Рэвалюцыя зялёнага змія. Памфлет.
У краіне рэзка падаражэла ўсё: што ў два разы, што ў пяць, а што і ў дзесяць. І толькі спіртное, другі наш хлеб, — на сціплыя 10%. Давайце ўявім, што бутэлька белай падскочыла ў цане да 40-50 тысяч і што з гэтага можа атрымацца.
Ля вінагарэлачных крамаў і аддзелаў зранку адбудуцца стыхійныя мітынгі не пахмеленых. Міліцыянтаў, што пастаўлены ахоўваць пункты, тут жа паб’юць і возьмуць у закладнікі. Самыя гарачыя і не зусім адпітыя галовы захочуць узяць паліцы штурмам. Далей – болей. Арганізм, атручаны шматгадовым злоўжываннем, падніме бунт і павядзе мужчын хоць куды – хоць на Дразды, хоць на мясцовую адміністрацыю. Пачнуцца такія любімыя ўладай вулічныя беспарадкі. Далучацца беспрацоўныя, лёгкая на пад’ём моладзь і футбольныя фанаты. Аднекуль возьмуцца не толькі сацыяльныя, але і палітычныя лозунгі. Неяк самі па сабе ўсплывуць у памяці зласчасныя выбары ды іх наступствы. Тэмпература пратэсту рэзка падскочыць угору.
Крэўна зацікаўленая армія будзе трымаць нейтралітэт – з надзеяй сэканоміць у будучым частку заначкі. Міліцыю кінуць на ахову спіртова-гарэлачных складаў. Жонкі інсургентаў падзеляцца на дзве групы. Тыя, што мужам налівалі, падтрымаюць іх: выйдуць на марш з пустымі каструлямі. Тыя, што беспаспяхова ваююць з зялёным зміем, будуць лічыцца “пятай калонай”.
Натоўп, самаарганізаваўшыся, выбера кіраўнічы штаб. Мысляры з інтэлігенцыі тут жа прапануюць новыя сцяг і герб: сцяг – зялёны з белым (гэта значыць змій з намёкам на каня), а герб – з вершнікам сярод пшаніцы. (Бо з канюшыны ды лёну яшчэ ніхто нічога талковага не выгнаў.) Увойдуць у моду зялёныя шалікі – тыпу як у “Беларусбанку”. Адбудзецца дыскусія адносна новага гімна: адны прапануюць вядомы хіт “Ой ты віно, гаркота…”, другія – народную песню “А я лягу, прылягу…” Пытанне застанецца адкрытым. Дэвізам стыхійнага руху выберуць слоган “Алкаголікі ўсіх краін, яднайцеся!”.
Сябры па няшчасці з Літвы і Польшчы папаўзуць да нас гужом цераз мяжу, а расейцы і ўкраінцы прыедуць на цягніках з цяжкімі сумкамі, з якіх будуць спакусліва вытыркацца родныя пробачкі. На спецаўтобусах падвязуць працверазелую і не менш агрэсіўную правінцыю. Па БТ зноў раскажуць, што ва ўсім вінавата заходняя прэса, якая раздзімае ажыятаж, і што ў крамах дастакова разнастайных якасных напояў на душу насельніцтва.
Усе сінюшныя з урада і парламента, патаемна радуючыся, пойдуць на саступкі сасмяглым братам-пралетарыям. Гэта будзе першая ў свеце рэвалюцыя пітушчых. Дэкрэт № 1 “Аб урэгуляванні цэн на спіртныя напоі” стане першым і апошнім дэкрэтам часовага ўрада. Рэвалюцыйны натоўп самараспусціцца і будзе доўга, шумна і зноў з беспарадкамі адзначаць сваю перамогу. Тады нарэшце з бункера, які ахоўвалі два верныя палкі спецназу, выйдзе Сам, і…
… “Досыць”, — кажу я сваёй багатай фантазіі. Бо рэчаіснасць даўно пераўзыходзіць самыя крутыя антыўтопіі. І ці тое яшчэ будзе?!