Бенефіс адстаўнога генерала Пракаповіча
Ужо прайшоў час, калі мы перасталі быць мільянерамі. Сёння ў беларусаў з’явіліся новыя цацкі – хрумсткія, падобныя на Еўра, новенькія рублікі і бліскучыя капеечкі … Вы запярэчыце мне, што гэта не зусім ужо новыя паперкі, – усё ж такі ў кутку намаляваны 2009 год – а гэта не ўчора? Ды і спадар Пракаповіч не зусім ужо і камандзір Нацбанка ў 2016 годзе? Пагаджуся.
Навошта ж нам, беларусам, напярэдадні «Дня Незалежнасці», такі сюрпрыз? Вось гэта пытанне, на якое ўсё ж такі варта пашукаць адказ.
Адказ крыецца, на мой погляд, у самой купюры: Пракаповіч і 2009 год. Нагадаю ўсім, што напярэдадні 2009 гады сам Лукашэнка паабяцаў ўсёй краіне, што курс «зайчыка» будзе не больш чым за 2200 рублёў за долар. Зразумела, што друкаваны станок, на той момант, без стомы штампаваў «беларускамоўныя» зайчыкі і план «рэформаў» (рабавання мірнага насельніцтва) ужо быў ухвалены «наверсе».
Наогул, «операция Ы» ад 02.01.2009 прайшла паспяхова. Грошы МВФ сышлі «налева», а народу хапіла адпіскі Нацбанка ад 06.01.2009. Маляву назвалі «рэлізам Нацыянальнага Банка»: «… Увядзенне рэжыму прывязкі курсу беларускага рубля да кошыку замежных валют папярэднічала разавая карэкціроўка двухбаковых абменных курсаў. Так, з 2 студзеня 2009 года пачатковы курс беларускага рубля да даляра ЗША ўсталяваны на ўзроўні 2650 беларускіх рублёў за долар. Адпаведна змяніўся курс да іншых валют…». Гэта значыць, вінаваты «сусветны фінансавы крызіс», а наш родны Нацбанк, вымушана, ратуючы народ, «прывязаў» наш рубель да даляра, як прывязваюць карову да плота, каб не збегла.
Вось так. Народ праглынуў «пілюлю», а МВФ застаўся «з носам» напярэдадні так званых “прэзідэнцкіх” выбараў 2010 года. А вось вагоны з новенькімі купюрамі «завіслі» ў грузавых тэрміналах улады. Гэта – як скуркі ад навагодніх мандарынаў, як пустыя пластыкавыя бутэлькі ад мінералкі пасля пікніка – назапасілася шмат, а выкінуць – шкада. Вырашылі пакінуць «на потым».
«Потым» надышоў у 2016 годзе.
Новыя грошы 2016 года – гэта чарговае непаразуменне збанкрутавалай сістэмы. Памятаю, як жартавалі: «Замест абяцанага камунізму ў 1980 годзе ў СССР, кампартыя вырашыла правесці Алімпіяду»? Так і ў нас: замест «Зоны Еўра» – «зона, падобная на Еўра». Замест рэформы – эксперымент. Замест кроку наперад – трук.
Ну а што далей? Паперкі будуць таннець, нулікі будуць працягваць дадавацца, а вось жалезныя рублікі і капеечкі я прапаную вам не выкідаць – нядрэнныя гузікі і заклёпкі атрымаюцца.
Ну і пра Пракаповіча. Подпіс як подпіс. Але затое ёсць у нас свой банкір, на якога потым можна будзе «усіх сабак» павесіць. А народ, вядома ж, запомніць ліпень 2016 года – як «бенефіс адстаўнога генерала Пракаповіча».