Аб краіне вялікай хлусні
Сядзібу каля Ракава мы купілі пяць гадоў таму. Побач з гаспадарскай хатай стаяла раскіданая дзедаўская хаціна – груда цэглы і рэшткі бярвенняў. Разбіраючы гэтыя завалы, муж знайшоў там папяровы схоў – антысавецкія газеты 30-ых гадоў.
Уявіце сабе: за нейкі дзесятак кіламетраў ад мяжы грамадзянін Польшчы, просты селянін і пчаляр, выпісвае тры выданні: два эмігранцкія і адно царкоўнае, праваслаўнае. Дзіўна яшчэ і тое, што гэты папяровы архіў захоўваўся і пры новай уладзе, калі Заходняя Беларусь уз’ядналася з савецкай, што ён праляжаў у хаце вайну і пасляваенныя часы – аж да нашага часу. 60 з лішнім год!
Штотыднёвік “Меч”, які каштаваў 20 грошаў, нягледзячы на ваяўнічую назву, адрозніваўся ўзважанай аналітыкай і спакойным тонам. Ішоў ён у Чэхію, Югаславію, іншыя краіны, дзе аселі ўцекачы ад рэвалюцыі, і асвятляў палітычныя падзеі Еўропы ды сітуацыю ў СССР. “Рука Москвы”, “Беспорядки в Палестине”, “Почему они сознаются”… Здаецца, што гэта напісана сёння! Цалкам збыліся – і досыць хутка – палітычныя прагнозы аўтараў наконт таго, што набіраючая моц Германія скарыстаецца слабасцю Расіі.
Расія, між тым, нішчыла і свой інтэлектуальны патэнцыял, і воінскія кадры, і лепшых сялян. Абвастрылася ўнутрыпартыйная барацьба. Бухарынскі працэс, адстаўка Яжова, гонка марскіх узбраенняў, замах на Сталіна – усё гэта асвятлалася на старонках газеты. “В стране великой лжи” – вось красамоўны загаловак, які перадае сутнасць бесчалавечнага сталінскага праўлення.
У матэрыяле “Почему они сознаются” аўтары разважаюць пра тое, якімі спосабамі і метадамі ад арыштаваных здабываюць добраахвотныя прызнанні: “Да, я шпион, провокатор, изменник, убийца…”. Гэта ўяўлялася феноменам: падсудныя са скуры лезлі, каб абгаварыць самі сябе, нават папраўлялі пракурора, калі той нешта ўпускаў. Вам гэта нічога не нагадвае пра рэчаіснасць роднай Беларусі? У нас таксама лёгка прызнаюцца ў тым, чаго не рабілі, агаворваюць таварышаў, просяць памілавання без віны, адмаўляюцца ад подпісаў за рэгістрацыю партыі…
Прывяду вытрымкі з артыкула “Линия фронта” (за 30.01.1938 г.): “Идеал воспитания – чекист. Идеал писателя – чекист. (…) Двусмысленный и сомнительный ореол партии, скомпрометированной Сталиным и окончательно заплеванной Ежовым, ныне усиленно реставрируется и приклеивается к Чека – ГПУ – НКВД. (…) Перед выборами Жданов, перечисляя “три силы” на которых зиждется советское могущество, на первое место выдвинул НКВД, на второе поставил армию и лишь третье отдал “мудрой политике партии”. Далей гаворыцца, што партыя ў палітычным значэнні даўно ператварылася ў фікцыю, аднак ГПУ зусім не фікцыя, а “самая неоспоримая реальность”, ад якой залежаць лёсы людзей.
Аказваецца, наша грамадства адкінула далей, чым мы думалі: не ў СССР пасляваенны з яго ўраўнілаўкай і адносным “пацяпленнем”, а менавіта ў сталінскія, ганебныя для краіны гады. Нездарма дыктатара хтосьці атэставаў, як “геніяльна амаральнага”. Так недалёка і да Паўночнай Карэі… Згадваецца жахлівае сведчанне, нядаўна надрукаванае ў “Народнай волі”: схудалых, змучаных жанчын паставілі выказваць радасць з нагоды прыезду замежных гасцей, яны мусілі бесперапынна падскокваць, дэманструючы экстаз, а за іх спінамі хаваліся грамілы з палкамі…
Распавядала выданне пра тэракт у рэдакцыі эмігранцкай газеты “Голос России”, дзе ўзарвалі “адскую машину”, пра царкоўную палітыку “бязбожнай дзяржавы”, якая за 20 год так і не здолела адарваць ад Бога “порабощенных людей”. Надрукавана інфармацыя з ваколіц Познані пра тое, што падчас ранішняга богаслужэння у касцёле быў забіты ксёндз Стрэйх. Стрэлілі з натоўпу вернікаў. Калі ксёндз упаў, забойца выскачыў на амбон і крыкнуў: “Да здравствует коммунизм!”. Натоўп вывалак камуняку з храма і хацеў над ім “свершить самосуд”. Пазней яго заслужана пакаралі.
Стыль асобных публікацый падаецца проста бліскучым. Мяркуйце самі: «24 июня появилось неминуемое, неотвратимое, как старость, как смерть, ежегодное постановление совнаркома «об уборке урожая 1938 г.».
Мяне ўразілі разважанні пра здзіўляючы сваёй вынослівасцю рускі народ, які, на думку журналіста, і не заслугоўвае «лучшей участи». Тут ёсць пра што падумаць, асабліва ў святле эканамічных санкцый для Беларусі з боку некаторых краін…
У артыкуле, прысвечаным 20-годдзю СССР, падалася справядлівай думка пра “закон зношваемасці” ва ўсіх рэжымах. Шкада, што яны “зношваюцца” не так хутка, як нам хацелася б…