Знойдзены Буквар
На лаўку ля суседняга дома паклалі буквар. Яшчэ той, Клышкаў, 1994-га года выдання. Відно, што скарыстаны: вучыў якогась дзіцёнка пачаткам роднай мовы. Доўга праляжаў з часу выпускнога. Далей захоўваць не захацелі, але рука не паднялася выкінуць у сметніцу. Сонца беларушчыны, якое толькі высвеціла на небасхіле, пачало няўхільна заходзіць якраз у фатальным 1994-ым. Ну не грэла яно “ўсенародна абранага”! Не адчуваў яе сваёй. Ходзяць байкі, што зненавідзеў мову з-за таго, што яе ў школе выкладала цешча. Праўда ці не – хто ж ведае?
Як трэба не паважаць народ, які табе даверыў свой лёс, каб падагнаць пад сябе асноўны закон, каб шляхам маніпулявання грамадскай свядомасцю ўраўняць у правах дзве мовы – родную і суседскую. Дзвюм гаспадыням на адной кухні і то цяжка паладзіць, адну абавязкова адатруць ад пліты… На паперы — ўраўнялі, а ў рэальнасці – сваю загналі ў кут.
“Дазвольце мне, дзядзечка, у сваёй хаце пад лаўкай пераначаваць”… Хто з-пад лавы нерашуча падась голас пратэсту, тых проста праігнаруюць. А хто пасмее нязгоду з уладамі выказаць публічна, ды яшчэ на акцыю выйдзе, таго абылгуць, прыраўняюць да крымінальніка – зробяць ізгоем у сваёй краіне. Затое будуць трубіць па ТВ, што дзесь у Латвіі адкрылі беларускі клас і як РБ яму дапамагае. Альбо паказуху ўстрояць у Гародні з шэсцем у нацыянальных строях – пакажуць, як добра ў нас жывецца нацменшасцям. Хто б спрачаўся! Затое ўмудрыліся большасць, саму тытульную нацыю разам з яе элітай звесці на нішто.
“Дазвольце мне, дзядзечка…” Не дазволяць! На замшэлым – з душком – сайце з красамоўнай назвай “Імперыя” былі абнародаваны філалагічныя веды аднаго таварышча. Ён на поўным сур’ёзе сцвярджаў, быццам беларускі – гэта “искусственно придуманный полупольский язык», «интуитивно отторгаемый» з боку «прыродных» беларусаў.
А я думала, што мастадонты перавяліся, што невукі перасталі лезці ў пытанні, якіх не даганяе іхні клёк. На жаль – не! Як “прыродная” беларуска я катэгарычна сцвярджаю, што аўтар сайта па прозвішчу Астроўскі – форменны невук і цемрашал. І чаго здзіўляцца такім меркаванням, калі нават прэзідэнт — чалавек, абавязаны па сваёй пасадзе быць маральным аўтарытэтам нацыі, раз-пораз публічна выказвае недарэчнасці пра “адзіны народ”. Ау-у, кансультанты і свяцілы навукі! Давядзіце ўрэшце гісторыку па адукацыі, што не можа быць адзінага народа там, дзе розныя ментальнасці і розныя нацыянальныя характары.
Што ж атрымліваецца? Ён пад сябе хоча падагнаць усіх нас! Мы павінны размаўляць, як ён, падзяляць яго каштоўнасці і захапленні, раўняцца на яго культурны ўзровень, грэбаваць вызначальнай для развітай асобы якасцю – свядомасцю… І каб кожны хлапчук у якой-небудзь Германіі круціў пальцам ля скроні, даведаўшыся, адкуль мы?
Вясёленькая перспектыва!
І покуль мы адседжваемся і ціха сапём у надзеі, што ўсё абыдзецца, то з цягам часу і хату нашу могуць выкупіць разам з лавай. Або адбяруць за даўгі разам з зямельным участкам. А каб такія прагнозы не спяшаліся збыцца, знойдзены буквар я зберагу для ўнучкі. Бацькі ўжо шукаюць – і не знаходзяць – беларускі садок па месцы жыхарства.