Хрысціянская дэмакратыя ў 1906-1915
Варта згадаць яшчэ некалькі краёвых палітычных сілаў таго
часу, блізкіх да ідэяў хрысціянскай дэмакратыі. Гэта польская арганізацыя
“Вызваленне”, да якой належаў, напрыклад, былы сябра ЦК ККПЛБ Юзаф Змітровіч, а
таксама Краёвая партыя Літвы і Беларусі на чале з фундатарам Касцёла святых
Сымона і Алены ў Менску Эдвардам Вайніловічам, баронам Казімірам Шафнагелем і
буйным землеўладальнікам Раманам Скірмунтам. У праграме “краёўцаў”, напрыклад,
дзяржаўнае ўладкаванне Беларусі бачылася як аўтаномія ў складзе расейскай канстытуцыйнай
манархіі, на грунце хрысціянскай духоўнасці і падмурку хрысціянскай адукацыі.
Патрэба магутнай хрысціянска-дэмакратычнай партыі ў краі, як
бачым, у 1906 годзе ужо выспела. Але адносна нацыянальнага характару
хрысціянскай дэмакратыі пэўнасці не было. Расейская праваслаўная царква была
варожай да ідэі дэмакратыі і падтрымлівала самадзяржаўе, для польскага руху (
“эндэкі”, “Вызваленне” і іншых) усе каталіцкія ініцыятывы былі адпачатку
польскімі, літоўскі рух неўзабаве вылучыў уласныя хрысціянска-дэмакратычныя
праграмы – і перад палітычна актыўнымі свядомымі беларусамі-вернікамі
паўстала пытанне: ці аддаваць народ пад уплыў суседскіх палітычных праектаў і
самім распыляцца ў іх, ці засноўваць, урэшце, свой.
Вялікую ролю ў гэты вызначальны час для беларускай хадэцыі,
як і для ўсяго беларускага руху, адыграла газета “Наша Ніва”, што пачала
выходзіць у Вільні ў 1906-м. Ва ўмовах спаду рэвалюцыйных настрояў, карных
акцыяў менавіта легальная масавая газета сталася цэнтрам гуртавання
разнастайных грамадскіх, творчых і палітычных сілаў – ад левых да правых.
Многія з падпісчыкаў і аўтараў “Нашай нівы” затым далучацца да БХД.
Ужо ў 1913-ым годзе беларускія хрысціяне дэмакратычных
перакананняў здолелі наладзіць выпуск і свайго ўласнага часопісу –
“Беларус”. З увагі на тое, што найбольш актыўнай і палітычна свядомай часткай
хадэцыі на той момант былі рыма-каталікі, часопіс выходзіў лацінкай і пашыраўся
найперш па касцёльных парафіях. Рухавіком “Беларуса” стаў Баляслаў Пачопка,
рэдактарамі –Алесь Бычкоўскі, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш), а фундавала выданне
княгіня Магдалена Радзівіл. Ксёндз Адам Станкевіч сведчыць, што за два гады
працы, да захопу Вільні немцамі, “Беларус”, акрамя рэгулярнага выхаду раз на
тыдзень, здолеў выдаць і шэраг брашураў ды кнігаў асветніцкага ды грамадскага
характару ў хрысціянскім і дэмакратычным духу.
Якраз у “Беларусе” пачалі друкавацца Францішак Будзька,
Уладзіслаў Талочка, Казімір Сваяк, Аляксандр Астрамовіч, Ільдэфонс Бобіч,
Дамінік Аніська і іншыя будучыя лідэры БХД.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
#100гадоўБХД