Штраф за палітычнае хрысціянства альбо Лагічная памылка як нагода для страху
Гэты артыкул першапачаткова быў напісаны як адказ на эмацыйны і рэзкі тэкст Уладзіслава Гарбацкага “Штраф за палітычнае хрысціянства”, аднак прыведзеныя ніжэй тэзісы тычацца больш шырокай дыскусіі аб ролі цэркваў і вернікаў, у тым ліку хрысціян, у грамадскім і палітычным жыцці свецкай краіны.
Мяне вельмі здзіўляюць выказванні аб недапушчальнасці ўплыву царквы на заканадаўчы працэс і пагрозах для правоў жанчын, якія з’яўляюцца ў сувязі з прапановамі хрысціян па зменах заканадаўства, у тым ліку датычна правілаў правядзення абортаў. Дакладней, здзіўляюць не самі выказванні, а іх “абгрунтаванне”, пабудаванае на дзвюх відавочна памылковых прэзумпцыях. Далей я паспрабую растлумачыць лагічныя памылкі ў высновах, якія зрабіў сп. Гарбацкі аб пагрозах сярэднявечнага “цемрашальства” і парушэння правоў чалавека. На жаль, такая аргументацыя нярэдка выкарыстоўваецца ў адказ на грамадскую актыўнасць хрысціян.
Лагічная памылка першая і асноўная: атаясамліванне прапановаў па змене заканадаўства з паўнамоцтвамі па прыняцці законаў. Прапановы хрысціянскіх юрыстаў, праваслаўнай, каталіцкай ці пратэстанцкай царквы аб парадку правядзення абортаў ніяк не тычацца і не змяняюць канстытуцыйны лад – Беларусь застаецца свецкай дзяржавай, законы якой прымае Парламент (не будзем удакладняць асаблівасці нацыянальнага заканадаўчага працэсу). Прымаючы пад увагу таксама тое, што дэпутаты беларускага Парламента прыхільнасцяў якойсьці канфесіі у сваёй большасці не выказваюць, апасенні ўсталявання “хрысціянскай дыктатуры” ў Беларусі абсалютна беспадстаўныя. Пра гэта сведчыць таксама і невялікая доля прапановаў хрысціянскіх цэркваў і вернікаў, якія за апошнія 20 год былі ўлічаны пры прыняцці законаў у Беларусі.
Варта адзначыць, што ўсе грамадзяне – хрысціяне, вернікі іншых канфесій і атэісты – маюць права выказваць і абгрунтоўваць свае меркаванне аб неабходнасці паляпшэння законаў і звяртацца з адпаведнымі прапановамі ў Парламент і іншыя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь. Калі, напрыклад, нехта лічыць недапушчальнымі прапанаваныя змены ў артыкул 27 Закона “Аб ахове здароўя” адносна правіл правядзення абортаў, ён мае права накіраваць сваё абгрунтаванае меркаванне дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і/ці выказаць яго публічна. У гэтым і ёсць сэнс грамадскага абмеркавання, у якім разглядаюцца і суадносяцца розныя пункты гледжання.
Пры гэтым самі прапановы аб змене заканадаўства нельга разглядаць як пасягальніцтва на аднойчы зацверджаны закон. Закон дзяржаўны – у адрозненне ад Закону Божага – патрабуе перыядычнага перагляду і ўдасканалення з улікам развіцця грамадскай думкі, сацыяльных і эканамічных умоў. Такім чынам, накіраваўшы прапановы аб змене заканадаўства аб абортах, грамадзяне хрысціянскага веравызнання выкарысталі сваё канстытуцыйнае права. Незразумела чаму сп. Гарбацкі асуджае гэтую ініцыятыву так, быццам прапануецца ўзвесці рэлігійныя прадпісанні ў ранг дзяржаўнага закона, а не абмеркаваць змены ў закон з улікам розных, у тым ліку хрысціянскіх, меркаванняў.
Лагічная памылка другая: пераблытаць і перабольшыць, каб стала страшна. Падмена прапаноў па змене законаў паўнамоцтвамі па іх прыняцці прыводзіць да эмацыйных высноў, заснаваных на страху перад навязваннем хрысціянскага светапогляду ўсяму грамадству. Страх неабгрунтаваны, бо базуецца на памылковай прэзумпцыі аб непазбежным пераходзе заканадаўчых прапаноў хрысціян у нарматыўныя прававыя акты. Менавіта з такой прэзумпцыі сп. Гарбацкі выводзіць “пагрозу для фундаментальных правоў жанчыны і чалавека наагул”, пры гэтым сцвярджаючы, што “свабоды кабетаў пад пагрозай пакуль дзяржава патурае цемрашальству хадэкаў”. Пры гэтым незразумела, на чым грунтуецца такая выснова. Публічныя заявы аб дзяржаўнай падтрымцы той ці іншай царквы яшчэ не азначаюць прыняцце яе ідэалогіі як дзяржаўнай (ужо не кажучы пра падтрымку ўсіх прапаноў вернікаў гэтай канфесіі) і дэ факта ніяк не адбіваюцца на змесце заканадаўчых актаў. Відавочнае перабольшанне наступстваў хрысціянскіх прапановаў.
Больш за тое – відаць пад уплывам эмоцый ад самога факту ўдзелу хрысціян у грамадскім абмеркаванні – быццам незаўважанымі застаюцца прапановы БХД, якія не ўключаюць забарону абортаў, але накіраваны на ўдакладненне працэдуры і прывядзенне яе ў адпаведнасць з лепшымі сусветнымі практыкамі рэгулявання такой аперацыі. Прапануецца, напрыклад, увесці “час цішыні”, г.зн. абавязковую паўзу паміж зваротам і правядзеннем аперацыі, у абавязковым парадку прапаноўваць папярэднюю псіхалагічную канстультацыю, прадугледзець права мужа ўдзельнічаць у прыняцці рашэння. Менавіта гэтыя прапановы разам з 3 тыс. подпісаў грамадзян Беларусі былі нядаўна накіраваны ў Міністэрства аховы здароўя. На жаль, замест аргументаванай крытыкі саміх прапановаў па змене закона, грамчэй гучаць лозунгі аб “цемрашальстве хадэкаў” і пагрозах для правоў чалавека з боку царквы і актыўных хрысціян.
Падаецца, што страшныя выявы будучага, намаляваныя з лагічных памылак аб дзяржаўнай падтрымцы хрысціянскага светапогляду, мала спрыяюць публічнаму дыялогу і яшчэ менш адпавядаюць рэальнасці. Спадзяюся, што мы, грамадзяне Беларусі незалежна ад веравызнання, будзем не толькі прапаноўваць заканадаўчай уладзе свае бачанне развіцця беларускіх законаў, але таксама паважліва і аргументавана весці дыскусію паміж сабой. Толькі пры гэтай умове магчыма развіццё прававой беларускай дзяржавы.
Марына Каліноўская – юрыст, магістр еўрапейскага права. Працуе ў ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” і юрыдычнай фірмы “ЮрЗнак”. Аўтар публікацый і семінараў па пытаннях сацыяльнага і гаспадарчага права. Пераможца конкурса перакладу Канвенцыі ААН ад правах людзей з інваліднасцю на беларускую мову. Праваслаўная хрысціянка.