Cябры БХД ушаноўваюць памяць ахвяраў сталінізму
На Радаўніцу сябры і прыхільнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі збіраюцца ушанаваць памяць ахвяр сталінскага рэжыму ў Курапатах, а 9 траўня ў Курапатах адбудзецца экскурсія.
Па словах сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, былога кандыдата у прэзідэнты, з улікам рэлігійнай спецыфікі гэтага памінання памерлых, сябры БХД вырашылі не праводзіць ніякіх гучных акцыяў.
– Хрысціянскія дэмакраты сёння ў Мінску пойдуць у Курапаты, каб таксама ўшанаваць памяць загінулых там людзей. Імёны людзей, якія там расстраляныя нам невядомыя і гэта будзе наша даніна іх памяці. Кожны напэўна ў іншых гарадах будзе адзначаць гэты дзень па-свойму – мы не робім з гэтага асаблівае акцыі, таму што Радаўніца перад усім рэлігійнае свята, а значыць асабістае для кожнага чалавека і найперш яно павінна праходзіць у малітве і ушанаванні тых людзей што адышлі да Бога.
Па словах Віталя Рымашэўскага, уласна «Радаўніца» гэта праваслаўнае, паслявялікодняе памінанне памерлых, аднак сябры БХД лічаць любое памінанне памяці продкаў любой канфесіі вартым павагі і працягвання.
А сябры кампаніі “Пакаяньне” аргкамітэту БХД у панядзелак 9 траўня запрашаюць на экскурсію у Курапаты. Сустрэча ў 12:00 на прыпынку 53-га тралейбуса ля Катэдральнага сабору, што на Нямізе. Кантакты для даведак: 8 (029) 307-27-13.
9 траўня ў Беларусі адзначаецца Дзень Перамогі. У гэты дзень узгадваюць тых, хто загінуў на франтах Другой Сусьветнай Вайны ды падчас нямецкай акупацыі, а таксама закатаваных у канцэнтрацыйных лагерах. Але ў Савецкім Саюзе, у тым ліку ў Беларусі быў другі нябачны фронт – камуністычная рэпрэсіўная сістэма па зьнішчэньні ўласных грамадзянаў.
Згадайма, што Другая сусветная вайна пачалася ў 1939 годзе пасьля заключэньня пакта Молатава-Рыбентропа паміж нацысцкай Германіяй і СССР. Нацысцкі і бальшавіцкі рэжымы былі насамрэч братамі-блізьнятамі і шмат у чым вучыліся адзін у аднаго. Напрыклад, першы канцэнтрацыйны лагер у Менску стварылі зусім не фашысты, а бальшавікі – ў жніўні 1920 года.
Сімвалам камуністычных рэпрэсіў у Беларусі зьяўляецца ўрочышча Курапаты пад Менскам, дзе ў перыяд з 1937 па 1941 растраляныя па розных ацэнках ад 30 да 250 тысячаў чалавек. У дзень перамогі над фашызмам прапануем узгадаць таксама і ахвяраў камунізму, які чакае свайго Нюрэнберга.
Акрамя экскурсіі ў Курапатах у чацьвер 12 траўня будзе таксама паказаны “НКВД-Гестапа”, зьняты пры падтрымцы тэлеканала Белсат у 2009. Пачатак у 18-30 па адрасе пр.Машэрава, 8.
Паводле Радыё “Рацыі” і сайта “Пакаяньне”