Айцец Дзмітрый Первій: Дзяржынскі – не наш ідэал
Бабруйская праваслаўная епархія мае намер дамагацца кананізацыі святароў, расстраляных за адданасць веры ў часы бальшавіцкага і сталінскага тэрору. У тым, што царква прызнае забітых святароў пакутнікамі за веру, сумневаў у епархіі няма, а вось свецкага ўвекавечання іх памяці, лічаць тут, прыйдзецца чакаць доўга.
Пакуль Бабруйская епархія падала ў камісію па кананізацыі Беларускай праваслаўнай царквы звесткі толькі аб адным забітым святары – Паўле Сеўбе. Яго расстралялі па прысудзе “тройкі” 16 лютага 1938 года. Перад арыштам ён хрысціў немаўля. Святара абвінавацілі ў “антысавецкай дзейнасці” і “ўдзеле ў контррэвалюцыйнай кулацкай арганізацыі”.
“У праваслаўным веравучэньні апошні подзвіг – вызначальны. Ён верыў, што калі не пойдзе хрысціць, дык захавае жыццё сабе, але тады, магчыма, немаўля памрэ нехрышчоным. Ён быў упэўнены, што яго арыштуюць – тады, у 1937 годзе, спадзявацца не было на што “, – тлумачыць кіраўнік епархіяльнага аддзела кананізацыі святых айцец Дзмітрый Первій.
Паводле яго слоў, дыяцэзія рыхтуе звесткі ў камісію яшчэ на чатырох забітых святароў. Працэс кананізацыі надзвычай працяглы, кажа ён, бо патрабуе дакладных сведчанняў бездакорнага служэння веры. Колькі было знішчана святароў у 20-30-я гады мінулага стагоддзя на тэрыторыі дыяцэзіі, дакладна пакуль не ўстаноўлена.
“Сто адзінаццаць чалавек – гэта толькі святароў. Практычна ва ўсіх выпадках у прысудах былі запісаны і простыя прыхаджане. Калі казаць пра свецкіх, дык гэта тысячы чалавек. Пакуль за іх вядуцца толькі памінальныя службы”, – адзначае айцец Дзмітрый.
Ці доўга прыйдзецца чакаць ўвекавечання памяці пакутнікаў за веру ў свецкага жыцця?
“Для таго каб адбылося грамадскае прызнанне, – кажа ён, – неабходна пэўная пазіцыя улады, каб яна дыстанцыявалася ад таго, што адбывалася ў тыя страшныя гады. А калі цяпер кажуць пэўныя структуры, што Дзяржынскі – наш ідэал, дык мы катэгарычна з гэтым не згодныя і патрабуем прызнання злачыннага характару такіх дзеянняў “.
У Бабруйску, на плошчы Перамогі, усталяваны памятны знак ахвярам масавых рэпрэсій. У мінулым годзе на Дзмітраўскія Дзяды да яго са свечкамі ад Свята-Мікалаеўскага сабора, каб ушанаваць памяць бязвінна забітых, збіраліся дайсці чацвёра актывістаў. Іх затрымалі, а пазней прызналі вінаватымі ў несанкцыянаваным палітычным шэсці.
У абарону актывістаў выступіла Бабруйская праваслаўная епархія. Святары прасілі, каб суддзя Таццяна Тарабуева ўлічыла тое, што маладых людзей затрымалі каля царквы са свечкамі на Дзяды, і каб падышла да разгляду справы далікатна. У выніку актывістам прысудзілі па 700 тысяч рублёў штрафу.