Першыя выбары ў польскі Сейм. 1922
У сакавіку 1921 года ў Рызе быў падпісаны мір паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Беларусаў на перамовы не запрасілі – і ў выніку Беларусь аказалася падзеленай напалам. Усходняя частка краіны засталася пад уладай бальшавікоў – і любая грамадзянская, рэлігійная праца пачала там згортвацца пад страхам рэпрэсіяў, а заходняя (на захад ад Бягомля, Ракава, Слуцку, Лельчыцаў) апынулася ў складзе Польскай дзяржавы, і тут беларусам давялося зазнаць нацыянальны ўціск.
У выніку далейшая дзейнасць БХД амаль цалкам працякала ў Заходняй Беларусі – і мела сваёй задачаю як супрацьстаянне бальшавіцкай прапагандзе з Усходу, так і трыванне ціску з боку польскага дзяржаўнага ды касцёльнага апарату.
Першыя рэпрэсіі супраць сябраў БХД адзначаюцца ўжо ў чэрвені 1921 году: польскія ўлады беспадстаўна арыштавалі і змясцілі ў Лукіскі астрог найактыўнейшага ксяндза-беларуса, які працаваў на Віленшчыне – Міхала Пятроўскага, пробашча парафіі ў Барунах, як быццам за спробу дзяржаўнага перавароту. Заступніцтва беларускіх арганізацыяў і віленскіх дзеячаў прымусіла жандараў перавесці ксяндза Міхала на хатні арышт – але працаваць яму так і не дазволілі. Гэтаксама пад хатні арышт быў змешчаны Канстанцін Стэповіч (Казімір Сваяк). Напрыканцы 1921-га і на пачатку 1922-га улады спрабавалі задушыць “Крыніцу” – пад ціскам рэдактар Уладзіслаў Грыневіч адмовіўся ад выдання, і толькі ахвярнасць і настойлівасць хадэкаў дазволіла газэце, якую зачынялі і канфіскоўвалі па некалькі разоў на год, уваскрасаць зноў і зноў.
Віленшчына, занятая польскімі легіёнамі генерала Жалігоўскага, нібыта павінная была вызначыць свой лёс і прыналежнасць сама, на адпаведным Сейме – але, паколькі польская ўлада не стварыла роўных умоваў меншым нацыям і вяла справу да прызнання Віленшчыны польскай – беларусы гэты Сейм напачатку 1922-га году байкатавалі.
Разам з тым, БХД вырашыла ўдзельнічаць у выбарах у Польскі Сейм увосені 1922 году.
Беларусы ішлі на гэтыя выбары супольным фронтам – сацыялісты, хадэкі, беспартыйныя дамовіліся на прынцыпах агульнай згоды. Каардынаваў сумесную працу Беларускі цэнтральны выбарны камітэт у Вільні. Пра ролю і ўплыў БХД кажа той факт, што з 38 чальцоў камітэта 12 былі хрысціянскімі дэмакратамі.
Агулам беларусы атрымалі 11 пасольскіх мандатаў і 3 сенатарскіх. З хрысціянскіх дэмакратаў падчас гэтых выбараў дэпутатам Сейму быў абраны ксёндз Адам Станкевіч, які прайшоў па акрузе Дзісна, Паставы, Браслаў, Свянцяны. Сярод выбраных сенатараў апынуліся будучыя прыхільнікі БХД праваслаўныя Вячаслаў Багдановіч і Аляксей Назарэўскі.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”
Працяг будзе