500 подпісаў на дзень за адкрыццё беларуска-польскай мяжы
У нядзелю петыцыя ў падтрыманне малога памежнага руху (МПР) паміж Беларуссю і Польшчаю сабрала паўтысячы подпісаў. Гэта выкліканае амаль гадавою бяздзейнасцю беларускіх уладаў у справе рэалізацыі дамовы аб МПР. Усе дакументы гатовыя, а мяжа дагэтуль закрытая. Як толькі пад петыцый падпішуцца яшчэ 500 беларусаў, яе накіруюць у Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі.
Наконт Польшчы перадумалі
Каардынатар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Мастах Зміцер Кухлей стварыў інтэрактыўную петыцыю да ўладаў Беларусі, якая за дзень набрала 500 подпісаў.Петыцыя заклікае Адміністрацыю прэзідэнта нарэшце пачаць дзеянні для рэалізацыі дамовы аб малым памежным руху з Польшчаю. Усе подпісы пад неабходнымі дакументамі стаяць ужо больш за год, а руху няма. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка перад выбарамі 2010 г. паставіў подпіс пад законам аб ратыфікацыі дамовы аб МПР.
Пры гэтым запланаваны нашмат пазней МПР з Латвіяй пачаў працаваць 1 лютага 2012 г. А цяпер вядуцца размовы аб заключэнні падобнай дамовы з Літвою.
Праз мяжу без візы
Малы памежны рух з Польшчаю для 1,2 млн жыхароў Берасцейскай і Гарадзенскай вобласці значыць, што візы ім больш не спатрэбяцца. Замест іх прадугледжаная карта памежнага побыту коштам 20 еўраў, якая будзе дзеяць два або пяць гадоў. З польскага боку ў Беларусь без візы змогуць ездзіць 700 тыс. жыхароў 30-кіламетровай памежнай зоны. Беларуска-польскае пагадненне аб малым памежным руху – першая дамова такога кшталту, падпісаная Беларуссю з краінаю Еўразвязу.
Аўтар петыцыі даводзіць уладам, што МПР мае толькі станоўчыя бакі, таму трэба найхутчэй пачаць рэалізоўваць дамову:
«Актывізуецца эканамічная супраца паміж беларускімі і польскімі рэгіёнамі, ажывяцца кантакты мясцовых уладаў, зробяцца цяснейшымі сямейныя сувязі грамадзянаў абедзвюх дзяржаваў. МПР спрыяльна адаб’ецца на павелічэнні прыбыткаў прымежных рэгіёнаў, напаўняльнасці прыбытковай часткі мясцовых бюджэтаў, развіцці турызму, мадэрнізацыі ды выкарыстанні беларускай інфраструктуры».
Памежны рух – козыр Лукашэнкі
Прычыны зацягвання ажыццяўлення МПР з Польшчаю – дрэнныя палітычныя дачыненні паміж Беларуссю і Польшчаю, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.
«Гэтае пагадненне ёсць рычагом ціску, уплыву, картаю, якой Лукашэнка будзе гуляць: «вы няправільна паводзіцеся, таму я не буду ўводзіць пагаднення пра памежны рух». А з Латвіяй у нас канфліктаў няма, да таго ж мяжа нашмат меншая, чымся з Польшчаю, таму пагадненнем карыстаецца меншая колькасць насельніцтва. А з беларуска-польскага боку велізарная частка народу чакае ўвядзення МПР, і гэта добры рычаг», – кажа палітолаг.