Віталь Рымашэўскі. Байкот. За права людзьмі звацца
За гарачымі спрэчкамі адносна фармату ўдзелу апазыцыі ў «выбарах» застаецца па-за ўвагай адна акалічнасьць, якая нязьменна суправаджае ўсе «выбарчыя» кампаніі ў Беларусі апошнія 15 год. А менавіта: УЛАДЫ ГОНЯЦЬ БЕЛАРУСАЎ НА ВЫБАРЫ.
Грамадзянам нашай краіны ня проста прапаноўваюць прагаласаваць. Беларусаў гоняць на датэрміновае галасаваньне, завабліваюць на выбарчыя ўчасткі ў дзень «выбараў». Выкарыстоўваюць стратэгію «бізуна і перніка»: ня пойдзеш галасаваць — будзеш мець праблемы на працы, вучобе… Прыйдзеш на выбарчы ўчастак — атрымаеш сваю «чарку, скварку і вясёлую музыку». І для апазыцыі тут прапануюцца месцы, дакладней, ролі ў дзеі пад назвай «выбары-2012» — зазывалаў на народнае сьвята.
Наўрад ці такога стаўленьня заслугоўваюць людзі. Хутчэй, гэта норма стаўленьня да бяспраўнага быдла. Таму не прыйсьці на выбарчы ўчастак, адмовіцца ад «галасаваньня» для беларусаў — ня проста пытаньне вольнага выбару. Адмовіцца ад галасаваньня ў сучасных палітычных умовах — значыць адстаяць сваё права звацца свабодным чалавекам, адстаяць права для беларусаў людзьмі звацца.
Ад кампаніі да кампаніі з боку дэмакратычнай апазыцыі чуюцца аднолькавыя тэзісы пра неабходнасьць працы з тымі людзьмі, хто вагаецца, хто ня вызначыў сваё стаўленьне да ўлады. Пры гэтым ад кампаніі да кампаніі апазыцыйныя арганізацыі страчваюць лепшых сваіх актывістаў, расчароўваюць нават тых, хто выступае супраць Лукашэнкі. Згодна з сацыялягічнымі апытаньнямі, сёньня да апазыцыі залічваюць сябе больш за 30% грамадзян нашай краіны. Менш за палову зь іх падтрымлівае існуючыя дэмакратычныя рухі і партыі. Дэмакратычным лідэрам сапраўды трэба выйсьці з «дэмакратычнага гета».
Толькі найперш трэба ўсьвядоміць, што гэтае «гета» значна вузейшае за ўзгаданыя 30%. Сёньня гэтае «гета» абмяжоўваецца колам кіраўніцтва грамадзкіх арганізацый і партый. Іхнія інтарэсы і мэты ўсё часьцей разыходзяцца з мэтамі шараговых дэмакратычных актывістаў. Як можна пашырыць уплыў на частку грамадзтва, якая яшчэ не за перамены, страціўшы падтрымку нават тых, хто выступае супраць дзейнай улады?
Любая ўлада трымаецца на ляяльнасьці грамадзянаў. Ніводзін, нават самы жахлівы рэжым ня можа абысьціся без падтрымкі грамадзянаў, бяз згоды большасьці грамадзтва гуляць паводле навязаных правілаў. Да тых часоў, пакуль грамадзтва будзе прымаць гэтыя правілы — хто добраахвотна, хто пад прымусам альбо з-за ўласнай баязьлівасьці — ніякія зьмены да лепшага жыцьця немагчымыя.
Узровень гвалту і беззаконьня, што чыняць улады ў дачыненьні да простых людзей, наўпрост залежыць ад здольнасьці грамадзтва да супраціву, да самаабароны.
Плошча 2006 і 2010 году, маўклівыя акцыі пратэсту пацьвярджаюць, што ў беларусаў ёсьць запыт на палітычныя сілы, непадкантрольныя рэжыму, запыт на барацьбу. Гэтая прага справядлівасьці і свабоды, здольнасьць беларусаў да самаахвярнасьці — адзіны чыньнік, здольны зьмяніць краіну, адзіная надзея для Беларусі. Усё, што могуць зрабіць палітычныя і грамадзкія дзеячы сёньня, — паспрыяць узрастаньню альбо згасаньню гэтага чыньніка. Таму галоўнае ў беларускай палітыцы сёньня — даць адказ на пытаньне: «Што мы можам зрабіць, каб гэты рэжым сышоў, каб дамагчыся свабодных выбараў? Што можа зрабіць кожны канкрэтны чалавек, які сёньня гатовы змагацца?»
Супраціў — гэта, у першую чаргу, здольнасьць асабістага супрацьстаяньня рэжыму кожнага асобнага грамадзяніна краіны. Асноўная стратэгія негвалтоўнага супраціву — адмова падтрымліваць незаконную ўладу. Супрацьстаяньне пачынаецца з асабістага выбару, які аднойчы робіць кожны. Кампанія «Байкот» прапануе такі выбар зрабіць. Першы крок — адмовіцца гуляць паводле правілаў рэжымуў маючай адбыцца кампаніі, сказаць «не» ў адказ на запалохваньне па месцы працы ці вучобы і не галасаваць. Сьцьвердзіць, што беларусы ня быдла, а годныя свабодныя людзі. Для тых, хто гатовы да больш актыўнай дзейнасьці, кампанія «Байкот» прапануе далучацца да арганізацыі пікетаў і акцыяў, раздачы ўлётак. ( www.bajkot.info/)
Кампанія байкоту — гэта кампанія супрацьстаяньня. Наша галоўная мэта — аб’яднаць людзей у сумеснай барацьбе супраць дзейнага рэжыму. Тых, хто гатовы змагацца. Безумоўна, мы ня можам аб’яднаць тых, хто гэтага не жадае, хто спадзяецца на тое, што ўлада яго прылашчыць і пусьціць у парлямэнт.
У Беларусі ёсьць сіла, здольная дамагчыся пераменаў — актывісты дэмакратычных палітычных партый, грамадзкіх аб’яднаньняў і простыя грамадзяне краіны, якія не падтрымліваюць уладу. Яны нічога ня маюць ад закулісных гульняў прадстаўнікоў апазыцыі і ўлады. Але менавіта яны — аснова ўсіх палітычных кампаніяў год ад году. На іхнае меркаваньне павінны абапірацца лідэры партый і рухаў. Гэта менавіта яны — пачатак грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Пераважная большасьць гэтых людзей падтрымлівае ідэю байкоту. І голас гэтых людзей павінен быць вырашальным.
Кампанія байкоту разьлічвае на ўсіх тых, на кім усе гэтыя гады трымаліся кампаніі апазыцыі, тых, хто выходзіў на маўклівыя акцыі пратэсту, хто прагне зьменаў.
Будучыня краіны залежыць не ад палітычных лідэраў, не ад Лукашэнкі, а ад простых грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія не баяцца, якія сёньня гатовыя ўстаць на барацьбу. Будучыня Беларусі залежыць ад кожнага з нас!