БХД звяртаецца да Каталіцкага Касцёлу з просьбай ушанаваць памяць Адама Станкевіча
Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” звяртаецца да кіраўніцтва Рымска-Каталіцкага Касцёла на Беларусі з просьбай ушанаваць памяць беларускагаа святара, аднага з заснавальнікаў БХД Адама Станкевіча, якому 6 студзеня спаўняецца 120 гадоў. Зварот кіраўніцтву Касцёла будзе перададзены 6 студзеня. Поўны тэкст звароту:
Яго Эксцэленцыі ксяндзу арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу,
Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, адміністратару Пінскай дыяцэзіі
Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Аляксандру Кашкевічу,
біскупу Гродзенскай дыяцэзіі
Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Антонію Дзям’янку,
дапаможнаму біскупу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Уладзіславу Бліну,
ардынарыю Віцебскай дыяцэзіі
Яго Эксцэленцыі ксяндзу біскупу Казіміру Вялікасельцу,
дапаможнаму біскупу Пінскай дыяцэзіі
Мінск, 06.01.2012
Шаноўныя Ксяндзы Арцыбіскуп і Біскупы!
Сёння. 6 студзеня беларусы адзначаюць 120-годдзе народзінаў Адама Станкевіча, беларускага ксяндза, гісторыка, выдаўца, грамадскага дзеяча і пакутніка, які скончыў жыццё ў савецкім ГУЛАГУ.
Адам Станкевіч нарадзіўся 6 студзеня 1892 года ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павету, цяпер Смаргонскага району. Вучыўся ў Ашмянах, Вільні і Пецярбургу. Быў пасвечаны ў святары ў 1914 годзе.
Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, адзін з ініцыятараў правядзення і ўдзельнік з’езду Беларускага Каталіцкага Святарства 24 і 25 траўня 1917 года ў Мінску. У 1917 адным з першых перайшоў да казанняў на Беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў. Кандыдат кананічнага права ў 1918 годзе, з 1919 года выкладаў рэлігію ў Віленскай Беларускай Гімназіі. У жніўні 1919 і з верасня 1922 гадоў – рэдактар і выдавец хрысціянскай дэмакратычнай газеты “Крыніца”. У 1922-28 гг. быў паслом Польскага Сейму. У 1924-26 гг. узначальваў Таварыства Беларускай Школы, быў старшынём і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК). У 1928-39 гг. рэдактар і выдавец часопіса “Хрысьціянская Думка”. На 4-м З’езде БХД быў абраны Сябрам Цэнтральнага Камітэта Партыі. Вёў Набажэнствы на беларускай мове ў касцёле Св. Мікалая ў Вільні.
Адам Станкевіч – аўтар шматлікіх літаратурных твораў, як уласна рэлігійных для беларусаў-каталікоў, так і грамадска-палітычных і гістарычных, літаратурных партрэтаў дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, кніг і брашур з распрацоўкай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі, па гісторыі хрысціянства на Беларусі, беларускага нацыянальнага адраджэння і асветы. Самыя буйныя і значныя яго манаграфіі – «Родная мова ў святынях» (1929), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення» (1934), «Хрысціянства і беларускі народ: (Спроба сінтэзы)» (1940).
У 1938 годзе Станкевіч быў высланы польскай адміністрацыяй на 5 гадоў у Слонім. Восенню 1939 года вярнууся ў Вільню і стаў дырэктарам Беларускай Дзяржаўнай Прагімназіі. 7 снежня 1944 года быў арыштаваны савецкімі ворганамі НКВД. 13 красавіка 1949 арыштаваны другі раз, 31.08.49 асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у Лукішках, потым у АЗЕРЛАГУ Тайшэт Іркуцкай вобласці, дзе і памёр. Пахаваны 10.12.49 каля вёскі Шаўчэнкі Тайшэцкага району.
Ксёндз Адам Станкевіч – адзін з вялікіх Беларусаў, хто ахвяраваў сваё жыццё за Бога і Айчыну! Лічым, што ўшанаванне памяці аб ім з’яўляецца нашым супольным абавязкам. Гэты Вялікі Сын Беларускага народа, выбітны святар можа стаць светлым прыкладам і натхненнем для беларускіх святароў і ўвогуле для маладых людзей. Ён як Хрыстос паклаў сваё жыццё як ахвяру на алтар і прынёс вялікі плён для нашай зямлі: ягоныя кнігі актуальныя і сёння, а большасць яго ініцыятываў трывае да цяперашняга дня.
Шаноўны Ксёндз Арцыбіскуп! Шаноўнае Святарства!
Звяртаемся да Вас з просьбай узяць удзел ва ўшанаванні памяці гэтага выбітнага каталіцкага святара і дапамагчы нам у будучыні правесці наступныя мерапрыемствы:
1) Правядзенне ўрачыстых набажэнстваў у памяць кс. Адама Станкевіча
2) Наданне вуліцам Менску, Смаргоні, Гародні, Слоніма Імя Кс. Адама Станкевіча
3) Усталяванне памятных шыльдаў і помнікаў у гонар кс. Адама Станкевіча
4) Правядзенне навукова-практычнай канференцыі “Адам Станкевіч”
З павагай і малітвай,
Георгі Дзмітрук, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
Віталь Рымашэўскі, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
Павал Севярынец, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”