Беларуская глыбіня. Паміж Каліноўскім і Дастаеўскім

30 ліпеня 2012 11:37  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

Ён ёсць мір наш, Які зрабіў з двух адно
і зруйнаваў перашкоду пасярэдзіне,
Скасаваўшы варожасць Плоццю Сваёю.
Да эфесцаў 2:14–15.

 

Ад радавога гнязда Дастаеўскіх, Дастоева на сённяшняй Берасцейшчыне, да колішняй сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы пад Свіслаччу — пара гадзін па-расейску хуткай язды, з усходу на захад. Можна дабрацца праз Куплін ды Пружаны. Можна — праз Жыровічы.

 

Акурат у Жыровічах, на паўдарозе паміж Каліноўскім і Дастаеўскім, у Свята-Успенскімстаўрапігіяльным мужчынскім манастыры, служыць былы дысідэнт, паэт і філосаф Алег Бембель, цяпер — інак Мікалай, аўтар глыбокага хрысціянскага эсэ «Дастаеўскі і Каліноўскі».

 

У перадсмяротным стане, з невылечнай язвай Алег Бембель на пару дзён прыехаў у Жыровічы. Пакаяўся, прыняў Бога, атрымаў ацаленне і застаўся тут на ўсё жыццё. Светлы, заўсёды ўсмешлівы, інак Мікалай цяпер паказвае заезджым наведнікам абіцель і наваколле. Піша хрысціянскія вершыпа-беларуску і рэдагуе 50-тысячную «Жыровіцкую абіцель», якая шырока раздаецца ў заходнебеларускіх прыходах. Адзін з такіх лісткоў — «Дастаеўскі і Каліноўскі» — пра два шляхі беларуса. Інак Мікалай упэўнены, што расейскі шлях Дастаеўскага, негвалтоўны шлях творцы і верніка, — слушны, а шлях «заходніка» Каліноўскага — змагара, які ўзяў меч паўстання і загінуў, — хай сабе гераічны, але памылковы.

 

Вядома, Дастаеўскі — наш.

 

Род Дастаеўскіх шляхецкага герба «Радван» бярэ пачатак з ХV ст. на Піншчыне.

 

У 1577 Стэфан Іванавіч Дастаеўскі, зямянін менскі, атрымаў ад свайго цёзкі караля Сцяпана Батуры прывілей на Менскі Узнясенскі праваслаўны манастыр на той самай Траецкай гары, дзе зараз Міністэрства абароны. Дзед Дастаеўскага Андрэй — аўтар «Пакаяннай Песні», апублікаванай у зборніку «Богагласнік».

 

Народжаны ў Маскве, у маладосці рэвалюцыянер, у 1849 прысуджаны да смяротнай кары за публічнае агучванне ліста Бялінскага (расстрэл заменены на зняволенне) — ужо на катарзе, чытаючы падоранае жонкамі дзекабрыстаў Евангелле, Дастаеўскі саспеў як вернік. Ягоная захапляльная блізкасць і зразумеласць для еўрапейцаў — вынік ментальнай ліцьвінскасці і ўсёй істотай перажытага хрысціянства. У «загадкавай расейскай душы», якую так любяць шукаць у прозе Дастаеўскага, калі прыгледзецца пільна, насамрэч прасвечвае беларуская глыбіня.

 

А беларус Кастусь Каліноўскі рэвалюцыянерам і загінуў. Навучэнец Свіслацкай прагімназіі і Піцерскага юрфака, стваральнік нелегальных гурткоў і рэдактар «Мужыцкай праўды», ён аб’язджаў мястэчкі ды вёскі, абвяшчаў: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа!» — і ўрэшце ўзначаліў паўстанне.

 

Каліноўскі, грэка-каталік, верыў у Бога, што адрознівае яго ад большасці рэвалюцыянераў і народнікаў ягонага часу, перакананых бязбожнікаў.

 

«Калі Сын Божы, прыйдучы на гэты свет, усталяваў праўдзівую веру і за гэтую веру трываў хросныя пакуты, то… для таго, дзеці, Бог Найвышэйшы трываў за нас, каб закон яго быў ужо вечны…» («Мужыцкая праўда»).

 

Так таемна супала, што год смерці Каліноўскага для Дастаеўскага стаўся ключавым. «У гэты год, — піша ён пра 1864, калі раптам памерла ягоная жонка, а потым і брат, — усё жыццё маё пераламілася папалам». Біёграфы сведчаць: узрушаны, Дастаеўскі менавіта з 1864 піша свае галоўныя, найглыбейшыя, сусветна вядомыя раманы — «Злачынства і пакаранне», дзе выяўляе псіхалогію зла, «Бесы» — прароцтва пра бездань камунізму, і «Братоў Карамазавых», калі ў трох братах разгортваецца ўвесь размах расейскай душы.

 

З аднаго боку, каліноўскае узброенае паўстанне, з іншага — дастаеўскае, сказанае праз Івана Карамазава: «Ніводная вышэйшая гармонія не вартая слязінкі дзіцёнка…».

 

Фёдар Міхайлавіч гана-рыўся сваім ліцвінскім паходжаннем. Каліноўскага наўпрост называюць адным з бацькоў беларускай нацыі.

 

Два беларускія шляхецкія роды. Два сыны ХІХ стагоддзя. Два геніі. Заходнік і ўсходнік. Уніят і праваслаўны. Правадыр партызанаў і пісьменнік. Незалежнік і манархіст. Аўтар «Лістоў з-пад шыбеніцы» і творца «Запісак з падполля».

 

Хто здольны прымірыць і з’яднаць гэтыя дзве ўспышкі беларускага духу?

 

Той, у Каго верылі абодва.

 

Той, Хто жыве і ў глыбока беларускім перажыванні Дастаеўскага, і ў балюча беларускай ахвярнасці Каліноўскага.

 

Хрыстос — самае Сэрца Беларусі. Ад пакутнай, самаадданай,па-евангельску светлай і наскрозь хрысціянскай гісторыі — да сымбаляў: бел-чырвона-белай Плашчаніцы Уваскрашэння, «Пагоні» з крыжом Еўфрасінні і гімнам «Магутны Божа». Без Хрыста беларускасць ператвараецца ў бессэнсоўны набор адметнасцяў. У форму без зместу. У нямое пытанне: «А… навошта?…».

 

Гэтак сама «дастаеўшчына», з якой вырваны Ісус, — псіхалагічная каламуць. Гэтак сама «каліноўскасць» і беларускі нацыяналізм без веры — відавочная недарэчнасць.

 

О, дваістая беларуская душа! Увесь час азіраецца, енчыць, кідаецца паміж Захадам і Усходам, вайной і мірам, пеклам і раем… Хто можа даць супакой і вярнуць цэласнасць гэтай блудніцы, гэтай пакутніцы?

 

Дастаеўскі сведчыў пра Збаўцу (найвялікшая беларуская місія!) для агромністай імперыі, якая забылася на Бога. Каліноўскі аддаў сваё жыццё за бліжніх, гэтай самай імперыяй прыгнечаных.

 

Але Дастаеўскі імперыю апраўдваў; Каліноўскі ж з ёю змагаўся.

 

Адкрыта, гвалтоўна выс-тупіць супраць гвалту — і загінуць. Або мяняць сэрца гвалтаўніка — і дзеля гэтага станавіцца на ягоны бок…

 

Прорва для беларускай душы, укрыжаванай паміж Дастаеўскім і Каліноўскім.

 

Тое, у чым яны не могуць пагадзіцца, — важна. Але Той, Хто іх аб’ядноўвае — важней.

 

За кім ісці беларусу?

 

За Каліноўскім? За Дастаеўскім?

 

За Тым, за Кім ішлі яны абодва. За Хрыстом.

Болей навін