У Беластоку адбыўся з’езд БХД. Віталь Рымашэўскі прапанаваў супрацоўніцтва і аб’яднанне хрысціянскіх дэмакратаў

27 кастрычніка 2026 12:48  |  БХД,  Галоўныя навіны,  Навіны

У кастрычніку 2026 года дзве плыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (БХД) правялі свае асобныя з’езды: 17–18 кастрычніка ў Варшаве адбыўся агульны сход «Беларускай салідарнасці / хрысціянскіх дэмакратаў», а 24 кастрычніка ў Беластоку — З’езд аднаўлення БХД. Нягледзячы на арганізацыйны падзел, абедзве плыні, якія маюць агульную гісторыю, традыцыі і каштоўнасці, разлічваюць на далейшае збліжэнне і аб’яднанне беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху і працуюць над наладжваннем супрацоўніцтва і ўзаемнай падтрымкі.

24 кастрычніка ў Беластоку адбыўся з’езд БХД, прымеркаваны да 100-годдзя заснавання гістарычнай партыі БХД. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 150 дэлегатаў і гасцей з розных краін Еўропы, у тым ліку прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных арганізацый і еўрапейскіх палітычных сілаў.

Падчас з’езда ўдзельнікі абмеркавалі далейшую стратэгію дзейнасці хрысціянскіх дэмакратаў і абралі кіраўніцтва. Старшынём БХД быў абраны Павел Севярынец. Таксама былі абраныя намеснікі старшыні і Нацыянальная рада.

У беластоцкім з’ездзе ўзяў удзел Віталь Рымашэўскі — сустаршыня «Беларускай салідарнасці / хрысціянскіх дэмакратаў», кіраўніцтва якой было абранае на агульным сходзе ў Варшаве 17–18 кастрычніка. Ён павітаў удзельнікаў з’езда і выступіў з прапановай наладзіць партнёрства паміж дзвюма плынямі БХД.

«У нас агульная гісторыя, агульныя хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці і агульная мэта. Нягледзячы на тое, што сёння мы працуем у дзвюх арганізацыйных плынях, мы павінны заставацца партнёрамі і саюзнікамі. Мы прапануем супрацоўніцтва на прынцыпах узаемнай павагі, раўнапраўя і падтрымкі, каб разам працаваць дзеля Беларусі. Перакананы, што нам неабходна шукаць шляхі да збліжэння і аб’яднання беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Раней удзельнікі варшаўскага сходу таксама выказалі падтрымку правядзенню з’езда сваіх калег у Беластоку і зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве.

Абедзве плыні беларускай хрысціянскай дэмакратыі падкрэсліваюць сваю пераемнасць з гістарычнай БХД, заснаванай у 1926 годзе, і прыхільнасць хрысціянска-дэмакратычным каштоўнасцям, незалежнасці Беларусі, дэмакратыі і абароне правоў чалавека. Правядзенне двух з’ездаў і ўзаемны дыялог паміж іх прадстаўнікамі адкрываюць магчымасці для далейшага супрацоўніцтва і паступовага аб’яднання беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху.

Болей навін