Стомленыя

12 сакавіка 2011 22:51  |  Блог Галіны Каржанеўскай

У лютым нам пашанцавала: можна было ўключаць беларускія каналы без насярожанасці, без страху атрымаць на галаву чарговы цабэрак пагроз і абраз. Быў момант перадышкі: “убыла” на адпачынак цэнтральная фігура беларускай улады. Той, хто атруціў сваім негатывам не толькі апошнія гады і месяцы нашага жыцця, але і законны вечаровы адпачынак перад тэлевізарам.

Некалькі разоў ён мне нават сніўся – нахмураны, нядобры. У сне я з ім спрачалася: спрабавала давесці, што матэрыяльнае – не галоўнае, што вельмі важна, як мы адчуваем сябе м а р а л ь н а.

Якраз да матэрыяльнага аднойчы звялася гаворка на так званым “Адкрытым фармаце”. Аказалася, што такое шырокае паняцце, як нацыянальныя інтарэсы, успрымаецца ідэолагамі, як дабрабыт народа. Не больш – не менш. Кароткім радком прайшло з водгукаў-каментарыяў: “Чаму не гавораць пра культуру?” А таму, што культурны пласт у нашых кіраўнікоў тонкі. Як першы лёд на восеньскіх лужынах. Можна гадамі праводзіць такі паслядоўны “ненатуральны” адбор ва ўладныя структуры, што выведзецца новая элітная парода людзей – без годнасці і сумлення. Усё роўна што дойныя каровы без малака.

Можна трымаць з горам папалам эканоміку – і звесці на нішто спрадвечныя духоўныя каштоўнасці. Вось вам прыклады стаўлення да нацыянальнай культуры.  У Мінску зліквідоўваецца бібліятэчны калектар, які распаўсюджваў па бібліятэках прадукцыю мясцовых выдавецтваў. 70 год ён працаваў і быў прыбыльным, але з цягам часу стаў падраздзяленнем “Белкнігі”. Кажуць, там цяпер кіруюць адстаўнікі, вялікія спецыялісты кніжнай справы… Акрамя таго, не выключана, хтось паклаў вока на памяшканне ў цэнтры горада. Затое Магілёўскаму аблсаюздруку ўсе астатнія “друкі” зайздросцяць: кажуць, што “падняўся на алкаголі”. Яшчэ б не падняцца! На алкаголі кожны расце, як грыб на кучы гною. Дазвольце спытацца: пры чым тут беларуская кніга?!! 

За што ні возьмуцца, зробяць фармальна і непрафесійна. Як мінулы перапіс насельніцтва. Не камплексуйце наконт стаўлення да роднай мовы: многія студэнты-перапісчыкі свае птушачкі ставілі “ад балды”. Мне наогул пытанняў па мове не задалі (а іх было, нагадаю, чатыры.). Назаўтра, апамятаўшыся, я пабегла на свой участак праверыць, што яны там адзначылі. Праверыла і заадно паскардзілася. Бо дзеўчынёхі што “ўгадалі”, а  што і не. Ім жа цяжка было папытацца, ці гавару я на мове дома. І няўжо ж такі цуд здарыўся толькі са мной? 

Хто мае аргументы супраць эканамічных санкцый з боку Захаду – каб простыя людзі не пацярпелі, не ўлічвае двух момантаў. Першы: ёсць каштоўнасці вышэйшага парадку, якія можна адстаяць толькі перажыўшы страты і нягоды. І другі: хіба народ такі ўжо невінаваты, калі маўкліва згаджаецца з беззаконнямі? Згадаем такое паняцце, як “святая злосць”. Як пісаў Васіль Быкаў, “не пасварыўшыся, нічога не даб’ешся”. Хто чытаў “Знак бяды”, памятае, як паводзіў сябе з немцамі Пятрок і якія планы наконт іх мела Сцепаніда.

Кідайце свае баршчы, Сцепаніды! Галодны мужык лягчэйшы на пад’ём. Яркі доказ таму – “беспарадкі” ў Егіпце. Не зламаўшы старое, новае не збудуеш. Злом – такі ж неабходны і заканамерны працэс, як і будаўніцтва. Два тыдні кіпела ад гневу плошча ў Каіры. Пралілася кроў. Боязна было, што народ не вытрымае, адступіцца, сыдзе… Ці яшчэ горай – пастраляюць. Бо ў нас за тры гадзіны, праведзеныя на плошчы, хапалі і білі па галовах.

30 год нястомна нёс Мубарак шапку Манамаха, а тут за два тыдні нарэшце  “стаміўся” і дазволіў сабе прыняць адзіна правільнае рашэнне.

Знаходзяцца выразныя аналогіі. Адзін зліквідаваў пасаду віцэ-прэзідэнта, як толькі з яе перайшоў у прэзідэнты,  другі — пад сябе перапісаў галоўны закон,  з якога, разам з іншым, прапала палажэнне пра недатыкальнасць кандыдатаў. Адпомсціўшы апанентам і вельмі стомлены, падаўся аднавіць сілы ў Сочы. Так што ў нас у лютым было ажно дзве радасці: адзін часова знік з экранаў, другі – адрокся ад улады.  На валаску вісіць трэці — Каддафі. Як слушна заўважыў адзін расійскі пісьменнік, чым даўжэй трымаецца за ўладу правіцель, тым цяжэй народу з гэтага выйсці, тым драматычней і крывавей дыктатура заканчваецца. Мы ж бачым, што адбываецца ў Лівіі. А ў Каддафі, між іншым, нават няма афіцыйнай пасады – і не прэзідэнт, і не прэм’ер…

Любому чалавеку, а тым больш  “лідэру нацыі” непажадана настойваць на сваіх памылках. Змушаць ілжыва сведчыць сілавікоў, дурную работу рабіць следчых, падстаўляць суддзяў – неразумная і небяспечная справа.  Абняславіліся на ўвесь дэмакратычны свет, дык майце мужнасць прызнаць:  ну, далі маху, дарма столькі народу пахапалі. Ну, перабольшылі небяспеку “для Канстытуцыі”. Яшчэ не раз можна паправіць яе ў патрэбным кірунку. Але перш адпусціце арыштаваных. Калі хтось на мітынгу стукаў па шчытах, то ў шчытоў ад гэтага не з’явіліся гематомы.

Мы, грамадзяне, таксама стаміліся. Стаміліся ад татальнай хлусні з экранаў і газет, ад бяспраўя, ад здзеку з законаў і здаровага сэнсу. І на дне нашай стомы, як гром у хмары, спее рашучае “не”.

Болей навін