Амаль у кожнай акрузе будзе кандыдат ад правацэнтрыстаў
У Мінску 10 чэрвеня лідары правацэнтрысцкай кааліцыі на прэс-канферэнцыі аб удзеле ў парламенцкай кампаніі-2016 заявілі, што амаль 95 з 110 выбарчых акругаў плануецца “закрыць” кандыдатамі ад трох структур, якія аб’ядналіся ў кааліцыю – Рух «За Свабоду», БХД і АГП.
Як падкрэсліў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, бакі дамовіліся, што ў тых акругах, дзе будуць моцныя кандыдаты ад аднаго партнёра, там іншыя не будуць вылучаць сваіх кандыдатаў, перадае карэспандэнт Krynica.info.
Таксама ўдзельнікі кааліцыі збіраюцца засяродзіць увагу па назіранні за правядзеннем выбараў менавіта на тых акругах і ўчастках, дзе ў выбарах будуць удзельнічаць найбольш моцныя кандыдаты, адзначыў ён.
Першы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч паведаміў журналістам, што сёння ўжо можна гаварыць пра дамоўленасць аб вылучэнні кандыдатаў ад кааліцыі па 95 з 110 акругаў. Гэта значыць, на дадзены момант 95 чалавек выказалі жаданне вылучацца, а ў далейшым лічба можа змяніцца. Губарэвіч, адказваючы на пытанне, ці будзе вылучацца ён сам, пацвердзіў, што будзе.
Паводле яго слоў, на некаторых патэнцыйных кандыдатаў ужо пачынаюць аказваць ціск па месцы працы, а таксама на тых, хто займаецца сваім бізнэсам, таму ў кааліцыі адсочваюць такую інфармацыю, каб мець канкрэтныя факты і потым іх апублікаваць.
Практычна ў кожнай акрузе будзе кандыдат ад правацэнтрыстаў, сказаў ён.
«Па вопыце ранейшых кампаніяў, адно з слабых месцаў, на якія могуць націснуць улады, каб не зарэгістраваць кандыдатаў правацэнтрысцкіх арганізацый – гэта падача падпісных лістоў у выбаркамы і непрызнанне такіх подпісаў сапраўднымі», – адзначыў Губарэвіч. «Цяпер мы маем магчымасць вылучаць нашых кандыдатаў таксама і ад палітычных партый», – нагадаў ён і сказаў, што кааліцыя такой магчымасцю скарыстаецца.
Разам з тым вялікая частка патэнцыйных кандыдатаў, паводле яго слоў, зарыентавана на збор подпісаў. «Паводле нашых ацэнак, ад 50 тысяч да 100 тысяч подпісаў будзе сабрана за вылучэнне вось гэтых 95 кандыдатаў. Гэта добры падмурак на першым этапе выбарчай кампаніі», – адзначыў Юрась Губарэвіч.
«Мы маем узгодненае адзінае пасланне, якое будуць выкарыстоўваць у сваіх праграмах кандыдаты. Яго пункты тычацца агульных каштоўнасцяў, якія нас аб’ядноўваюць. Гэта свабода і годнасць асобы чалавека, незалежнасць і дэмакратычнае кіраванне Беларуссю, самабытнасць беларускай нацыі, унікальнасць беларускай мовы, нацыянальных традыцый і культурнай спадчыны. Мы выступаем за еўрапейскі выбар Беларусi, як спосабу адстойвання нашых нацыянальных інтарэсаў і гарантыі ўстойлівага развіцця дзяржавы, грамадства, эканомікі краіны», – сказаў ён.
«Сярод галоўных прыярытэтаў нашай праграмы – абнаўленне дэмакратыі і вяртанне парламенцкай формы кіравання і правядзенне палітычных рэформаў, а таксама барацьба з карупцыяй, у прыватнасці, дэклараванне даходаў і маёмасці дэпутатамі ўсіх узроўняў і ўсімі абранымі асобамі. Абарона правоў і інтарэсаў грамадзян Беларусі, абарона незалежнасці Беларусі і супрацьстаянне пагрозам яе суверэнітэту з боку Расеі. І садзейнічанне максімальнаму збліжэнню Беларусі з краінамі ЕС, шырокае інфармаванне грамадзян Беларусі аб магчымасці і выгоды еўрапейскага выбару для нашай краіны і еўрапейскіх стандартаў жыцця», – працягнуў Губарэвіч.
«Трэба асабліва падкрэсліць, што правацэнтрысцкая кааліцыя на сёння – гэта адзіная і паслядоўная праеўрапейская сіла ўнутры Беларусі. І мы на гэтых прынцыпах і будзем засноўваць кампанію па вылучэнні нашых кандыдатаў», – заявіў ён.
Лябедзька: перад выбарамі мы маем намер правесці Кангрэс дэмакратычных сіл
Перад парламенцкімі выбарамі ў Беларусі правацэнтрысцкія структуры плануюць правесці Кангрэс дэмакратычных сіл. Пра гэта паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
«Асаблівасць нашай правацэнтрысцкай кааліцыі ў тым, што мы прыспусцілі нашы штандары», – сказаў Анатоль Лябедзька, паведамляе карэспандэнт Krynica.info.
Паводле яго слоў, правацэнтрысты не толькі дэкларуюць добрыя мэты і задачы, але і рэалізуюць іх на практыцы.
«Патэнцыял нашых структур прадугледжае магчымасць вылучыць ад 50 да 90 сваіх кандыдатаў. Але калі гэта кааліцыя, то гэта перамовы, часам складаныя. І мы вымушаны свае амбіцыі стрымліваць для таго, каб быць разам больш моцнымі”, – адзначыў ён.
Правацэнтрысты раней заяўлялі, што хацелі б больш шырокага аб’яднання, цяпер гэта адбылося, стабільна дзеючае аб’яднанне працуе, цяпер рэгулярна праходзяць нарады, сказаў Лябедзька.
«Гэта не вельмі жорсткае аб’яднанне, але тым не менш яно працуе. Мы правялі нараду на мінулым тыдні, будзем сустракацца ў наступны аўторак. Зараз у фармаце шырокай кааліцыі абмяркоўваем магчымасць сумеснага старту ў рамках парламенцкай выбарчай кампаніі», – працягнуў лідар АГП.
«Мы абмяркоўваем магчымасць правядзення Кангрэсу дэмакратычных сілаў, які быў бы стартам парламенцкай кампаніі (Крыніца – яго правядзенне, як паведаміў пазней Лябедзька, намечана на жнівень) і ўдзельнікамі якога сталі б ці ўжо зарэгістраваныя дэмакратычныя кандыдаты, або патэнцыйныя кандыдаты (перад іх рэгістрацыяй). Гэта яшчэ абмяркоўваецца, ёсць і пэўная рэакцыя левацэнтрыстаў. Я думаю, што гэтая ідэя мае даволі высокі шанец на практычную рэалізацыю», – распавёў Лябедзька журналістам.
Ён адзначыў таксама, што правацэнтрысты лічаць, што ў гэты працэс могуць быць уключаны практычна ўсе структуры, якія заяўляюць пра сваю апазіцыйнасць.
«Мы разглядаем магчымасць сумеснага паслання, у якім будзе адзначацца, што мы ўсе за стандарты АБСЕ, за справядлівыя свабодныя выбары. Гэта важна. І гэта з’яўляецца прыярытэтам для ўсіх апазіцыйных сілаў», – заявіў лідар АГП.
Ён растлумачыў, што, як мяркуецца, першая сесія кангрэса пройдзе да выбараў, а пасля выбараў правацэнтрысты правядуць іншую сесію, якая ўжо падвядзе вынікі выбарчай кампаніі, і на ёй можна будзе заяўляць пра поствыбарную стратэгію кааліцыі і ў цэлым дэмакратычных сіл.
Лябедзька таксама палічыў патрэбным паведаміць пра канкрэтныя факты ціску на патэнцыйных кандыдатаў ад правацэнтрыстаў і назваў Андрэй Павука з пасёлка Акцябрскі (Гомельскай вобласці), якога, паводле яго слоў, на днях пазбавілі магчымасці працаваць.
«Гэта індывідуальны прадпрымальнік, у яго сваё фотаатэлье. З-за таго, што ён мае намер стаць часткай правацэнтрысцкага спісу, на яго пайшоў магутны «накат». Калі гэта працягнецца і будзе моцны ціск на нашых кандыдатаў, мы будзем на гэта рэагаваць”, – сказаў старшыня АГП.
Рымашэўскі: пасля выбараў мы створым Асамблею народных прадстаўнікоў
Правацэнтрысцкая кааліцыя мае намер пасля правядзення парламенцкіх выбараў стварыць Асамблею народных прадстаўнікоў. Пра гэта заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Паводле яго слоў, удзельнікі кааліцыі спадзяюцца, што гэтая асамблея акумулюе сілы і рэсурсы рэгіянальных і нацыянальных лідараў Беларусі і будзе дзейснай альтэрнатывай дзеючай улады.
Кажучы пра выбарчую кампанію, Рымашэўскі адзначыў, што правацэнтрысцкая кааліцыя больш за 15 акругаў пакідае сваім палітычным партнёрам, у тым ліку па Мінску, перадае карэспандэнт Krynica.info. Па астатніх акругах (Крыніца – як ужо паведамлялася – па 95 з 110) будзе адзін кандыдат, максімум два-тры чалавекі, сказаў ён. Ёсць папярэдняя дамоўленасць, што гэтыя людзі будуць працаваць сумесна, а калі гэта вялікія акругі, то яны будуць іх дзяліць.
«У любым выпадку нашы рэгіянальныя кіраўнікі будуць падтрымліваць кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі. Мы дамовіліся падтрымліваць адзін аднаго», – дадаў лідар БХД.
У прапарцыйных суадносінах, па словах Віталя Рымашэўскага, сярод патэнцыйных кандыдатаў прыкладна ў роўных колькасцях прадстаўлены ўсе тры палітычныя структуры кааліцыі (БХД, Рух «За Свабоду», АГП).
«Правацэнтрысцкая кааліцыя ўжо сёння можа заявіць, што няма ніякіх падставаў казаць, што ў краіне адбудуцца свабодныя і справядлівыя выбары. Мы гэта разумеем і адкрыта заяўляем пра відавочную гульні беларускіх уладаў, тых, хто ініцыюе гэты чарговы спектакль пад назвай «выбары», – заявіў Віталь Рымашэўскі.
«Відавочна ўжо сёння, што без змен, якіх патрабуе АБСЕ, свабодныя выбары ў Беларусі правесці немагчыма, а сёння ўлады відавочна паказалі, што змены гэтыя унесены не будуць. У парламент могуць прайсці толькі тыя людзі, якія ўваходзяць у спіс, узгоднены з беларускімі ўладамі», – працягнуў ён.
«Разумеючы гэтую сітуацыю, мы адказваем двума стратэгічнымі рэчамі. Па-першае, гэта вылучэнне моцных кандыдатаў, якія могуць сапраўды перамагчы і набраць нават больш за 50% падтрымкі. На гэтых акругах будуць сканцэнтраваны ўсе нашы сілы па назіранні», – сказаў Рымашэўскі.
Людзі, якія сёння выступаюць ад кааліцыі, не падкантрольныя дзейнаму рэжыму, не ўваходзяць у гэтыя ўзгодненыя «спісы на праходжанне ў парламент», растлумачыў ён.
«І для таго, каб яшчэ раз сабраць факты фальсіфікацыі, яшчэ раз пацвердзіць, што ў нас няма свабодных выбараў, мы сканцэнтруем свае намаганні па назіранні менавіта на гэтых акругах. І заклікаем усіх неабыякавых грамадзян Беларусі далучацца да кампаніі назірання за выбарамі. Таму што сёння, як ніколі раней, існуе пагроза легалізацыі дзеючага рэжыму – пры ўмове адсутнасці свабодных выбараў – ва ўспрыманні Захаду, а таксама ў вачах беларускага народа. Больш за 70 тысяч чалавек удзельнічае ў фальсіфікацыі выбараў і нам патрэбна суразмерная колькасць назіральнікаў. І без вашай дапамогі – я звяртаюся да грамадзян Беларусі – гэта будзе нерэальна, мы не зможам абараніць сваё права на свабодныя справядлівыя выбары», – падкрэсліў сустаршыня БХД.
«Па-другое, мы ўжо цяпер абвяшчаем, што ёсць палітычнае рашэнне па выніках гэтай выбарчай кампаніі стварыць Асамблею народных прадстаўнікоў. І нашыя кандыдаты, рэгіянальныя лідары ўжо сёння рыхтуюць пакеты прапаноў па рэформах, за падтрымку якіх яны будуць збіраць подпісы падчас выбарчай кампаніі», – паведаміў Рымашэўскі.
Паводле яго слоў, па завяршэнні парламенцкай кампаніі плануецца сабраць усіх лідараў рэгіёнаў, грамадскіх лакальных аб’яднанняў, аўтарытэтных людзей і стварыць Асамблею народных прадстаўнікоў, асноўнай мэтай якой будзе абарона правоў і інтарэсаў грамадзян Беларусі.
Правацэнтрысты маюць намер праводзіць нацыянальныя кампаніі, каб дамагчыся сацыяльных і палітычных рэформаў, у тым ліку па правядзенні свабодных справядлівых выбараў, паведаміў ён журналістам.
«Спадзяемся, што да гэтай ініцыятывы далучацца таксама нашы калегі з замежнай правацэнтрысцкай кааліцыі. І вядуцца перамовы пра тое, што гэтая асамблея будзе дзейнічаць шырэй. Толькі аб’яднаўшы разам рэгіянальных лідараў, мы зможам стварыць дзейсны інструмент, які дазволіў бы кантраляваць дзеянні выканаўчай улады», – адзначыў лідар БХД.
«Мы спадзяемся, што гэтая асамблея ўключыць і акумулюе ў сабе працу, рэсурсы большасці вядомых рэгіянальных і нацыянальных лідараў Беларусі і будзе дзейснай альтэрнатывай дзеючай улады», – падсумаваў Рымашэўскі.