“Ты – боль, паэзія…”
Усіх нас даўно паставілі перад пытаннем: ”З кім ты?”, усіх прымусілі зрабіць грамадзянскі выбар. Жывую рэчку падзялілі на два рэчышчы, сяброў і таварышаў развялі па розныя бакі бар’еру. Некаторыя мае аднагодкі робяць выгляд, што мяне не бачаць, сустракаючы на вуліцы або ў транспарце. Такая рэальнасць. А з рэальнасцю, як вядома, трэба лічыцца…
У нашых сэрцах цяпер сапраўды многа болю. І для нашых унукаў толькі быллю, гісторыяй стануць калі-небудзь падзеі канца 2010 года. Сёння, у Міжнародны дзень паэзіі, я прапаную сябрам сайта нізку сваіх вершаў.
* * *
Каб рабства вытравіць,
не хопіць
І сарака пустэльных год.
Мой Богам кінуты народ
Мо дзвесце год
у цемры ходзіць.
А вынік? Ён несуцяшальны.
Гібеюць лепшыя сыны.
Наш лёс фармуюць не яны –
То бесхрыбетныя чыны,
То слабакі, то цемрашалы.
* * *
Лімонна-жоўтая палоска
На месцы тым,
дзе сонца села.
Яно высвечвала і грэла
Усё вакол па волі Боскай.
Яно – спакой наш вечаровы,
Калі так годна дагарае,
З вачэй знікае паступова,
Каб іншым выблеснуць
з-за краю.
Таму ў штодзённага захода
(Адно б зыходам не зрабіўся)
Няма ні кропелькі маркоты:
Глядзі, любуйся ды маліся.
* * *
Неяк мы дзіўна цяпер жывём,
Чэзнем у цэнтры Еўропы.
Цемра ўявіла сябе святлом –
Збілася, бедная, з тропу.
Улада, быццам атрутны грыб,
Сее распусту і шкоду.
Мы б даравалі мо ёй,
калі б
Гінула меней народу.
Што уратуе нашых мужчын?
Воля прапітая – з воску.
Вернецца горад, як блудны сын,
На пахаванне вёскі…
* * *
Шыя паэта згінаецца цяжка.
Хмеліць увага людская, як бражка.
Воплескі залы –
што мёдам па сэрцу,
Імі вялікая пыха куецца.
Не задаваўся б ты моцна, паэце!
Слаўных і вартасных многа у свеце.
Кожны,
каторы душою не сплеснеў,
Лірык таксама і здольны на песню.
Справа ўсялякая, ведама ж, мае
Тых, хто выдумвае, творыць, шукае.
Дык паважай ты іх болей, чым славу.
Будзеш тады на ўзвышэнні
па праву!
* * *
Памяці Максіма Танка
Калі засыхае галіна –
Балюча ўсяму дрэву.
Калі адмірае грыбніца –
Самотна ўсяму лесу.
Калі перакрыты мове
Усе кіслародныя шлангі –
Ніводзін на свеце хоспіс
Не прыме яе канаць…
ПРЫГАРАД
Па чыстаму полю
ідуць наўскасяк…
Куды гэта сцежкі пракладваюць людзі?
Дзе мы – там, баюся,
дабра і не будзе,
Ўсё будзе не тое
і, пэўна ж, не так.
Не тое начальства,
не тыя сябры,
Нягеглая пара, нялюбая праца.
Парожнія тыдні
па рэйках імчацца,
Ў нікуды сыходзіць жыццё
без пары…
* * *
Вы далёка, суседзі,–
як на іншай планеце.
Я не ведаю, хто вы
і як вы жывеце,
Дзе раслі-падрасталі,
ці далёка радня
І чаму за сцяною падчас
калатня.
Вы ў гняздзечку сваім
закапацца хацелі –
Ўсё адно на жыццёвых вятрах
акалелі.
І не кожны сагрэцца
той іскраю змог,
Што завецца Любоў
і якая ёсць Бог.
* * *
Лепей не валодаць,
чым згубіць.
Лепей адступіць,
чым заняволіць.
Лепей прыхапіць
чужога болю,
Чымся свой
на некага ўзваліць.
* * *
Зямля развесненая гэтая –
Як сірата неабагрэтая.
У смецці, ў леташняй траве
Яна ўспамінамі жыве.
Не верыцца, што будзе,
як заўжды –
Хрушчы і пчолы,
ліўні і лісты,
Стракаты чэрвень,
жнівень залаты…
Хвала табе, зямны кругазварот
З палоскаю сіроцтва
пасярод!