Беларуская глыбіня. Карані ў крыві
…корань зла знойдзены ўва мне.
Ёў 19:28
Лісты з ссылкі. Піша палітвязень, сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Расійскае сеціва, даступнае з майго польскага мабільніка, ніяк не можа разблытацца з беларускай назвай, у каторай не прастаўляюцца кропкі над «і»: «Ласасін».
«Магчыма, вы шукалі «асасін» — упарта паўтарае гугл па-расейску. Асасіны — банда наёмных забойцаў, адурманеных, здзічэлых, што здзяйсняюць жорсткую разню. Тысячы гадоў татарскія ды царскія. Крыжацкія ды казацкія, гестапаўскія ды бальшавіцкія асасіны наталялі гэтую зямлю беларускай крывёю. А Ласасін — маёнтак у Пружанскім раёне, дзе ў пачатку XVI ст нарадзілася маці Івана Жахлівага, і дзе ўлетку 1863 палеглі ў бакі сорак паўстанцаў Каліноўскага.
Пяць гадоў таму, на Полаччыне, мне давялося жыць ля развалінаў крэпасці Івана Жахлівага часоў Інфлянцкай вайны — і вось, пагружаюся яшчэ на паўсотні гадоў глыбей, спрабую разабрацца, дзе яно, беларускае дно, і на Пружаншчыне дакопваюся да Ласасіна, адкуль матуля таго самага Івана Васільевіча, Алена Глінская. Дачка вялікалітоўскага баярына з татарскага роду (чый продак на Ворскле ўратаваў Вітаўта), Васіля Глінскага, ды сербкі Ганны Яншыч.
Рыжавалосая «басурманка», як яе называлі, увяла ў Масковіі адзіную капейку (0,68 г срэбра, і вершнік з дзідаў — кап’ём), вынасіла і выхавала найстрашнейшага расейскага цара — і ўрэшце згарэла, атручаная ртуццю. Ці не адсюль, з бездані беларускіх балотаў, звярыная, крывавая, шалёная лютасць маскоўскага цара?
Жахлівае, народжанае Аленай Глінскай, вярталася ў Ласасін кожнае стагоддзе, з кожным новым прылівам гвалту з усходу, і здавалася, што за 300 гадоў край затапіла цалкам. Паміраючы, радзіма Алены здрыгалася адчайнымі закалотамі.
13 лютага 1863 паўстанцы Каліноўскага, узброеныя паляўнічымі стрэльбамі і косамі, без бою занялі Пружаны.
Месцічы віталі вызвольнікаў, акупанты паўцякалі. Але ўжо праз некалькі тыдняў, з прыбыццём карных войскаў, пачалося дзікае паляванне.
4 чэрвеня 1863 паўстанцкі атрад пружанскага шляхціца Фелікса Влодка (Шчаснага), у афіцыйных расійскіх дакументах названы «шайкай», уступіў у бой з царскімі войскамі на ўзлеску пушчы, ля Ласасіна. 40 каліноўцаў палеглі, Валер Урублеўскі з рэштай атраду здолеў вырвацца.
Над вялікай брацкай магілай вырас крыж. У 1933, за палякамі, тут усталявалі гранітны помнік. За саветамі — разбурылі. У 1989, у час беларускага адраджэння, з дапамогаю Пружанскага ПМК і Радыёзавода (якія, дарэчы, прыязджаюць па запчасткі на склад у Купліне) — аднавілі.
І вось у снежні 1991, праз паўтысячы гадоў пасля нараджэння Алены Глінскай, праз 428 гадоў пасля таго, як яе сын захапіў і зрабаваў Полацк, праз 128 гадоў пасля Каліноўскага тут жа, у Белавескай пушчы, дзе была галоўная стаўка паўстанцаў — імперыя, губляючы знакі ўлады, ад вайсковых базаў да тых самых маскоўскіх капеек, рассыпалася ў пыл.
Здавалася б, тутэйшая зямля так набрыняла гніллю тыраніяў і крывёю нявінных ахвяраў ды змагароў, што, апроч праведнікаў і волатаў духу, нікога іншага не тое што нараджаць — насіць ужо не зможа.
Але з чыёй крыві растуць карані тых беларускіх вайскоўцаў з бліжэйшага палігону, якія ўжо ў незалежным 1998 расстрэльвалі помнік паўстанцам (дзеля пацехі ці са злосці) з верталёта?
Чыя кроў карэніцца ў тых, хто абыякава трывае ў гэтых запаветных мясцінах вуліцы, названыя імёнамі забойцаў іхніх дзядоў. Помнікі катам, уладу праваслаўнага атэізму?
Чыя, скажыце, кроў напаўняе сэрца навучэнца Пружанскага сельгастэхніку, калісь участковага інспектара Пружанскага РАУС, а цяпер намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыкакама, палкоўніка Ігара Яўсеева?..
Глыбіні беларускай забыўлівасці, беларускага страху, беларускага грэху — гэткія ж невымерныя, як і бездань беларускага генія. Тыя, хто разбураў старажытнае Берасце, будуючы з цэглы храмаў крывавую крэпасць, і тыя, хто паляваў на каліноўцаў на Пружаншчыне, і тыя, хто асушаў беларускія балоты пад бункеры ды палігоны, намагаліся вырваць адусюль беларуса ўсяго.
Але як жа перапляліся ў кожным з нас крывыя карані зла са скрываўленым карэннем свабоды — як счапіліся, сцяліся, як рвуць, разрываюць кожнага тутэйшага!..
8 кастрычніка 2000 ксёндз Януш і бацюшка Уладзімір асвяцілі адноўлены пружанцамі і фундаваны Інай Кулей помнік паўстанцам — каменны, з «Пагоняй». Але дагэтуль назву Ласасін — тут ведаюць адзінкі.
А з беларускіх нетраў, з балотаў, сатлелых касцей і пераблытаных каранёў ціха растуць крыжы. Незнішчальныя крыжы — і на іх, аддаючы Сваю кроў за нашу абыякавасць, здраду і слабасць, расхінае прабітыя рукі і ўсё спрабуе абняць гэтую няшчасную краіну Бог.