“Дазвол ператвараецца ў забарону”. Суд зноў заняў бок уладаў у спрэчцы аб заяўцы на Дзень Волі
Падстаў для адмены ранейшага рашэння няма. Да такой высновы
ў чацвер прыйшла калегія Мінгарсуда, якая разглядала касацыйную скаргу
актывіста БХД Дзяніса Садоўскага наконт дзеянняў Мінгарвыканкама пры разглядзе
заяўкі на правядзенне Дня волі 25 сакавіка. Па словах арганізатараў, мэрыя
пратэрмінавала ўсе ўстаноўленыя законам тэрміны і дала адказ толькі за 18
гадзін да правядзення акцыі пратэсту.
Такім чынам, калегія пакінула ў моцы травеньскае рашэнне
суда Маскоўскага раёна Мінска.
Адзін з былых заяўнікаў акцыі Дзяніс Садоўскі ў судзе казаў
пра тое, што гарадскія ўлады груба парушылі дзеючы закон «Аб масавых
мерапрыемствах».
Шэсць арганізатараў мітынгу яшчэ 8 лютага падалі свае заяўкі
на правядзенне акцыі ў Менгарвыканкам. Па законе, крайняя дата атрымання адказу
– за пяць дзён да мерапрыемства. Але 20 сакавіка мэрыя адмяніла сустрэчу і
перанесла яе на 22 чысло. Але потым зноў адмяніла яе.
Гарвыканкам настойваў на тым, што пра сваё рашэнне апавясціў
заяўнікаў у тэрмін па пошце. Але лістоў так ніхто і не атрымаў.
У гэтай сітуацыі практычна ўсе арганізатары, акрамя
Аляксандра Макава, 23 сакавіка адклікалі свае заяўкі.
—Заяўнікі аказаліся ў сітуацыі, калі яны нясуць
юрыдычную адказнасць заправядзенне масавага мерапрыемства,
афактычна з’яўляюцца закладнікамі свавольства Мінгарвыканкама, –
патлумачыў свае дзеянні Дзяніс Садоўскі.
У выніку пакінуты заяўнік Аляксандр Макаў вечарам 24
сакавіка – за 18 гадзін да меркаванай акцыі атрымаў адказ з Мінгарвыканкама.
Гарадскія ўлады паставілі яго перад фактам: Дзень волі можна адзначыць раніцай
25 сакавіка ў Парку дружбы народаў. Апазіцыя на гэта не пагадзілася.
– Гэты адказ быў атрыманы ў канцы працоўнага дня ў пятніцу.
Мы ўжо фізічна немаглі заказаць гукаўзмацняльную апаратуру, заключыць
дамову зхуткай дапамогай, каб арганізаваць хоць мінімальную бяспеку для
людзей. Таму і спадар Макаў адазваў сваю заяўку, – распавёў Дзяніс Садоўскі.
Апазіцыя лічыць, што сваімі паводзінамі гарадскія ўлады
справакавалі масавыя затрыманні падчас несанкцыянаванага шэсця па праспекце
Незалежнасці на Дзень Волі. Нагадаем, у выніку мітынгу былі затрыманыя больш за
700 чалавек. Каля 150 з іх атрымалі штрафы ці арышты.
Дзяніс Садоўскі звярнуў увагу, што па законе ўлады павінны
былі загадзя ўзгадніць з заяўнікамі новы фармат акцыі. Але яны толькі паставілі
арганізатараў перад фактам.
– Калі нам штосьці непадабаецца ў рашэнні
Мінгарвыканкама, нам проста прапаноўваюць неправодзіць акцыю. Але гэта
нецывілізавана, гэта непавага датых людзей, якія хочуць паўдзельнічаць
угэтай акцыі, – лічыць актывіст БХД.
За дзеянні Мінгарвыканкама на судзе даваў справаздачу
начальнік аддзела грамадска-масавай работы Юрый Уральскі. Ён сказаў, што
прэтэнзіі асабіста ў яго адрас не зусім абгрунтаваныя.
– Як быццам бы я прымаю нейкія рашэнні, – сказаў Юрый
Уральскі. – А спадар Садоўскі наогул не можа несці скаргу ў суд, таму што
адмовіўся ад сваёй заяўкі.
Прадстаўнік мэрыі дагэтуль упэўнены, што ўлады закон не
парушалі. Уся віна за падзеі 25 сакавіка – на арганізатарах.
– Усе заяўнікі, якія адмовіліся ад правядзення масавага
мерапрыемства, з майго пункту гледжання, не распачалі дастатковых мер, каб
апавясціць удзельнікаў будучага масавага мерапрыемства, што яно не адбудзецца,
– сказаў на судзе прадстаўнік Мінгарвыканкама.
Акрамя гэтага, ён абвінаваціў апазіцыю ў масавых закліках
выйсці на вуліцы 25 сакавіка яшчэ да таго, як гарадскія ўлады далі на гэта
дазвол.
– Мінгарвыканкам пайшоў насустрач людзям. Таму што ў
грамадстве ёсць пэўная катэгорыя асоб, для якой 25 сакавіка – гэта свята.
Карыстаючыся сваімі правамі, Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне мерапрыемства
ў іншым месцы, – прывёў аргумент Юрый Уральскі.
Змена часу і месца правядзення акцыі пратэсту ён лічыць
законным.
– Паколькі ўсё арганізатары адмовіліся ад сваіх заявак, то
наш дазвол плаўна ператварыўся ў забарону, – адзначыў Уральскі.
Дзяніс Садоўскі збіраецца і далей абскарджваць рашэнне суда.