Кампанія “Моцная сям’я – моцная Беларусь”
Наспеў час звярнуць пільную ўвагу на адну з самых вострых праблемаў нашага грамадства – дэмаграфічную сітуацыю. Сучаснае становішча ў Беларусі сведчыць пра відавочны дэмаграфічны крызіс.
Алкагалізм застаецца асноўнай заганай беларускага грамадства. Продаж алкагольных напояў ў Беларусі – адзін з самых вялікіх паказчыкаў у свеце. Каля 30% беларускіх мужчынаў у той ці іншай ступені хворыя на алкагалізм. Алкагалізм – прычына 50% разводаў і абсалютнай колькасці сіроцтваў.
У Беларусі усё больш востра стаіць праблема наркаманіі. За апошнія 10 год колькасць наркаманаў у нашай краіне павялічылася ў некалькі разоў. Па гэтай прычыне ўзрасла колькасць хворых на СНІД, гепатыт В і С, сіфіліс, туберкулёз.
Паступовая дэградацыя маралі выклікае разбурэнне сям’і. На кожныя 1000 шлюбаў прыходзіцца 386 разводаў (на 1 кастрычніка 2015 года). Кожная трэцяя сям’я развальваецца. Павялічваецца колькасць дзяцей, народжаных па-за шлюбам – цяпер гэта каля 20 тыс. штогод.
Аборты – адна з самых балючых праблемаў нашай краіны, найвялікшае зло, якое мы здзяйсняем супраць саміх сябе. Усяго ў Беларусі за пасляваенны перыяд (з 1945 г. па 2015 г.) было абартавана каля 8 млн. 700тыс. дзяцей. Амаль цэлая Беларусь.
Менавіта таму нашай першачарговай задачай мы бачым арганізацыю і правядзенне кампаніі “МОЦНАЯ СЯМ’Я – МОЦНАЯ БЕЛАРУСЬ”.
Толькі факты:
• У Беларусі толькі паводле афіцыйнай статыстыкі кожнае шостае зачатае дзіця забіваецца. Гэта значыць, кожны шосты беларус.
• Каля 30% мужчынаў ў той ці іншай ступені хворыя на алкагалізм.
• Каля 40% шлюбаў у нашай краіне распадаюцца.
• Кожнае трэцяе дзіця нараджаецца па-за шлюбам.
• Штогод у Беларусі абартуюцца дзясяткі тысячаў дзяцей.