Каб памяць была трывалай…
Чалавечы век абмежаваны ў часе. Рана ці позна мы праводзім у апошні шлях сваіх дзядоў і бацькоў. Аплакаўшы родных, выказаўшы словы жалобы і падзякі, збіраем па крупінках факты іх жыцця, захоўваем фотаздымкі, дакументы, узнагароды, асабістыя рэчы. Усё гэта перадаецца наступнікам, а часам і папаўняе мясцовыя краязнаўчыя музеі.
А яшчэ мы, згодна традыцыі, устаноўліваем на магілах крыжы, заказваем гранітныя помнікі. Падпісваем іх звычайна па-руску, радзей – па-польску, і зусім рэдка – на беларускай мове. Як быццам нашы бацькі і матулі былі прыезджымі аднекуль людзьмі, а не на на гэтай зямлі нарадзіліся, узрасталі, спаўнялі сваё чалавечае прызначэнне.
Вы скажаце, што нябожчыкам усё роўна? Што ў лепшым свеце іх не хвалюе зямное, дробнае? Магчыма. Але падумаем пра тых, што прыйдуць на клады пасля нас і прачытаюць імёны продкаў.
Давайце ж пазбавімся каланіяльных звычак, аўтаматычнага выканання правілаў, якіх, насамрэч, ніхто не прапісваў. Ні царква, ні касцёл не рэгламентуюць таго, што з’яўляецца добрай воляй верніка ці проста грамадзяніна. Наш абавязак – імёны дарагіх нам людзей пісаць на мове гэтай зямлі. Каб мы маглі без нацяжкі сцвярджаць: ”Наш род – як дуб, а карані з мінулага у нашы дні…”