Адваката Севярынца і Дашкевіча пазбавілі права абараняць. Сапелка: Ініцыятывы сыходзіла ад старшыні КДБ

04 сакавіка 2011 11:53  |  Галоўныя навіны

Рашэннем прэзідыума Павел Сапелка выключаны з шэрагаў Мінскай калегіі адвакатаў.Такое рашэнне прэзідыум Мінскай гарадской калегіі адвакатаў прыняў пад ціскам Мінюста. Сапелка: «Калі гэта рашэнне маіх калег, то я не хачу працаваць у складзе такой калегіі». Сапелка перажывае за сваіх падабаронных: «Я не зусім упэўнены, што змагу дапамагчы ім знайсці замену сабе».

 

3 сакавіка на пасяджэнні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў разглядалася прадпісанне Міністэрства юстыцыі ў дачыненні да адваката Паўла Сапелкі. Пасля месяца супраціўлення адвкатаў зламалі.

 

Зараз займацца адвакацкай дзейнасцю зараз ён не зможа. Згодна з «Законам аб адвакатуры», адвакацкая практыка павінна адбывацца толькі ў складзе калегіі.

 

У крымінальных справах па падзеях 19 снежня Павел Сапелка абараняў лідэраў БХД Паўла Севярынца і “Маладога Фронту” Змітра Дашкевіча, а таксама былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Такім чынам, тры гэтыя лідэры апазіцыі застаюцца без адваката.

 

Сапелка быў шанаваным спецыялістам. Ён уваходзіў у склад прэзідыума гарадской калегіі адвакатаў. Як паведамляе сайт праваабаронцаў «Вясна», «Павел Сапелка на працягу многіх гадоў сумленна абараняў у судах многіх палітвязняў. Ён удзельнічаў у крымінальных справах з разраду гучных, пра якія ведаў увесь свет. Так, напрыклад, менавіта яго падабароннымі былі Мікола Аўтуховіч і сябры незарэгістраванай арганізацыі назіральнікаў «Партнэрства».

 

Нагадаем, у канцы снежня Мінюст убачыў «грубыя парушэнні правілаў прафесійнай этыкі» ў дзеяннях некаторых адвакатаў, якія абараняюць удзельнікаў акцыі 19 снежня.

 

Кіраўніцтву Мінскай гарадской калегіі адвакатаў было зроблена прадстаўленне з патрабаваннем прыняць неадкладныя меры да безумоўнага выканання адвакатамі Правілаў прафесійнай этыкі і заканадаўства. Аднак прэзідыум калегіі спачатку не ўбачыў падстаў для прымянення якіх-небудзь санкцый у дачыненні да адвакатаў.

 

Аднак пазбаўленне ліцэнзій чатырох адвакатаў паўздзейнічала. 3 сакавіка рашэнне па Сапелку было прынятае такім, якім яго хацела ведамства невыязнога міністра Галаванава.

 

За расправай з адвакатамі палітвязняў праглядаецца жаданне запалохаць, каб адвакаты ўвогуле баяліся палітычных справаў як агню. Каб баяліся брацца за абарону палітвязняў ад пачатку.

 

Тады спецслужбы маглі б навязваць палітвязням (і ў кожным іншым «патрэбным» выпадку) дзяржаўнага, абыякавага ці «патрэбнага» адваката.

 

1 лютага Рада калегій адвакатаў Еўропы заклікаў міністра юстыцыі Беларусі Віктара Галаванава «гарантаваць прынцыпы незалежнасці прафесійных асацыяцый адвакатаў і непрадузятасці дысцыплінарных разбораў».

 

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», адвакаты і праваабронцы розных краін Еўропы збіраюць сродкі для тэрміновай дапамогі сваім беларускім калегам.

 

У інтэрв’ю Радыё «Свабода»  Павел Сапелка заявіў, што ініцыятыва сыходзіла ад старшыні КДБ і Мінюста. Ён не хоча каментаваць рашэння прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, пакуль не атрымаў дакумента на рукі. Сапелка заявіў, што наўрад ці будзе аспрэчваць рашэнне прэзыдыума калегіі: «Калі гэта рашэнне маіх калег, то я не хачу працаваць у складзе такой калегіі. У любым выпадку я застаюся юрыстам».

 

Рашэнне відавочна звязана з абаронай Сапелкам палітвязняў Севярынца, Дашкевіча, Саннікава.

 

У той жа час ў паведамленні, размешчаным на сайце Міністэрства юстыцыі, кажацца, што Павел Сапелка выключаны з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў (МГКА) за парушэнне патрабаванняў Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і правілаў прафесійнай этыкі адваката. Мінюст з цынызмам заяўляе, што Сапелку выключылі з калегіі адвакатаў за «незабеспячэнне абароны абвінавачаных».
Паведамляецца, у прыватнасці, што пры разглядзе матэрыялаў праверкі ў дачыненні да адваката юрыдычнай кансультацыі № 2 Савецкага раёна Мінска Паўла Сапелкі на пасяджэнні прэзідыума МГКА 3 сакавіка «устаноўлена, што Сапелкам дапушчаны шэраг парушэнняў патрабаванняў Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, Правілаў прафесійнай этыкі адваката, а таксама рашэнняў органа адвакацкага самакіравання.
Дапушчаныя парушэнні выказаліся ў няяўцы па выкліку органа, які вядзе крымінальны працэс, для ўдзелу ў следчым дзеянні па крымінальнай справе і незабеспячэнні абароны абвінавачаных, а таксама ігнараванні рашэнняў кіраўніцтва калегіі і праяве тым самым непавагі да органаў адвакацкага самакіравання», — гаворыцца ў паведамленні.

 

Сапелка перажывае за сваіх падабаронных: «Я не зусім упэўнены, што змагу дапамагчы ім знайсці замену сабе, я не ўпэўнены ў тым, што ў цяперашніх умовах хтосьці са знаёмых мне адвакатаў будзе гатовы заняцца гэтымі справамі».

Болей навін