Прычыны поспеху БХД

20 чэрвеня 2017 11:22  |  Галоўныя навіны

Прычыны поспеху БХД

 

У сярэдзіне
1920-х гадоў хрысціянска-дэмакратычны рух у Беларусі быў ужо выразна аформлены,
меў арганізацыйнае ядро і ўласную прэсу. Разам з тым, раздзяленне Беларусі
паміж Савецкім саюзам і Польшчай, бальшавіцкі тэрор ва Ўсходняй Беларусі і
нацыянальны ды ўнутрыканфесійны ціск у Заходняй, пагрозы камунізму ды фашызму і
раздрабненне беларускага незалежніцкага лагеру на мноства партыяў і групаў
ставілі пытанне пра выжыванне БХД рубам. Беларускія хрысціянскія дэмакраты
адказалі на выклікі і пагрозы годна ды вынікова: да 1930-х гадоў БХД сталася
адзінай беларускай нацыянальнай партыяй, што пашырыла свае шэрагі – і пранесла
бел-чырвона-белы сцяг Хрыста праз вялікія выпрабаванні паміж дзвюма сусветнымі
войнамі.

Першай і галоўнай
прычынай росквіту БХД, канечне, была яе вернасць хрысціянскім каштоўнасцям. І
сама назва, і праграмы, і характар дзеянняў, і склад ставілі ў цэнтр палітыкі
БХД Божыя пастановы і абарону чалавека ў евангельскім ключы. Шырокія колы
беларускіх вернікаў-каталікоў, а затым і праваслаўных убачылі ў хадэцыі
духоўнае, грамадскае, сацыяльнае і палітычнае апірышча.

Па-другое, БХД
цвёрда трымалася ідэалаў БНР. Ідэю незалежнасці Беларусі хрысціянскія дэмакраты
не прамянялі ані на ўгодніцтва з польскім урадам, што праводзіў паланізацыю
“крэсаў”, ані на прапаганду “ўз’яднання” з Савецкай Беларуссю, дзе часова ішла
беларусізацыя, але душылі гаспадара і верніка. У выніку менавіта БХД у
міжваенны час узяла на сябе і задачу адстойвання ідэі беларускай незалежнасці,
і арганізацыю штогадовых святкаванняў 25 сакавіка.

Па-трэцяе, БХД
прадстаўлялі яркія асобы. Найперш гэта, безумоўна, святары – Адам Станкевіч,
Вінцэнт Гадлеўскі, Уладзіслаў Талочка, Фабіян Абрантовіч, Язэп Германовіч і
іншыя выбітныя пастыры, літаратары, арганізатары ды проста абаяльныя, моцныя
людзі, кожны з якіх – легенда беларускага руху. Акрамя таго, хадэцыі ўдалося
заангажаваць цэлы пласт вядомых прафесіяналаў – музыку Паўла Карузу,
псіханеўролага Станіслава Грынкевіча, юрыста Віктара Ярмалковіча, агранома
Адольфа Клімовіча ды шэраг іншых. Такім чынам, БХД стала жывой ілюстрацыяй да
вядомага хадэцкага прынцыпу персаналізму.

Па-чацвёртае,
міжканфесійны характар. БХД не замкнулася ва ўтульнай каталіцкай клерыкальнай
нішы, а рашуча пайшла да супрацы з праваслаўнымі. Уключэнне ў склад кіраўніцтва
праваслаўных, стратэгічны хаўрус з Праваслаўным Беларускім Дэмакратычным
Аб’яднаннем, пашырэнне праграмных тэзаў і нават вызначэнняў (“Касцёл/Царква”),
супольныя праекты з ТБШ, дзе актыўна дзейнічалі метадысты, а таксама адсутнасць
канфесійнай нецярпімасці зрабілі БХД пляцоўкай для супрацы ўсіх хрысціянаў
Заходняй Беларусі.

Нарэшце, выразным
складнікам агульнага поспеху БХД стала народніцтва, альбо, як сфармулявалі яго
ў Заходняй Еўропе, папулярызм – імкненне бачыць грамадства ў яго цэласці і
адпавядаць інтарэсам як мага больш шырокіх колаў народу. Адсюль і вызначэнне
партыі як пераважна сялянскай, і масавая праца ў гаспадарчым, культурніцкім,
дабрачынным кірунках.

Калі б не
“санацыя”, бальшавіцкая акупацыя ды вайна – БХД мела ўсе шанцы ператварыцца ў
аналаг нямецкай ХДС-ХСС – масавую папулярную і нават дзяржаваўтваральную партыю.

 

З кнігі
“Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

Працяг будзе

Болей навін