Удзельнікаў малітвы за Беларусь у Берасці выклікаюць у міліцыю на “гутарку”
30 лістапада некалькіх удзельнікаў штопятнічнай малітвы за Беларусь у Берасці выклікалі на “гутарку” у Ленінскі РАУС горада. Берасцейскія міліцыянты не могуць вызначыць, як кваліфікаваць малітвы па пятніцах: проста як сходы моладзі ці як несанкцыянаваныя акцыі.
Пра гэта прэс-службе БХД паведаміў берасцейскі абласны каарыднатар аргкамітэту Зміцер Шурхай. Яму міліцыянты патэлефанавалі а 22-й гадзіне вечара напярэдадні і запрасілі на “гутарку” а 10-й ранку, але ён без позвы не пайшоў.
Такія ж самыя тэлефанаванні, паводле Шурхая, былі і іншым удзельнікам малітоўных акцыяў. Зміцер распавёў, што напрыканцы апошняй малітвы ў пятніцу 25 лістапада, якая адбывалася каля помніка Афанасію Брэсцкаму, да іх падыйшлі міліцыянты, перапісалі дадзеныя некаторых удзельнікаў. “Відаць, зараз пачалі выклікаць па гэтым спісе,” – зрабіў выснову берасцейскі каардынатар БХД.
Пра змест гутракі ў РАУСе прэс-службе БХД распавёў берасцейскі сябра БХД Сяргей Максімаў, які сёння зраніцы пабываў у Ленінскім РАУСе Берасця:
“Выклікалі ў пункт міліцыі, і сталі распытваць пра пятнічную малітву. Сказалі, што ідзе праверка, ці ёсць парушэнне адміністратыўнага кодэкса. Яны быццам бы не ведаюць, як інтэрпрэтаваць гэтыя малітвы, як сход моладзі ці як незаконную акцыю. Але ж мы ніякіх палітычных лозунгаў і заклікаў не высоўвалілі, проста збірацца хрысціяне розных веравызнанняў ды моляцца за Беларусь.
Пыталіся, колькі людзей было, хто арганізатар, паказвалі фатаздымкі Шурхая, яшчэ некалкіх людзей. Я адказаў, што арганізатары мне невядомыя. На пытанне, ці ўсіх удзельнікаў будуць выклікаць, абяцалаі што маладых дзяўчатаў выклікаць не будуць.”
Нагадаем, малітвы за Беларусь у Берасці адбываюцца штопятніцу а 21-й гадзіне, у іх удзельнічаюць хрысціяне розных канфесіяў. Спачатку малітоўнікі збіраліся ля касцёла, а ў апошні раз – каля помніка Афанасію Брэсцкаму непадалёк ад правасаўнага кафедральнага сабору. У Беларусі падобныя малітоўныя акцыі штодня праходзяць а 20-й гадзіне ў Менску ля Чырвонага касцёла, а таксама перыядычна ладзяцца ў Віцебску, Горадні, Гомелі і іншых гарадах Беларусі, а з нядаўняга часу ў Варшаве і Вільні.