У Кіеве абмеркавалі, як спрасціць знаходжанне беларускіх палітэмігрантаў ва Украіне
У Кіеве 9 снежня адбылася экспертная дыскусія «Агульныя выклікі рэгіёну: украінска-беларуская салідарнасць на прыкладзе палітычнай міграцыі».
Падчас мерапрыемства, арганізаванага пры падтрымцы Фонду Конрада Адэнаўэра і «Belarus Free Center» беларускія і ўкраінскія палітыкі, праваабаронцы і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый абмеркавалі пытанні міграцыі, працаўладкавання і бяспекі беларускіх палітэмігрантаў ва Украіне.
Улічваючы рост рызыкаў на ўсходніх і паўночных межах, многія ўкраінскія палітыкі ўсё часцей называюць афіцыйны Менск дадатковай пагрозай для Украіны. Гэта таксама пагроза для беларускага дэмакратычнага руху і, у прыватнасці, для актывістаў, якія шукаюць абароны ва Украіне. Удзельнікі дыскусіі мяркуюць, што салідарнасць і ўзаемная падтрымка ў цяперашнім крызісе дапамогуць умацаваць дэмакратычны рух у рэгіёне для вырашэння агульных задач.
Разам з тым выступоўцы адзначалі шэраг складанасцяў у легалізацыі, афіцыйным працаўладкаванні і гарантаванні бяспекі для беларускіх мігрантаў. У сувязі з гэтым Украіна многімі разглядаецца як транзітная краіна: у яе лёгка з’ехаць беларусам, але цяжка адаптавацца. Пытанні, узнятыя ў дыскусіі, знаходзяць разуменне сярод украінскіх палітыкаў і пэўныя пазітыўныя зрухі ёсць, але яны досыць павольныя з прычыны бюракратычных перашкодаў.