Пачатак Беларускай хрысціянскай дэмакратыі

26 красавіка 2017 09:02  |  Галоўныя навіны

Пачатак Беларускай хрысціянскай дэмакратыі

 

Да пачатку рэвалюцыйных падзеяў 1917 года і ў колішняй
сталіцы ВКЛ, занятай немцамі Вільні, і ў старажытнай Гародні, і ў Беластоку, і
ў губернскім прыфрантавым Менску, і ў Магілёве, дзе знаходзілася Стаўка Мікалая
ІІ, тлелі агмяні беларускага хрысьціянскага руху – найперш каля касцёлаў і ў
асяроддзі свядомай інтэлігенцыі.

“Беларускі нацыянальны каталіцкі рух пачаўся ў дзвюх
вучэльнях: у Віленскай каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, дзе вучылася
і беларуская моладзь (часцей за ўсё сялянскага паходжання). У гэтых вучэльнях
утварыліся беларускія гурткі. У 1911 г. рэктар Віленскай семінарыі афіцыйна
прызнаў існаваньне беларускага гуртка і дазволіў яму мець беларускую
бібліятэчку. У Каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу беларускі гурток
стварыўся ў 1912 г., а ў 1914 г. ужо налічваў 70 сяброў і меў вялікую
бібліятэку, у тым ліку каталіцкія кнігі і часопісы. Дзейнасць гуртка была
актыўнай дзякуючы падтрымцы прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы.” – піша
прафесар Анатоль Грыцкевіч у працы “Пачаткі Беларускай Хрысціянскай
Дэмакратыі”.

Ядро масавай нацыянальнай хрысціянска-дэмакратычнай
партыі на момант гістарычных зрушэнняў склалася усё-такі не на рассечанай
фронтам, спустошанай і скрываўленай беларускай зямлі, а ў сталіцы імперыі і
калысцы рэвалюцыі – Санкт-Пецярбургу, у 1914-ым перайменаваным у Петраград.

Прычынаў было некалькі. Найперш, любая грамадcкая ( а
пагатоў беларуская) дзейнасць па абодва бакі ад лініі фронту успрымалася і
расейскімі, і нямецкімі вайсковымі й тылавымі структурамі з падазрэннем – і
найчасцей жорстка падаўлялася. Па-другое, менавіта Петраград быў сэрцам
агромністай дзяржаўнай машыны і перавалачнай базай вайны: велізарныя масы
жаўнераў і афіцэраў, інжынераў, рабочых, гандляроў, чыноўнікаў, а таксама
уцекачоў штодня віравалі на ягоных вакзалах, вуліцах ды установах. Па-трэцяе,
паколькі сталіца імперыі ўжо 200 гадоў высмоктвала інтэлектуальныя, творчыя,
навуковыя сілы з ускраінаў – менавіта там гуртаваліся самыя здольныя, амбітныя,
актыўныя асобы. І нарэшце – без цара, занятага ў Стаўцы, якраз Петраград з 1915
года ператвараўся ў эпіцэнтр апазіцыйнага, дэмакратычнага, а затым і
рэвалюцыйнага руху.

З кнігі
“Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

Працяг будзе

Болей навін