Беластоку чырвоная рабіна стала ў камэнтары сымбалям “крэсовае” палітыкі польскае дзяржавы, што дыскрымінавала іншыя народы, веравызнаньні й нацыянальныя меншасьці.

Яшчэ больш выразным выявам тае палітыкі стала “архірэйская турма”, што знаходзілася 10 вёрстаў ад станцыі Нясухойжы каля Ковеля на Валыні ў Меляцкім манастыры. У адной зь ягоных келіяў за рэлігійныя перакананьні шэсьць год быў вязьням архіяпіскап пінскі й наваградзкі Панцялейман (пазьней, у 1941-1946 г.г. галава ПБАЦ – Рэд.), адзін зь некалькіх царкоўных кіраўнікоў (між імі былі архіяпіскапы Яляўхверы, Уладзімер і Сяргей) , якіх за выступы ў абароне кананічнасьці праваслаўя польскія ўлады зьнялі зь іхных пасадаў, што абурала нават палякаў-каталікоў (В. Багдановіч. Архірэйская турма., “П.Б.”, 1927, нр. 4, 7-9 б.). Нечаканым вытням праваслаўным вернікам у ІІ Рэчыпаспалітай была “рэарганізацыя” ўвосені 1922 г. Праваслаўнае Сэмінарыі ў Вільні. Пачалася яна арыштам уначы з 13 на 14 кастрычніка 1922 г. архіяпіскапа Яляўхвера, што фактычна ў ёй загадваў, і ейнага кіраўніка Вячаслава Багдановіча, пасьля чаго абодвы былі вывезеныя ў Кракаў, у ваколіцах якога архіяпіскап Яляўхвер быў увязьняны ў каталіцкім кляштары камэдулаў. З тае пары сэмінарыя праходзіла паступовае “ўдзяржаўляньне”. 28 чырвеня 1923 г. Міністэрства Веравызнаньняў й Асьветы зьвярнулася да архіяпіскапа Хвядоса з прапановай нр. 4722, абяцаючы, што ўрад “будзе выплачваць адпаведнай колькасьці прафэсараў сэмінарыі заработную плату”, з умовай, што “ў Віленскай Сэмінарыі дзяржаўную мову трэба ў прынцыпе паступова браць на ўвагу як дзяржаўную”. Гэтае патрабаваньне спрычынілася да таго, што абавязкавая да тае пары беларуская мова навучаньня была зьмененая на “мову дзяржаўную”, а лік вучняў у сэмінарыі зьменшаў з 350 у 1922 г. да 5-6 ў першай клясе ў 1927 г.

Патрыятычная дзейнасьць Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднаньня й ягонага воргану “Праваслаўная Беларусь” выклікала нятолькі атакі польскіх правых сілаў, але й спробы правакацыі. Польская манархістычная газэта “Slowo” знаходзіла ў ёй ўплывы “бальшавізму” ды “Чычэрынавых інсьпірацыяў” (Чычэрын – нарком замежных справаў СССР – Рэд.). Партыю заатакавалі нахабным спосабам за падтрымоўваньне карыстаньня царкоўна-славянскай мовай у літургіі, а таксама за адмову вызнаць некананічную аўтакефалію. ПБДА у гэтай справе была згодная йз пазыцыяй патрыярха Ціхана, які пісаў: 

“Сьвяшчэнныя каноны нашай царквы прэдугледжваюць аўтакефалію для “асобных самастойных” народаў. Калі-б польскі народ, атрымаўшы нядаўна суверэннасьць, быў праваслаўны і прасіў-бы аўтакефалію для сябе, то мы-б яму ў гэтым не адмовілі. Але даваць аўтакефалію разнапляменным праваслаўным, пражываючым у межах польскай дзяржавы на становішчы рэлігійных і нацыянальных меншасьцяў, нам ня дазваляюць ні здаровы розум, ні сьвяшчэнныя каноны. Што магчыма, тое мы ўжо далі Польшчы, памясцовую (паместную) царкоўную аўтаномію”. (В. Багдановіч. Аўтакефалія., “П.Б.” 1927, нр. 5. 5 б.). 

Асаблівую актыўнасьць часапіс выявіў падчас выбарнае кампаніі ў сойм і сэнат. Пачаў ён яе ў шостым нумары за 1927 г. публікацыяй артыкулу “Пачатак выбарчай кампаніі”, /…/ а таксама падпісанае Ф. Ярэмічам, В. Багушэвічам, Я. Пазьняком, В. Рагулям, Ю. Сабалеўскім, П. Карузам, А. Стэповічам, І. Куніцкім і Л. Голадам адозвы Цэнтральнага Беларускага Аб’яднанага Выбачага Камітэту. У тым самым нумары паведамлялася таксама праз узнаўленьне з 21 лістапада 1927 г. у Сьніпскай царкве ў Вільні душпастырскае дзейнасьці сьвятара Аляксандра Каўша, пасьля ягонага арышту ў справе Грамады й забароны служыць.

Прыйнятая 28 сьнежня 1927 г. прадстаўнікамі беларускіх партыяў і арганізацыяў на зьезьдзе ў Вільні платформа Цэнтральнага Беларускага Аб’яднанага Выбарнага Камітэту Блёку Нацыянальных Меншасьцяў абыймала праграму-мінімум, /…/ што ў прынцыпе была згодная з праграмай ПБДА. /…/ Ад 1 студзеня 1928 г. “Праваслаўная Беларусь” выходзіла тры разы на месяц, а ейная рэдакцыя перабралася на вул. Гэтманскую 4/16.

Паўстаньне Блёку Нацыянальных Меншасьцяў зь вялікай рэальнай сілай у выпадку выбараў ўстрывожыла санацыйныя ўрадавыя колы. Узмацнелі рэпрэсыі ў дачыненьні да ўдзельнікаў зьезду Цэнтральнага Беларускага Аб’яднанага Выбарчага Камітэту. /…/ Быў таксама сканфіскаваны 4 (10) нумар “Праваслаўнае Беларусі”. /…/ Наўсуперак, аднак, у чарговых адозвах, у тым ліку ад Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні, на бачынах часапісу зьмяшчаліся заклікі да ўсіх беларусаў, што ў міжпартыйным змаганьні ня страцілі іхнага “нацыянальнага духу, ані агульналюдзкога маральнага пачуцьця”, нагадваючы, што ў папярэдніх выбарах у 1922 г. беларусам удалося паслаць у сойм і сэнат ажно 14 іхных прадстаўнікоў.

Амаль да палітычнага скандалу з пазнакамі рэлігійнае дыскрымінацыі вырасла публікацыя ў часапісе “Праваслаўная Беларусь” артыкулу Яна Гаротнага “Навадворская Царква” (“Пр. Б.”, 1928, нр. 5, 8-9 б.). Аўтар пісаў у ім праз звыш 6-ці гадовае змаганьне беларускага грамадзтва з Новага Двара за ягоную царкву, што была адабраная бязьмерна брутальным спосабам. /…/ З тае пары, ня гледзячы на ўсялякія высілкі, 1800 вернікаў былі пазбаўленыя іхнае сьвятыні. Працягам 6-ці год яна дазнавала паступовага спусташэньня: мяйсцовы каталіцкі ксёндз зьняў зь яе купал, разбурыў іканастас. Прырода скончыла далейшае руйнаваньне.

Выбары ў сойм і сэнат 4 і 11 сакавіка 1928 г., ня гледзячы на розныя круцельствы /…/, скончыліся посьпехам левых. /…/ Ізь сьпіску Блёку Нацыянальных Меншасьцяў беларусы выставілі чатырох кандыдатаў на паслоў у сойм: Фабіяна Ярэміча, Паўла Карузу, Альбіна Стэповіча й Канстанціна Юхневіча, ды двох: Вячаслава Багдановіча й Васіля Рагулю на сэнатараў. /…/ Тры мандаты беларусы здабылі йзь сьпіску КПЗБ – Работніцка Сялянскага Блёку ў наваградзкім павеце. Атрымалі гэтыя мандаты: Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік і Аляксандар Стагановіч, што сьледам стварылі Беларускі Сялянска-Работніцкі Пасольскі Клюб “Змаганьне” (1928-1930). Неўзабаве да клюбу далучыліся Флягонт Валынец, выбраны йзь сьпіску Янкі Станкевіча (Беларуская Сялянская Партыя) і Янка Грэцкі йзь сьпіску Сяль-Роб, а пасьля арышту ў чырвені 1928 г. А. Стагановіча ягонае мейсца зайняў Павал Крынчык

Часапіс “Праваслаўная Беларусь”, ня гледзячы на характарны большасьці беларускіх пэрыёдыкаў у ІІ Рэчыпаспалітай кароткі час ягонага выхаду ў 1927-1928 г.г., згуляў вялікую ролю ў разьвіцьці беларускае нацыянальнае думкі сярод праваслаўных вернікаў. Гэта быў другі праваслаўны часапіс у ІІ Рэчыпаспалітай і першы ворган першае беларускае праваслаўнае партыі – Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднаньня. Ён выказваў грамадзкія й палітычныя думкі Аб’яднаньня, наважна змагаўся за беларускія нацыянальныя інтарэсы, а таксама адзначаў асягненьні й паразы беларускага нацыянальнага й рэвалюцыйнага руху, выявам чаго стаў судовы працэс Беларускае Сялянска-Работніцкае грамады. Не зважаючы на ягоную агульнабеларускую й агульна-хрысьціянскую арыяентацыю, ён захоўваў выразна талерантны характар, у выніку чаго партыя, якую ён рэпрэзэнтаваў лёгка дамаўлялася зь іншымі беларускімі партыямі, у тым ліку й з каталіцкай Беларускай Хрысьціянскай Дэмакрацыяй. Часапіс быў прыхільна настаўлены да левых дзеячаў, асабліва былых грамадоўцаў, хоць і ня быў згодны йзь зьменамі ў Савецкім Саюзе, галоўным чынам у справах калектывізацыі й рэлігіі. Ськіраваны супраць заможных клясаў, паводле ягонае праграмы ён набліжаўся да лявіцы, за што трапляў пад напады з боку правых. У ягоных публікацыях ён асьцерагаў перад ростам італьянскага фашызму й небясьпекай пачатку новае вайны, а дзейнасьцяй на нацыянальнай ніве зрабіў уплыў на зьяўленьне новых беларускіх праваслаўных часапісаў.

У міжваеннай пары пад канец 20-х і ў 30-х гадах у ІІ Рэчыпаспалітай у Вільні выходзілі наступныя беларускія праваслаўныя часапісы: “Народная Ніва” (1928), “Беларуская Зарніца” (1928-1929), “Сьветач Беларусі” (1930-1933, 1936), “Голас Праваслаўнага Беларуса” (1931-1932), “Царква і Народ” (1932-1933), у Варшаве – чатырохмоўны, у тым ліку й пабеларуску часапіс Гуртка Праваслаўных Тэалёгаў – студэнтаў Варшаўскага ўнівэрсытэту “Путь Правды” (1930-1934), а таксама дадатак для дзяцей да царкоўнага часапісу “Слово” – “Снапок” 1937-1938). З праваслаўнай хрысьціянскай традыцыяй, хоць і ў іншым аспэкце былі зьвязаныя віленскія аднаднёўкі “Проч з Ліхазельлем” (1930) і “У Імя Праўды” (1930) Сяргея Сарокі. Сярод усіх іх, часапіс “Праваслаўная Беларусь” быў важным этапам у разьвіцьці праваслаўнае Беларускае хрысьціянска-дэмакратычнае думкі.

Юры Трачук “Slavia Orientalis”, том XXXVIII, нр. 3-4, год 1989

Пераклад з польскае мовы Юркі Васілеўскага.

 

Болей навін