Беларуская глыбіня. Бацюшка Баброўскі
Ісус сказаў яму:
Я — і шлях, і праўда, і жыццё;
ніхто не прыходзіць да Айца,
як толькі цераз Мяне.
Евангелле ад Яна 14:6
У самым сумежжы, сутонні ды міжмоўі беларускае глыбіні, у туманнай смузе ваколіцаў Белавежскай пушчы калісьці маліўся, прамаўляў і даспяваў да сустрэчы з Богам бацюшка беларускага Адраджэння, знакаміты багаслоў, славіст і знаўца 17 моваў, грэка-каталіцкі, а потым і праваслаўны святар айцец Міхаіл Баброўскі.
Ягонае Шарашова на ўзлеску Пушчы, на мяжы палешукоў з ліцвінамі — адно з тых месцаў, дзе пульс беларускасці можна адчуць літаральна адным дотыкам: кранаючы сцены драўлянай Петрапаўлаўскай царквы ды званіцы, зробленыя без адзінага цвіка, перагортваючы пажаўцелыя, цялеснага колеру, старонкі Шарашоўскага Евангелля, перапісанага ад рукі ў Залатым веку XVI ст, шапаткія, дрогкія старонкі калісьці напрастольнай Кнігі ў тутэйшай царкве, а цяпер адной з перлінаў мінскага Мастацкага музея, ці, стоячы перад абразамі, створанымі майстрамі шарашоўскай школы ў 1760—80 г., дзе святыя, падобныя да палешукоў, быццам бы дыхаюць і моляцца разам з табой.
Баброўскі, які пражыў у Шарашове другую палову жыцця і быў тут пахаваны, нарадзіўся ў Вульцы пад Бельскам — па той бок Пушчы.
Сын грэка-каталіцкага святара, выхаванец драгічынскіх піяраў, адзін з найлепшых навучэнцаў Віленскай духоўнай семінарыі, брэсцкі канонік, пасля працяглых еўрапейскіх падарожжаў стаў доктарам тэалогіі, магістрам філасофіі, прафесарам экзэгетыкі ды герменэўтыкі Віленскага ўніверсітэта. Сябра Археалагічнай акадэміі ў Рыме, Парыжскага і Лонданскага, азіяцкіх навуковых таварыстваў, Таварыства гісторыі і расейскіх старажытнасцяў пры Маскоўскім універсітэце, Баброўскі ўсё сваё жыццё цягнуў з забыцця Беларусь. Пачынальнік ска-рыназнаўства, даследнік дзейнасці Федаровіча ды Мсціслаўца, перша-адкрывальнік знакамітага Супрасльскага зборніка, айцец Міхаіл Баброўскі ў пачатку ХІХ ст. заснаваў у Віленскім універсітэце беларускі гурток — і, паводле сучаснага гісторыка Алега Латышонка, зрабіўся адным са стваральнікаў беларускай нацыянальнай ідэі.
Падазраванага па справе філарэтаў і філаматаў Баброўскага разам з Даніловічам ды Лялевелем адхілілі ад выкладання — і, сасланы ў тады яшчэ базыльянскі манастыр у Жыровічах, ён заклаў там знакамітую Літоўскую духоўную семінарыю.
Цікава, што беларускай мовай прафесар Баброўскі лічыў падляшскі дыялект без акання, дзекання, цекання, з мяккімі дь ці ть ды поўнымі канчаткамі інфінітываў (напрыклад, «ходіті»). Пасля паўстання 1830—1831 яго, аднаго з найбуйнейшых у тагачаснай сусветнай навуцы славістаў, уладальніка ўнікальнай бібліятэкі ў 20 тысяч тамоў, саслалі яшчэ глыбей на ягонае ўлюбёнае Падляшша — прыхадскім святаром у Шарашова.
«Уз’яднанне» грэка-каталіцтва з расейскім праваслаўем айцец Міхаіл перанёс пакорліва і годна. Так і чуеш сярод гвалту, здрадаў і ўзаемных абвінавачванняў «разбору уніі» ягоны ціхі голас: «Ці яны, ці мы схізматыкі, аб гэтым судзіць не нам, а Богу».
Баброўскі да скону хрысціў, служыў, прычашчаў і вёў набажэнствы па-беларуску, і заставаўся са сваім народам да самае смерці ад халеры падчас эпідэміі ў 1848-м.
Царква Баброўскага, Берасцейская унія, у нетрах якой за два з паловай стагоддзі і саспела найноўшая беларускасць, таксама пакутліва памірала — але адначасна, аддаючы мільён вернікаў Касцёлу, нараджала беларускую плынь у каталіцтве, і, прымаючы расейскае праваслаўе, пад спудам захоўвала дух свабоды і ціхай светліні.
Асоба Баброўскага яднала тое, што кроілі і рэзалі па-жывому. Краіну. Народ. Царкву.
І вось цяпер, сёння, зноў прарастае унія з беларускіх глыбіняў дзівоснымі кветкамі — такімі, як берасцейская супольнасць «Мараната» з аднайменным музычным гуртам… Надзвычайная з’ява нават для сучаснага грэка-каталіцтва: маладзёвая харызматычная грамада з беларускімі, расейскімі, габрэйскімі спеўнымі малітвамі, са старажытнымі біблейскімі мелодыямі, «танцамі пра-слаўлення» ва ўзорыстых строях ды нават выразным хрысціянскім рэпам.
Галоўная беларуская грэка-каталіцкая газета, глянцавая, каляровая «Царква», выходзіць менавіта тут, на радзіме уніі.
Размаўляеш з яе рэдактарам — усмешлівым, жвавым і поўным дасціпнай дасведчанасці Ігарам Бараноўскім — і разам з сугуччам прозвішчаў Баброўскі-Бараноўскі, разам з цёмнымі іскрыстымі вачыма пазнаеш той самы адкрыты і шчодры тып глыбокага беларускага верніка сумежжа, які так прыцягваў філаматаў ды філарэтаў у Віленскім універсітэце…
А далёкая сваячка шарашоўскага ссыльнага бацюшкі, Марына Баброўская з мінскай суполкі «Легіёна Марыі» моліцца за Беларусь ля колішняга уніяцкага касцёла Святога Язэпа на Плошчы Волі…
Ідучы па слядах Баброўскага, згаджаешся з вядомым хрысціянскім выслоўем: «Нацыянальная ідэя — гэта не тое, што народ думае пра сябе ў часе, а тое, што Бог думае пра гэты народ у вечнасці».
Выяўленне Ісуса ў Беларусі — у людзях, па-дзеях, святынях, ува ўсёй нашай непаўторнай, светлай, гарманічнай беларускай форме — і ёсць сэрцам беларускасці.
Кожнаму беларусу, як назваў нас калісьці Баброўскі, варта глядзець углыб сябе… І там, у балацявінах і гушчарах душы, дзе варушыцца і баліць заблытанае сумленне, дзе ные прага прыгожага і сапраўднага, дзе так цяжка выбрацца з перапляценняў стомы і грэху, у запушчанай беларускай Пушчы намацваць крынічку святла вечнай нябеснай Радзімы.
Усё проста, паверце айцу Міхаілу: Беларусь жыве там, дзе жывы Хрыстос.