БХД: каталікі і праваслаўныя
Асноўную працу ў
стварэнні беларускай хрысціянскай дэмакратыі правялі рыма-каталікі, прычым ядро
БХД склалі непасрэдна ксяндзы.
Прычына тут у
тым, што праваслаўная плынь хадэцыі аказалася пад бальшавіцкай акупацыяй – і
многія беларускія праваслаўныя святары – носьбіты агульнахрысціянскай
адкрытасці й дэмакратызму – былі проста фізічна вынішчаныя Саветамі.
Так, яшчэ ў
чэрвені 1917 года ў Маскве адбыўся з’езд беларускага праваслаўнага духавенства,
у якім брала ўдзел каля 700 (!) святароў. Пры гэтым з’езд прыняў рашэнне
дамагацца аўтаноміі Беларусі ў федэратыўнай дэмакратычнай расейскай рэспубліцы
і навучання ў школах па-беларуску.
Калі мы
супаставім гэты з’езд з гістарычным паседжаннем беларускага каталіцкага
духавенства ў Менску 24-25 траўня 1917-га – дык убачым, што і каталікі, і
праваслаўныя рушылі адной дарогай: патрабаванні супадалі амаль даслоўна. Пры
гэтым праваслаўных святароў было на парадак больш, чым іх братоў-каталікоў. Але
трагедыя праваслаўя была ў тым, што яно пасля Рыскай дамовы апынулася ў
крывавых жорнах савецкага атэізму.
Рэхам
чэрвеньскага з’езду 1917 года была і спроба стварыць ува Ўсходняй
Беларусі 1920-х Беларускую аўтакефальную царкву на чале з мітрапалітам
Мельхісэдэкам – але пасля масавых арыштаў, судоў і расстрэлаў гэтая мара
беларускага праваслаўя была пахаваная.
Але чым глыбей
хрысціянская дэмакратыя пранікала ў масу беларускага народу ў Заходняй Беларусі
(збольшага праваслаўнага), тым большую ролю ў БХД пачалі адыгрываць і
грэка-каталікі, і свецкія вернікі, і, нарэшце, уласна праваслаўныя.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя:
1917 – 2017”
Працяг будзе