Ці грэх займацца палітыкай?
Ці грэх праваслаўнаму хрысціяніну займацца палітычнай дзейнасцю?
Першы адказ знаходзім ў святцах: святая роўнаапостальная князёўна Вольга, святы благаверны роўнаапостальны князь Ўладзімір, святыя дабраверныя князі-пакутнікі Барыс і Глеб, святы дабраверны князь Расціслаў Смаленскі, святая дабраверная княгіня Еўпраксія Пскоўская, святы дабраверны князь Аляксандар Неўскі, святая дабраверная царыца Грузіі Тамара… Ім і шматлікім другім услаўленным святым даводзілася займацца палітыкай нават ў сучасным абывацельскім значэнні.
А для святароў і епіскапаў палітычная дзейнасць – прамы абавязак. Бо палітыка (грэч. πολιτική — ад πολισ: город; першапачаткова — майстэрства кіравання горадам), па сутнасці, мае быць майстэрствам упраўлення (дзяржавай, горадам, арганізацыяй, абшчынай…). У навуковай і ўласнацаркоўнай літаратуры даўно ва ўжытку тэрмін “палітыка Царквы”, які азначае дзейнасць царкоўнага ўпраўлення, накіраваную на здзяйсненне задач Царквы ў стасунках з дзяржавай і грамадствам.
А апостал Павел заклікае да заняткаў палітыкай хрысціян не заўважаючы на іерархічнае становішча. У Пасланні да Піліпянаў (рус.: к Филлипийцам) ён піша:
“Толькі годна дабравешчання Хрыстовага жывеце…” (Плп. 1:27)
Тут у грэцкім арыгінале паслання замест “жывыце” ўжыты вытворны ад πολιτική дзеяслоў — πολιτευω. Ён азначае і быць грамадзянінам, і браць удзел у кіраванні дзяржавай. Няхай ў пасланні апостал заклікае быць актыўнымі і годнымі грамадзянамі Царства Нябеснага, аднак спосаб ўжывання тэрміна паказвае, што палітычная актыўнасць мае быць сінонімам грамадзянскай актыўнасці.
Другі раз апостал ужывае дзеяслоў πολιτευω, гаворачы пра сябе:
“Мужы браты! Я ўсім шчырым сумленнем жыў (πεπολιτευμαι) перад Богам па сёньняшні дзень” (Дз. 23:1)
Здаецця немагчыма прыдумаць лепшага слова, каб так засведчыць пра сваё жыццё перад сінедрыёнам. Бо быць добрым грамадзянінам у Ізраіле азначала амаль тое ж, што быць добрым іудзеям: межы “народа Божага” амаль супадалі з межамі Ізраіля як нацыянальна-палітіычнай супольнасці.
Новазапаветны Ізраіль, якім мае быць Царква Хрыстова, насупраць мае Сусветны характар.
“Адзінства гэтага новага народа забяспечваецца не нацыянальнай, культурнай ці моўнай агульнасцю, але верай у Хрыста і Хрышчэннем. Новы народ Божы “не мае тут сталага горада, а шукае будучага” (Габр. 13:14). Духоўная радзіма ўсіх хрысціян — не зямны, але “вышэйшы” Іерусалім (Гал. 4:26)” [Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, II.1]
“Сусветны характар Цэрквы, аднак, не азначае таго, каб хрысціяне не мелі правы на нацыянальную самабытнасць, нацыянальнае самавыяўленне. Насупраць, Царква злучае ў сабе сусветны пачатак з нацыянальным. Так, Праваслаўная Царква, якая мае быць сусветнай, складаецца са мноства Аўтакефальных Памесных Цэркваў. Праваслаўныя хрысціяне, усведамляючы сябе грамадзянамі нябеснай айчыны, не павінны забываць і пра сваю зямную радзіму…” [АСК РПЦ, II.2]
А дбанне пра дабрабыт зямной айчыны, свайго народа перарыўна злучана з зямным πολιτευω – з актыўнай грамадзянска-палітычнай пазіцыяй.
Так, дасягненне выратавальнай вечнасці не залежыць ад нацыянальнай прыналежнасці, і адзнака аб амерыканскім грамадзянстве ніколькі не палегчыць атрыманне грамадзянства ў Царстве Божым (Рым. 10:11-13; Кал. 3:11). Віза ў Нябёсную Айчыну – пакорнамудрая любоў (1Пят. 5:5; 1 Ян. 4:7-8). І хаця хрысціяне пакліканы любіць ўсіх, улучаючы ворагаў (Мцв. 5:44), аднак хрысціянская любоў строга-іерархічная. Бога мы павінны любіць больш, чым бліжніх, хаця б яны былі нашымі роднымі па крыві (Мцв. 10:34-38). Нашыя адносіны да бацькоў павінны адрознівацца ад любові да іншых суайчыннікаў (Мцв. 19:19 – звярніце ўвагу на выкарыстанне розных дзеясловаў у дачыненні бацькоў і бліжніх). А наша любоў да свайго народа павінна быць больш дзейснай, чым любоў да народаў іншых (Рым. 9:3-4).
На гэтым і заснаваны хрысціянскі патрыятызм, які бачыць ў зямной бацькаўшчыне ікону Айчыны Нябёснай. І пры умове, што вобраз не падмяняе сабой Першавобраз, што служэнне зямному мае быць формай служэння Нябёснаму, такі патрыятызм становіцца формай святога падзвіжніцтва, шляхам да вяршыняў святасці і вечнасці ў Богу:
“Рускія агіяграфічныя крыніцы ўсхваляюць святога дабравернага князя Міхаіла Цвярскога, які “паклаў душу сваю за сваю айчыну”, параўноўваючы яго подзвіг з пакутніцкім подзвігам святога вялікамучаника Дзімітрыя Салунскага, “благаго отечестволюбца… рекша про отчину свою Селунь град: Господи, аще погубиши град сей, то и аз с ними погибну, аще ли спасеши и, то и аз спасен буду “. Ва ўсе эпохі Царква заклікала сваіх дзяцей любиць зямную айчыну і не шкадаваць жыцця для яе абароны, калі ёй пагражала бяспека” [АСК РПЦ, II.2]
“Праваслаўны хрысціянін закліканы любіць сваю айчыну, якая мае тэрытарыяльнае вымярэнне, і сваіх братоў па крыві, што жывуць па ўсім свеце. Такая любоў з’яўляецца адным са спосабаў выканання запаведзі Бога пра любоў да блізкага, што ўключае любоў да сваёй сям’і, супляменнікаў і суграмадзянаў.
Патрыятызм праваслаўнага хрысціяніна павінен быць дзейсным. Ён выяўляецца ў абароне айчыны ад непрыяцеля, працы на выгоду айчыны, клопату пра лад народнага жыцця, у тым ліку шляхам удзелу ў справах дзяржаўнага кіравання [выдзелена мной – А.Н.]. Хрысціянін закліканы захоўваць і развіваць нацыянальную культуру, народную самасвядомасць”, — сведчаць “Асновы сацыяльнай канцэпцыі РПЦ” [АСК РПЦ, II.3]
І дадаюць:
“Нішто не перашкаджае ўдзелу праваслаўных міранаў у дзейнасці органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, палітычных арганізацый [выдзелена мной – А.Н.]. Мала таго, такі ўдзел, калі ён здзяйсняецца ў згодзе з веравучэннем Царквы, яе маральнымі нормамі і яе афіцыйнай пазіцыяй па грамадскіх пытаннях, з’яўляецца адной з формаў місіі Царквы ў грамадстве. Міране могуць і закліканы, выконваючы свой грамадзянскі абавязак, удзельнічаць у працэсах, злучаных з выбарамі ўладаў усіх узроўняў, і садзейнічаць любым маральна апраўданым распачынанням дзяржавы” [АСК РПЦ, V.3]
І на завяршэнне яшчэ адна цытата з гэтага афіцыйнага, аднак забытага беларускімі вернікамі дакумента РПЦ, які зацверджаны аўтарытэтам Архіерэйскага Сабора:
“Удзел праваслаўных міранаў у дзейнасці органаў улады і палітычных працэсах можа быць як індывідуальным, так і ў рамках адмысловых хрысціянскіх (праваслаўных) палітычных арганізацый ці хрысціянскіх (праваслаўных) складовых частак буйнейшых палітычных аб’яднанняў…
Існаванне хрысціянскіх (праваслаўных) палітычных арганізацый, а таксама хрысціянскіх (праваслаўных) складовых частак шырэйшых палітычных аб’яднанняў успрымаецца Царквой як станоўчая з’ява, якая дапамагае міранам разам ажыццяўляць палітычную і дзяржаўную дзейнасць на аснове хрысціянскіх духоўна-маральных прынцыпаў” [АСК РПЦ, V.4]
(с) Алег Нагорны, сябар аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”