У Менску спынена знішчэнне архітэктурнага помніка (фота)
У Менску спынена правядзенне незаконных рамонтных работ ў доме па вуліцы Ленінградская 3, які ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Пра гэта прэсавай службе аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” распавёў жыхар дому Максім Гацак.
“25 кастрычніка у нашым доме нечакана распачаліся рамонтныя працы. У іх выніку у адной з кватэраў на першым паверсе з двух бакоў дому замест вокнаў з’явіліся дзверы, сама ж кватэра займела скразны праход. Але наш дом валодае статусам нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці і “ўсякія дзеянні, якія могуць прывесці да змянення каштоўнасці, недапушчальныя”. Параіўшыся з экспертамі, я вырашыў звярнуцца ў Міністэрства культуры і Менгарвыканкам”, – адзначыў ён.
З адказу з Мінкульту стала вядома, што рамонтныя працы незаконна праводзіла ТАА “Белмерыдыян”. У выніку прадпрыемству было прадпісана спыніць работы, атрымаць ва ўстаноўленым парадку дазвол на іх правядзенне, а таксама прыцягнуць да адказнасці вінаватых.
“Безумоўна, я рады спыненню работ. Разам з тым у мяне застаўся яшчэ шараг пытанняў. Прынамсі, што спрабуюць зрабіць у нашым доме, ці патрэбна на гэта згода жыхароў і да якой адказнасці прыцягнуць вінаватых? У сваёй заяве я прасіў прыцягнуць парушальнікаў да адказнасці паводле арт. 19.3. і 19.4. КоАП, але ў адказе з міністэрства пра гэта нічога не гаворыцца”, – падкрэсліў Максім Гацак.
Ён таксама распавёў, як у 2009 годзе, сабраўшы подпісы жыхароў дому, звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з нагоды размяшчэння ў доме кругласуткавага гульнявога клубу. У выніку клуб у доме быў зачынены.
Нагадаем, што 7 лістапада аргкамітэт БХД даў старт кампаніі Рада народных дэпутатаў, якая прадугледжвае, што актывісты, якія паводле афіцыйных вынікаў не ўвайшлі ў мясцовыя саветы дэпутатаў, самастойна зоймуцца мясцовымі праблемамі ў беларускіх рэгіёнах.