Канстытуцыйна-Каталіцкая Партыя Літвы і Беларусі: 1905-1906

13 красавіка 2017 08:37  |  Галоўныя навіны

Канстытуцыйна-Каталіцкая Партыя Літвы і Беларусі: 1905-1906

 

Менавіта пачатак ХХ стагоддзя з яго тэктанічнымі ўзрушэннямі стаў часам выспявання ідэі масавай беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі.

 

З аднаго боку, нацыянальнае абуджэнне ХІХ- пачатку ХХ стагоддзяў насіла выразны хрысціянскі і адначасна народніцкі характар – як вядома, большасць першых адраджэнцаў былі дзецьмі вуніяцкіх святароў. З іншага боку, разгортванне сусветнага сацыялістычнага руху штурхала актыўных вернікаў “злева” – у Беларусі пашыраліся рэвалюцыйныя гурткі (“Гоман”), ствараліся рэвалюцыйныя (БРП, БРГ) і сацыялістычныя групы (РСДРП, эсэры, Бунд). У выніку першай расейскай рэвалюцыі ў кастрычніку 1905 году цар Мікалай ІІ быў вымушаны выдаць Маніфэст пра грамадскія і палітычныя свабоды – і па ўсёй імперыі закіпелі палітычныя сілы, разбуджаныя агульным рухам ды магчымасцю заявіць пра сябе.

Па ўсёй тагачаснай Расеі, а найперш на нацыянальных ускраінах, штодня ішлі мітынгі, сходы й ствараліся разнастайныя аб’яднанні. Былі абвешчаныя выбары ў Дзяржаўную Думу. Разам з агульнарасейскімі ўзнікалі нацыянальныя ды класавыя мясцовыя партыі.

На беларускіх землях найбольш арганізаванымі сіламі, акрамя імперскага бюракратычна-вайсковага апарату, былі праваслаўная царква, буйныя землеўладальнікі й каталіцкі Касцёл. Менавіта ў іх асяроддзі ішло абмеркаванне, як выходзіць з крызісу, ад якога пачало ліхаманіць найбуйнейшую дзяржаву тагачаснага свету.

З боку краёвай эліты ініцыятыву ўзяў на сябе біскуп каталіцкага касцёлу, барон Эдвард фон Роп. Паходжаннем з Дзвінску (сённяшні Даўгаўпілс), нашчадак нямецкіх каланістаў Прыбалтыкі, Роп добра ведаў жыццё на былых абшарах ВКЛ, быў аўтарытэтам для тутэйшых памешчыкаў ды шляхты, а да таго ж як біскуп меў выхад да шырокай масы вернікаў-сялянаў. Дбаннем Ропа ў Вільні ды Гародні ўжо ў 1905 годзе былі створаныя суполкі “Каталіцкага таварыства рабочых “Адзінства” – правобраз хрысціянскіх прафсаюзаў. Палітычным ідэалам для біскупа Ропа была “Партыя цэнтру” ў германскім парламенце – фактычна, першая еўрапейская хрысціянска-дэмакратычная партыя.

Напрыканцы 1905 года ў Вільні Эдвард фон Роп разам са сваімі паплечнікамі абвясцілі пра стварэнне Канстытуцыйна-Каталіцкай Партыі Літвы і Беларусі (ККПЛБ). 7 лютага 1906 года ў Вільні адбыўся першы з’езд ККПЛБ, у якім удзельнічала каля 1000 сябраў і прыхільнікаў.

Блізкі па поглядах да агульнарасейскай партыі канстытуцыйных дэмакратаў (кадэтаў), біскуп Роп выкарыстаў іх праграму для падрыхтоўкі дакумантаў ККПЛБ, дапоўніў іх шэрагам хрысціянскіх прынцыпаў і сфармуляваных інтарэсаў краёвай эліты. Характэрна, што першым пунктам партыйнай праграмы стаяў раздзел аб адукацыі. ККПЛБ патрабавала стварэння бясплатнай народнай школы з навучаннем на роднай мове (польскай, літоўскай, беларускай) і абавязковым вывучэннем рэлігіі.

Праект праграмы рассылаўся для абмеркавання па каталіцкіх парафіях Літвы і Беларусі. З дапамогай мясцовых ксяндзоў ККПЛБ правяла моцную кампанію сярод тых, хто меў права голасу на выбарах – найперш сярод заможнага сялянства і памешчыкаў.

Дзеля забеспячэння шырокай агітацыі ККПЛБ заснавала адразу некалькі польскамоўных хрысціянска-дэмакратычных газэтаў: гарадскую штодзённую “Навіны Віленскі” ( у лютым-сакавіку выйшла 32 нумары), штотыднёвік “Пшыяцель люду” для сялянаў і рамеснікаў, які пратрываў да 1910 году, і штотыднёвік для рабочых “Таважыш працы”.

Галоўнай апорай партыі сталі сяляне-каталікі зь беларускіх і літоўскіх вёсак, частка дробнай каталіцкай шляхты і інтэлігенцыі. Менавіта масавасць і папулярнасць ККПЛБ прывялі да таго, што яе разглядалі як моцнага хаўрусніка супраць самадзяржаўя ды чарнасоценства і кадэты, і краёвыя кансерватары, і польскі рух, і габрэйскія арганізацыі.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”

#100гадоўБХД

Болей навін