Абмеркаванне праграмы БХД. Энергетычная бяспека

20 верасня 2012 11:17  |  БХД

Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з’ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.

 

Энергетычная бяспека

 

Хрысціянскія дэмакраты бачаць энергетычную бяспеку Рэспублікі Беларусь у некалькіх вымярэннях: эканамічным, палітычным і экалагічным.

 

Надзейнасць паставак энергарэсурсаў

У сітуацыі залежнасці Беларусі ад імпарту паліўна-энергетычнай сыравіны надзейнае, экалагічна нейтральнае і эканамічна мэтазгоднае энергазабеспячэнне з’яўляецца палітычным пытаннем першачарговай важнасці.

Энергетычная бяспека краіны ў значнай ступені залежыць ад вырашэння пытання паставак энерганосьбітаў. Хрысціянскія дэмакраты лічаць неабходным зменшыць рызыкі залежнасці нашай краіны ад імпарту энергарэсурсаў.

Дыверсіфікацыя маршрутаў дастаўкі і транзіту энергетычных рэсурсаў зменшыць залежнасць Беларусі ад аднаго пастаўшчыка і, адпаведна, звядзе да мінімуму звязаныя з гэтым патэнцыйныя рызыкі. Крыніцы атрымання і шляхі паставак паліўна-энергетычнай сыравіны павінны быць пашыраны.

Бяспека паставак энерганосьбітаў спрыяльна паўплывае на лібералізацыю унутранага энергетычнага рынку краіны і ўнутраныя цэны на энергію.

Хрысціянскія дэмакраты лічаць неабходным павялічыць супрацоўніцтва з Еўрасаюзам і суседнімі краінамі ў шматбаковых супольных ініцыятывах у сферы энергетыкі.

Энергетычнае партнёрства з дзяржавамі-пастаўшчыкамі і дзяржавамі-транзіцёрамі павінна быць інтэнсіфікавана праз далучэнне нашай краіны да агульнай энергетычнай палітыкі Еўропы. Рэалізацыя ў Беларусі канцэпцыі энергетычнай бяспекі “Усходняга партнёрства” дазволіць вырашыць шэраг экалагічных і эканамічных праблем краіны.

Пашырэнне інфраструктуры для транспамежнага гандлю электраэнергіяй, газам і нафтай станоўча паўплывае на развіццё энергетычнага рынку і цэнаў.

 

Мясцовыя крыніцы энергіі і энергаэфектыўнасць

Асновай энергетычнай бяспекі нашай краіны з’яўляецца выкарыстанне шырокага і сбалансаванага спектра розных відаў энергіі.

Павелічэнне ў энергабалансе краіны долі мясцовых відаў паліва і альтэрнатыўных крыніц энергіі дазволіць зменшыць залежнасць ад паставак энерганосьбітаў з іншых краін.

Узнаўляльныя крыніцы энергіі як мясцовыя віды энерганосьбітаў могуць зрабіць істотны ўнёсак у павелічэнне энергетычнай бяспекі і захаванне экалагічнай раўнавагі. Яны ствараюць шанцы для эканамічнага росту, развіцця інавацыйных тэхналогій і новых працоўных месцаў.

Ва ўмовах абмежаванага рэсурснага патэнцыялу Беларусі БХД бачыць неабходным павелічэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў на аснове навукова-тэхнічных дасягненняў.

Для павелічэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі і забеспячэння высокага ўзроўню жыцця грамадзян энэргаёмкасць нашай прамысловасці і сельскай гаспадаркі неабходна знізіць у два разы. 

У адпаведнасці з прынцыпам субсідыярнасці хатнія гаспадаркі, прадпрыемствы і мясцовыя супольнасці павінны граць большую ролю ў фармаванні контураў сістэмы энергазабеспячэння краіны.

 

Ядзерная энергія

У бліжэйшы час немагчыма адмовіцца ад выкарыстання ядзернай энергетыкі ў вытворчасці электраэнергіі ў Беларусі. Яна дазволіць зменшыць залежнасць краіны ад імпарту вуглевадародных энергарэсурсаў ад аднаго пастаўшчыка да таго часу, пакуль не з’явяцца ў дастатковым аб’ёме альтэрнатыўныя віды паліва і шляхі паставак энерганосьбітаў.

Пры гэтым для нас з’яўляецца прыярытэтам забеспячэнне максімальнага ўзроўню бяспекі АЭС і надзейнае захоўванне радыёактыўных адходаў.

 

Ахова навакольнага асяроддзя

Энергаэфектыўнасць, эканомія і выкарыстанне ўзнаўляльных альтэрнатыўных крыніц энергіі з’яўляеца асноўнымі задачамі нашай палітыкі ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.

Глабальная змена клімата з’яўляецца сур’ёзнай небяспекай для будучых пакаленняў. Хрысціянскія дэмакраты лічаць сваім маральным абавязкам і важнай палітычнай задачай супацьдзейнічаць адмоўным наступствам дзейнасці чалавека ў навакольным асяроддзі.

 

Каб зменшыць пагрозы энергетычнай бяспецы Беларысі, хрысціянскія дэмакраты выступаюць за:

– стварэнне справядлівых ўмоў для энергетычнага бізнесу, стабільнага і законнага інвеставання ў энергетыку краіны;

– змяншэнне долі прыроднага газу ў вытворчасці цеплавой і электрычнай энергіі да 40-45% да 2020 года;

– павелічэнне аб’ёму стратэгічных запасаў асноўных паліўна-энергетычных рэсурсаў, у тым ліку за кошт пашырэння аб’ёму захоўвання газу ў падземных сховішчах газу краіны;

– паскарэнне мадэрнізацыі вытворчых фондаў у цеплаэнергетычным комплексе за кошт прыватызацыі і прыцягнення інвестараў, у тым ліку замежных;

– развіццё энергаашчаджальных тэхналогіяў і прыцягненню еўрапейскіх інвестыцыяў у энергетычны сектар краіны;

– павелічэнне колькасці ветравых установак і давядзенне іх выкарыстання да максімальна магчымай магутнасці да 2020 года;

– удасканаленне арганізацыйных і эканамічных механізмаў стымулявання энергазберажэння.

– стварэнне адмысловых механізмаў матывацыі хатніх гаспадарак, фірм і арганізацый сваіх адносін да энергаспажывання;

– змяншэнне спажывання цеплавой энергіі за кошт рэформы ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі;

– распрацоўку праграмы па ўстойліваму будаўніцтву і павелічэнню энергаэфектыўнасці існуючых будынкаў;

– структурную перабудову эканомікі краіны разам са зніжэннем у ёй долі энергаёмкіх галін;

– правядзення шырокай публічнай дыскусіі ў беларускім грамадстве наконт развіцця атамнай энергетыкі ў краіне;

– далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскай сістэмы энергетычнай бяспекі праз ратыфікацыю і паўнавартаснае выкананне палажэнняў Энергетычнай хартыі;

– развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі з удзелам Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы;

– рэалізацыю праекта транзіта электраэнергіі паміж Беларуссю, Украінай, Польшчай і Літвой і стварэнне паўнавартаснага энергетычнага рынку, інтэграванага ў энергетычны рынак ЕС;

– пашырэнне кааперацыі з краінамі Цэнтральнай Азіі як аднаго з асноўных рэгіёнаў-пастаўшчыкоў энергетычных рэсурсаў.

– перамовы з Польшчай і Украінай наконт распрацоўкі залежаў шэльфавага газу;

– распрацоўку праграм эксплуатацыі вугальнага метану ў кансорцыюме з Украінай;

– распрацоўка стандартаў і схем падаткаабкладання за празмерны ўплыў на навакольнае асяроддзе;

– распрацоўка мандата па замене састарэлага абсталявання;

– уключэнне ў праграмы міжнароднага гандлю дазволаў на выкіды з мэтай атрымання сродкаў на мадэрнізацыю абсталявання.     

Болей навін