Дзень Волі і “крымская” тэрапія
З Днём Волі, спадарства. І з надыходзячым/надыйшоўшым святам Дабравесця! І дзякуй усім, хто ўдзельнічаў у святкаванні, асабліва тым, хто выйшаў на акцыю ў Беларусі!
Ну і не ўстрымаюся ад украінскай тэматыкі. Можна лічыць гэта за аўтатрэнінг – нататкі, прызначаныя для навядзення парадка ў сваёй душы і апублікаваныя на выпадак, калі каму спатрэбяцца.
…Здаўся мне гэты Крым. Бес паблытаў замест таго каб ратаваць сваю душу і нават крыху выконваць пост – пагружацца ў балота нянавісці з нагоды таго, што адбываецца ў іншай краіне. Ды і бес, магчыма, і ня ўдзельнічаў – дурноты сваёй хапае… Вось каб змагацца з уласнай дурнотай, і акрэслю для сабе некалькі тэзісаў.
а) Крым – спрэчная тэрыторыя. Рэгіён, які прапусціў праз сабе рэкордную колькасць людзей і культур: старажытныя грэкі, рымляне, туркі, татары, рускія, украіцы…
б) Пытанне аб тэрытарыяльных межах і іх зварушвання – маральна нейтральная справа. Калі рабіць яе нармалёвымі метадамі. Напрыклад, праз палітычную барацьбу і законныя ці хаця б негвалтоўныя акцыі.
в) Той цырк, які зрабіла Расія ў Крыме – нельга назваць рэферэндумам. Такі «рэфэрэндум» яшчэ ў большай ступені няварта прызнаваць, чымсі сумнеўныя выбары ў РБ. Ані на дзяржаўным узроўні, ані на ўзроўні нашай свядомасці. Зараз Крым – тэрыторыя Украіны, якая знаходзіцца ў акупацыі.
г) Мажліва, у Крыме і патрэбны рэферэндум. Але сапраўдны. З адкрытасцю розных каналаў інфармацыі, з мажлівасцю прапагандаваць усе опцыі выбару, з большай колькасцю варыянтаў… Калі такі рэферэндум ці яшчэ якое адэкватнае палітычнае рашэнне адбудзецца, тады і можна будзе нешта прызнаваць.
д) Акупацыя адбылася без вялікай колькасці смерцяў, і мажліва сапраўды большасць людзей у Крыме хоча ў Расію – але гэта ўсё роўна менавіта акупацыя. Дарэчы, «бяскроўныя» захопы этнічна нямецкіх тэрыторый, калі не памыляюся, рабіў і Гітлер. А інфармацыя (трэба праверыць) пра здзекі з людзей у Крыме прымушае выкрэсліць слова «бяскроўны».
е) Гэты цырк з «зялёнымі чалавечкамі» няварты ані кроплі пралітай крыві ці нават слёзаў. І тым болей няварты таго, каб пагружацца ў нерэальны свет нянавісці.
ж) У тым, што чалавек ці народ стаўся ахвярай агрэсіі – няма нічога прыніжальнага. Прыніжае чалавека ці народ не адсутнасць некаторых магчымасцяў (ваенных ці эканамічных), а нягодныя паводзіны. Тое, што адбываецца ў Крыме – прыніжэнне не столькі для Ўкраіны, колькі для Расіі.
з) Малайцы ўкраінскія ваенныя, што не паддаліся на правакацыі, і прынамсі не пачалі страляць, калі захопнікі прыкрываліся жанчынамі і іншымі мірнымі і квазі-мірнымі дэманстрантамі…
і) Акрамя спаборніцтва ў ваеннай, эканамічнай і палітычнай моцы некаторых груп насельніцтва, ёсць іншае спаборніцтва, якое выйграць яшчэ больш важна – у маральнасці метадаў дзеяння. Што праўда, з некаторымі апанентамі выйграць паводле гэтага крытэрыю зусім няцяжка… Але тады можна спаборнічаць паміж сабой: хто здолее імкнуцца да палітычных мэтаў найбольш чыстымі і маральнымі метадамі?.. Можна зрабіць спаборніцтва «Украіна-Беларусь». У каго з патрыётаў будзе лепшы парадак са сродкамі барацьбы…
Апошняе, дарэчы, да тэмы свята. Яшчэ раз з Днём Волі!
Выкладзенае тут – гэта не нейкія парады, а толькі тэрапія ўласнага стану душы. Мае пацыфісцкія развагі пішуцца ў тым ліку з мэтай змагання з уласнай нянавісцю.
…А мо скласці анты-русафобскі спіс? Напішу: «Людміла Ўліцкая, Грыгорый Чхарцішвілі, Уладзімір Позней, а. Андрэй Кураеў, а. Пётр Мешчарынаў…» – і г.д., імёны расіянаў, якія прымушаюць мяне верыць у рускі народ. І праглядаць, калі здарыцца чарговы прыступ русафобіі. Можна прыкласці фатаграфіі з Маршу Міру (супраць захопу Крыма) 16 сакавіка ў Маскве.http://wozhyk.livejournal.com/561112.html
60-70-80 тысяч чалавек у Маскве, плюс ранейшыя несанкцыянаваныя акцыі ў розных гарадах – цудоўны паказальнік, асабліва ўлічваючы імперскае мінулае і татальную дэзінфармацыю ў расійскіх СМІ. Малайцы! Паказалі, што сапраўднае братэрства нашых народаў існуе і прынцыпова адрозніваецца ад таго ідэялагічнага сурагата, які прапануе Крэмль.
Ну і нагадаю яшчэ раз, што Патрыярх дабраславіў маліцца аб міры ва Ўкраіне. Дарэчы, афіцыйныя рэакцыі РПЦ мяне радуюць. Мо таму, што я чакала многа горшага. Дзякуй Ягонаму Свяцейшаству, умее ў сваіх зваротах не толькі даць духоўна карысныя рэчы, але і – што меней важна, але ж прыемна! – раздаць кожнай групоўцы па прыемнай фразачцы, на якую можна з задавальненнем спасылацца. Шчыра паважаю.
А тое, што на фатаграфіях – таксама тэрапія. Strongly recommended, дапамагае.