Народны дэпутат з Рэчыцы: “Цвярозы погляд на прабему п’янства”
Рэчыцкі каардынатар БХД, народны дэпутат Аляксей Змушко ініцыяваў у сваім горадзе збор подпісаў у Рэчыцкі райвыканкам з прапановай пра аднаўленне практыкі забароны продажу алкагольных напояў і піва з 21-00 вечара да 8-00 раніцы.
Улетку і ўвосень гэтага году ў Рэчыцкім раёне на вечаровы, начны і ранішні час была забароненая рэалізацыя алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ў рознічных гандлёвых аб’ектах. Гэтую забарону працягвалі тройчы, але ў мінулым месяцы не працягнулі. Аляксей Змушко ў сваім блогу выказвае свае думкі на гэты конт:
“Час, як і належыць, паказаў – забароны працягваліся яшчэ тры разы. Людзі сталі прызвычайвацца і адаптавацца, хтосьці спрабаваў паспець да гадзіны Х, хтосці знайшоў альтэрнатыўныя крыніцы і адразу ішоў да “Бабы Дуні”, а хтосьці бавіў час у кавярнях і барах, што само па сабе вельмі нават добра (і выручка у апошніх вырасла, і за парадкам лягчэй сачыць). Але варта было толькі не працягнуць забарону на гандаль спіртным пасля 20.00, як у горадзе сталі з’яўляцца “Зомбі”, якіх асабліва добра было заўважна пасля 23.00. Як справы са статыстыкай траўмаў і зафіксаваных правапарушэнняў, я не ведаю, але думаю, яны таксама пайшлі ўверх.
Праблеме п’янства ў нашым рэгіёне мы з сябрамі, вылучаем нямала часу і шмат у чым падтрымліваем пункт гледжання начальніка Рэчыцкага РАУСа А. В. Сілкова і галоўнага урача УАЗ «РЦРБ» В.С. Васілевіча, але нельга і не пагадзіцца і з меркаваннем Паўла Севярынца і іншымі прыкметамі, што кажуць пра наўмыснае спаіванне беларусаў!”.