Эвалюцыя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў святле яе палітычных праграм // Спадчына. – №1. – 2006.
Гісторыя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі заслугоўвае большай увагі грамадства ўжо толькі па той прычыне, што БХД была ці не адзінай за ўсю гісторыю Беларусі класічнай палітычнай партыяй, якая, абараняючы прынцып незалежнасці Беларусі, мела даволі значныя ўплывы сярод насельніцтва і праіснавала больш дваццаці гадоў. Аб дзейнасці БХД і яе ідэалагічных асновах пісалася ўжо неаднаразова,i мы ж прапануем чытачам “Спадчыны” азнаёміцца з некалькімі сведчаннямі эпохі – палітычнымі праграмамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, якія былі прынятыя яшчэ ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя. Дадзены артыкул з’яўляецца сваеасаблівым каментарам да надрукаваных ніжэй дакументаў.
Афіцыйнай датай заснавання Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі лічыцца 24-26 мая 1917 г., калі ў Мінскім кафедральным касцёле адбыўся з’езд прыкладна 30-ці прыхільных да беларускага руху ксяндзоў. Арганізатарамі з’езду былі кс.кс. Л. Хвецька, А. Астрамовіч, Ф. Будзька, А. Цікота і Ф. Абрантовіч – ранейшыя заснавальнікі і ўдзельнікі беларускіх гурткоў у духоўных навучальных установах Вільні і Санкт-Пецярбурга.ii З’езд фармальна завяршыў стварэнне арганізацыі беларусаў-каталікоў, якая атрымала назву Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць (БХДЗ). У палітычным плане ксяндзы-беларусы абмежаваліся рэзалюцыяй аб імкненні да шырокай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай рэспублікі, і прынялі шэраг рашэнняў аб неабходнасці ўвядзення беларускай мовы ў касцельнае набажэнства, навучанні клерыкаў-беларусаў па-беларуску, заснаванні партыйнай газеты.
Асабліва актыўную дзейнасць разгарнулі беларускія хадэкі ў канцы 1919 – першай палове 1920 г. у Мінску, які ў той час знаходзіўся пад кантролем польскіх войскаў. У Мінску працавала каталіцкая духоўная семінарыя, рэктарам якой быў кс. Фабіян Абрантовіч, дзейнічала некалькі гурткоў партыі, у склад якіх уваходзіла ад 300 да 500 чалавек. Менавіта ў Мінску ў пачатку 1920 г. была надрукавана кніжка “Устава і праграма Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці Беларусаў”, на старонках якой можна было ўбачыць першую праграму беларускіх хадэкаў. Праграма 1920 года мела на сабе яўны адбітак класічнай заходнееўрапейскай хрысціянска-дэмакратычнай сацыяльнай дактрыны і можна сказаць, была не столькі палітычнай праграмай, колькі кароткім выкладаннем гэтай дактрыны. Гэта бачна ўжо хоць бы з таго, што большасць пунктаў праграмы была прысвечана справам жыцця рабочых, а не сялян, якія складалі ў той час пераважную большасць беларускай нацыі. У праграме гаварылася аб неаходнасці стварэння рабочага заканадаўства, магчымасці заснавання прафсаюзаў рабочых, годнай узнагародзе працы, пенсіях, адпачынках па хваробе і цяжарнасці.
Вельмі шмат увагі прысвячалася рэлігійным справам, пашырэнню ўплываў каталіцкага касцёла на грамадскае жыццё, школу, войска і г.д. Для вырашэння зямельнага пытання прызнавалася неабходным падзяліць паміж беззямельнымі сялянамі дзяржаўныя землі, падымаць аграрную культуру вяскоўцаў, абмежаваць прыватную ўласнасць, абклаўшы яе вялікімі падаткамі. Аб ліквідацыі буйных памешчыцкіх і царкоўных латыфундыяў не гаварылася.
Праграма падкрэслівала, што Беларусь павінна быць незалежнай і адзінай дэмакратычнай рэспублікай, якой бы кіраваў Сойм, выбраны агульным галасаваннем.
Пасля адыходу Мінска ў склад Савецкай Беларусі галоўным асяродкам дзейнасці БХДЗ стала Вільня, дзе з восені 1919 г. кс. Ад. Станкевіч выдаваў газету “Крыніца”. Сутыкнуўшыся з неабходнасцю работы сярод шырокіх мас беларускага сялянства, беларускія ксяндзы, асабліва з маладзейшага пакалення, пачалі прыстасоўваць хрысціянска-дэмакратычную ідэалогію да мясцовых патрэбаў. Кс. Ад. Станкевіч пазней выдзяляў наступныя ўмовы дзейнасці беларускіх хадэкаў: 1. неабходнасць працаваць сярод выключна сялянскай масы беларусаў у той час, калі заходнееўрапейская хадэцыя існавала як ідэалогія пралетарыяту 2. неабходнасць пашыраць свае ўплывы на праваслаўнае насельніцтва, што стварала вялікія цяжкасці для каталіцкай партыі 3. надзвычайная актуальнасць для БХД беларускіх нацыянальных спраў, калі заходнееўрапейскія хадэкі працавалі ў сваіх незалежных дзяржавах і ўвогуле нацыянальнай праблематыкі не ўздымалі. Не пабаюся сцвердзіць, што для большасці беларускіх ксяндзоў менавіта апошняя справа (барацьба за незалежнасць Беларусі) і стала пуцяводнай зоркай пры выбары жыццёвага шляху. Прывядзем тут словы аднаго беларускага ксяндза, якія прагучалі ў студзені 1918 г. пад час беларускай канферэнцыі ў Вільні: “Не падлягае пытанню, што ад той пары, як жыве чалавецтва, найвялікшай павагай карысталася асоба маці, нянькі, апекуна, настаўніка. Натуральнай прычынай гэтага шанавання былі адносіны гэтых людзей да жыцця, да дзіцяці, якое расце і развіваецца пад іх апекай, здабывае навуку і культуру сэрца дзякуючы іх працы і так робіцца даспелым чалавекам і добрым сынам свайго народа. З другога боку, мы ўсе ведаем, што няма, бадай, на свеце большага граху і страшнейшай крыўды, чым каінава злачынства, забойства і задушэнне жыцця, гвалт мацнейшага над слабейшым. З гэтага параўнання ўжо відаць, дзе павіннае быць месца каталіцкага каплана: ці побач з тымі, што з мацярынскай клапатлівасцю даглядаюць жыццё народа, ці разам з тымі, хто жадае яму, як народу, хуткай індывідуальнай смерці, знішчэння. Тым лягчэйшым быў для мяне тут выбар, што паходжаннем я звязаны з беларускім народам. Такім чынам, сёння, калі будуць вырашацца лёсы беларускага народа, маё месца з ім, з народам, пакінутым і забытым да гэтага часу ўсімі. Падтрымаць сёння яго справу – гэта для мяне лагічны абавязак, а не нейкая справа густу, часовай сімпатыі ці пачуцця. Я зусім не пытаюся сябе, ці гэта палітычна-нацыянальная праца мне падабаецца, ці лёгкай, ці цяжкай яна акажацца, ці будзе карыснай асабіста для мяне, урэшце, ці дачакаюся, часу, каб пабачыць яе плады…”iii
Яшчэ адной важнай рысай у ідэалогіі беларускіх хадэкаў стала тэза аб бязкласавасці беларускага народа. “Вось жа трэба нам помніць, што Беларусь, як нацыя, зьяўляецца бяскласавай. Беларуская нацыя складаецца з аднэй класы сялянскай, – беззямельнага, малазямельнага і серадняцкага сялянства.”- падкрэслівала “Беларуская Крыніца”.iv Гэта было надзвычайна важнае сцверджанне, якое сведчыла ў першую чаргу аб тым, што БХД імкнулася выступаць ад імя ўсяго беларускага народу. Аднак не забываліся хадэкі і аб чыста хрысціянска-дэмакратычных ідэалах: “галоўныя асновы хрысьціянскай грамадзкай тэорыі – гэта: рэлігійна-этычныя прынцыпы, агранічэньне самаволі адзінкі і дэмакратызацыя ўласнасьці прыватнай на карысьць масаў, на карысьць агульна-грамадзкага дабра.,”v– пісаў кс. Ад. Станкевіч.
Да сярэдзіны 1920-х гг. БХДЗ як аформленай палітычнай партыі фактычна не існавала. Кс. Ад. Станкевіч у польскім Сойме фармальна прадстаўляў партыю, але дзейнічаў у межах Беларускага Пасольскага Клубу. Толькі раскол БПК летам 1925 г. і рост Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады змусілі беларускіх хадэкаў перайсці да актыўнай работы над стварэннем уласнай партыі. 24 кастрычніка 1926 года ў Вільні адбылося святкаванне 10-годдзя выдання газеты “Крыніца”, якое фактычна стала ўстаноўчым з’ездам партыі. Вынікам з’езду стала перайменаванне партыі з Беларускай Хрысціянскай Злучнасці ў Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю і прыняцце новай праграмы, праект якой вось ужо некалькі месяцаў абмяркоўваўся хадэцкімі перыёдыкамі. Новая праграма моцна адрознівалася ад папярэдняй, як сваёй структурай, так і зместам. У самым першым пункце абвяшчалася імкненне БХД да неалежнасці беларускага народу, аб’яднанага ў незалежную дэмакратычную рэспубліку. Гаварылася, што партыя ідзе да сваіх мэтаў эвалюцыйным шляхам, найперш праз развіццё нацыянальнай свядомасці беларусаў. Далей фактычна ішоў пералік пераўтварэнняў, неабходных для стварэння незалежнай дэмакратычнай краіны: пашырэнне паўнамоцтваў самакіраванняў, дэмакратызацыя суду, незалежная нацыянальная сістэма адукацыі, сацыяльнае заканадаўства і г.д.
Асновай развіцця гарамадства БХД прызнавала прыватную ўласнаць, аднак выступала за яе абмежаванне і дэкларавала неабходнасць пераходу буйной уласнасці ў калектыўнае карыстанне. Па найбольш актуальнаму зямельнаму пытанню праграма БХД была вельмі радыкальнай. Усе буйныя зямельныя ўладанні без выкупу перадаваліся беларускаму сялянству. Надзяленне зямлёй павінны былі праводзіць сялянскія камісіі. Зямля перадавалася сялянам у межах працоўнай нормы г.зн. у такой колькасці, якую сям’я магла апрацаваць сваімі сіламі пры дапамозе не больш чым аднаго наёмнага работніка. Усе прыродныя багацці абвяшчаліся ўласнасцю мясцовых самакіраванняў. БХД падтрымлівала стварэнне хутароў, аднак не адмаўляла і стварэння вялікіх калектыўных гаспадарак.
Аднак далёка не ўсе ў мінулым актыўныя сябры БХД згадзіліся з прапанаванай праграмай. Яшчэ ў кастрычніку 1926 г. Фабіян Абрантовіч пісаў з Друі ў Вільню: “Гэты праект – гэта не Хрысьціянская Дэмакратыя. Ані Леў ХІІІ, ані біскуп Кетлер яе не заапрабавалі б… У граніцах ХД можа быць некалькі партый палітычных – ад манархістаў да камуністаў, нельга лады вашага пэўнага кірунку атаясамліваць з ХД… Калі хочаце канечне трымацца гэтай праграмы і статута, што запраектавалі, думаючы, што пацягнеце шмат народа за сабою, дык завецеся не “Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыяй” а “Беларускай Хрысціянскай Лучнасьцю”. Тады могуць быць у гэтай Лучнасьці і праваслаўныя і і каталікі і заўсёды можэце казаць – “Мы Хрысьціянскае Дэмакратыі не псуем, ад яе не адступаемся, бо мы яе не становім, а творым асобную палітычную арганізацыю Беларускую Хрысьцяінскую Лучнасьць і думаем, што стаім на грунце хрысьціянскім.”vi Ф. Абрантовіч непразрыста намякаў, што аўтары праграмы задалёка адышлі ад класічнага ўзору хрысціянскай дэмакратыі, сцвяржаў, што няварта капіраваць лозунгі бальшавікоў аб бязвыкупнай зямлі і 8-гадзінным працоўным дні, бо трэба ўзводзіць дом “не на пяску рэвалюцыі, а на скале эвалюцыі.” Прапановы Ф. Абрантовіча ўлічаныя не былі.
Праграма 1926 года была праграмай партыі на працягу наступных дзесяці гадоў, хаця яшчэ тройчы ў яе ўносіліся даволі істотныя змены. Так на першым з’ездзе БХД, які адбыўся 6 лістапада 1927 г. (прысутнічала 129 дэлегатаў і 50 гасцей) было вырашана павялічыць максімальную колькасць наёмных рабочых у сялянскай сям’і з аднаго да двух чалавек. Змена выклікала асаблівы гнеў у заходнебеларускіх камуністаў, якія ўбачылі ў гэтым праяву буржуазна-кулацкай сутнасці БХД.vii Такое сцверджанне не адпавядала рэчаіснасці, паколькі вышэйзгаданы пункт прагарамы на тым жа з’ездзе быў дапоўнены палажэннем, што наёмныя рабочыя дапускаюцца толькі пры ўмове старасці, хваробы, калецтва ці ўдоўства гаспадароў зямлі.viii На гэтым з’ездзе з праграмным дакладам “Аб ідэалогіі БХД” выступіў кс. Ад. Станкевіч, які выклаў сваё бачанне палітычнай сітуацыі ў тагачаснай Еўропе: “Асновай дэмакратычнага ладу ёсьць улада ў руках народу. Лад гэты перадусім выражаецца ў парламентарызме. У сучасны момант трэба бачыць хваробу, крызыс парламентарызму, а з гэтым разам і дэмакратыі.”ix Тым не менш кс. Ад. Станкевіч падкрэсліваў, што парламентарызм і дэмакратыя павінны перамагчы нарастаючую пагрозу таталітарызму. Ён рашуча адкінуў фашызм і дыктатуру пралетарыяту як сістэмы альтэрантыўныя дэмакратыі: “на дыктатуры фашысцкай ня будзем астанаўлівацца, бо яна як перамога паноў і капіталістаў зусім чужая псыхіцэ Беларуса… Мы проціў дыктатуры пралетарыяту, бо ўважаем, што ня ёсьць яна ў інтарэсах Беларусаў, асабліва сялян.”x
Удзельнікі другога з’езду БХД 25 лістапада 1928 г. (72 дэлегата і 31 госць) некалькі павялічылі колькасць пунктаў у праграме, дадаўшы асобныя палажэнні аб кааперацыі, прававой ахове рабочых і інш. Аднак ніякіх вартых увагі зменаў не адбылося за выключэннем толькі таго, што быў унесены пункт супраць прымусовага высялення сялян на хутары і больш залагоджана фармулёўка, што тычылася неабходнасці поўнай беларусізацыі касцёла і царквы на беларускіх землях.xi Літаральна праз некалькі дзён з’явіўся загад віленскага арцыбіскупа Р. Ялбжыкоўскага, у якім сцвярджалася, што БХД дапускае памылкі рэлігійнай індэферэнцыі і камунізму і які забараніў каталіцкім ксяндзам уступаць у арганізацыю. Асабліва крытыкавалася радыкальная праграма партыі. Хадэкі адказалі цэлым шэрагам лістоў і мемарыялаў да вышэйшага касцельнага кіраўніцтва, асаблівую цікавасць уяўляе адзін такі мемарыял, які быў напісаны ў снежні 1928 г. і пісаўся для Апостальскай Сталіцы. На некалькіх дзесятках старонак аўтары мемарыялу (на палях шмат паметак кс.кс. Ад. Станкевіча і В. Гадлеўскага) пункт за пунктам разбіралі праграму сваёй партыі і абгрунтоўвалі яе актуальнасць для беларускага народу. Нягледзячы на некаторыя яўныя “рэверансы” ў бок касцёла, напрыклад, што БХД разгортвае сваю працу сярод праваслаўных дзеля прыцягнення іх да каталіцкай царквы, ні ад воднага пунку сваёй праграмы лідэры хадэцыі не адмовіліся. Варта прывесці разважанні па зямельным пытанні. Сцвярджалася, што ўсе зямельныя надзелы, перавышаючыя працоўную норму, без усялякіх выплатаў павінны быць перададзеныя малазямельным перадусім таму: “што народ наш гэтую зямлю вякамі вырабляў і давёў да стану ўжыванасьці і культуры. У часы паншчыны… змушаны быў працаваць на ўласьнікаў панскіх маёнткаў без ніякай аплаты за сваю работу, якая часам цягнулася па 4 дні на тыдзень, а часта і цэлы тыдзень.”xii Працоўную норму зямлі, якую павінны былі атрымаць усе (не выключаючы царкву, касцёл і былых буйных землеўласнікаў) хадэкі вызначалі ў 10-15 гектараў.xiii Зразумела, што абяцанне пакінуць 15 гектараў зямлі не магло вылікаць захаплення ва ўладальнікаў тысячагектаравых латыфундыяў, ці тое прыватных, ці касцельных.
Апошні, трэці з’езд БХД адбыўся толькі праз тры гады – 13 снежня 1931 г. (прысутнічаў 101 дэлегат і 24 госця). З’езд праходзіў у прынцыпова іншых гарамадска-палітычных умовах, чым папярэднія. Польскія ўлады разгортвалі шырэйшы наступ на беларускія культурныя і палітычныя арганізацыі ў Заходняй Беларусі, а ў БССР з 1930 г. вяліся масавыя рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі, прымусовая калектывізацыя сялянства. Тым не менш значнага “паправення” праграмы БХД не адбылося. Яўнай рэакцыяй на падзеі ў БССР сталі змены пунктаў 29-га і 35-га праграмы 1928 года. У пункце 29-м была адкінутая частка сказу аб тым, што БХД дапускае магчымасць аддзялення царквы ад дзяржавы, у пункце 35-м з’явіўся дадатак, што БХД выступае супраць прымусовай калектывізацыі сялянства.xiv
У лютым 1936 года, у выніку дэмакратычнай дыскусіі сярод сябраў партыі, назва арганізацыі БХД была зменена на Беларускае Народнае Аб’яднанне (БНА) і прынята больш радыкальная праграма. Паводле праграмы БНА членам партыі мог быць і праваслаўны і каталік, якому былі б блізкія “імкненне да незалежнасці беларускага народу на абшары ўсіх яго этнаграфічных земляў, аб’яднаных у адзіны дзяржаўны арганізм, дэмакратычныя лозунгі роўнасці і грамадзянскай справядлівасці, супраць усялякіх формаў дыктатуры: капіталізму, фашызму і камунізму”.xv Паводле сваёй структуры праграма 1936 г. вельмі нагадвала папярэднія праграмы партыі, аднак ў змесце адбыліся даволі важныя змены.xvi Падкрэслівалася непрыняцце любой формы дыктатуры, неабходнасць салідарнасці рабочых і сялян. Самыя першыя палажэнні праграмы БНА давалі зразумець, што партыя імкнецца да ўстанаўлення на Беларусі новага грамадскага ладу “які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы да эксплуатацыі адных другімі, заспакойваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян.” Сацыяльна-эканамічныя палажэнні ў цэлым засталіся нязменныя. Ва ўмовах пагрозы вайны і перавагі ў Еўропе таталітарных рэжымаў гэтая праграма магла здавацца ўтопіяй, аднак тым не менш засталася выдатнай дэкларацыяй намераў лепшай часткі беларускай інтэлегенцыі, якая, на жаль, не мела магчымасці рэалізаваць свае памкненні.
Рэформа партыі у значнай меры была вынікам унутранай эвалюцыі БХД але ў той час пачала разглядацца як своеасаблівы знак прыхільнасці да камуністаў. Многія прыхільнікі хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцяў зрабілі вывад, што БХД перажывае глыбокі крызіс і, пераўтварыўшыся ў БНА, спрабуе аб’яднаць ідэі “папскіх энцыклікаў, саветызму і буржуазнай дэмакратыі.”xvii Кс. У. Талочка ў адкрытым лісце да ЦК БНА пісаў: “Ня ўжо вы дапусьціце, каб гэтае дзіцянё, што з такою натугаю родзіць наша Бабуля Хрысьціянка Добрая [маецца на ўвазе пераўтварэнне БХД ў БНА – А. В.] ды было ня хрышчаным… Адзін бо мізэрненькі параграфік, які з ласкі свае дазваляе БНА існаваць рэлігіі, – не гварантуе хрысьціянскасьці.”xviii У падобным ідэйным кірунку, выбраным БНА, вінавацілі найперш кс. Ад. Станкевіча. “Паводле маіх інфармацыяў некаторыя дзячы здзіўленыя эвалюцыяй кс. Ад. Ст. у сферы палітычных поглядаў,”xix – пісаў С. Грынкевіч, па-сутнасці намякаючы на прыхільнасць кс. Ад. Станкевіча да супрацоўніцтва з камуністамі.
Самую значную апазіцыю кс. Ад. Станкевічу склаў другі ідэолаг БХД – кс. В. Гадлеўскі, які і пайшоў на раскол партыі. Кс. В. Гадлеўскі разглядаў стварэнне адзінага антыфашысцкага Народнага фронту як спробу савецкіх спецслужбаў справакаваць палякаў да канчатковага разгрому беларускага нацыянальнага руху. У чэрвені 1936 г. кс. В. Гадлеўскі выдаў першы нумар газеты “Беларускі Фронт”, дзе рашуча адмаўляўся ад палітычнай лініі БНА.xx Ад гэтага часу група “Беларускі Фронт” і Беларускае Народнае Аб’яднанне існавалі як два самастойных асяродка, які пратрывалі да пачатку Другой Сусветнай вайны.
Гаворачы аб праграмах БХД варта звярнуюць увагу на тое, як у іх закраналася маральна-этычная праблематыка. Імклівае развіцце капіталізму ў Заходняй Еўропе, перасяленне насельніцтва з вёскі ў гарады, прынцыповыя змены ўмоваў жыцця і працы чалавека прывялі да крызісу традыцыйнай сялянскай маралі, пахіснулі сям’ю як сацыяльны інстытут, спрыялі разпаўсюджанню распусты, прастытуцыі і іншых згубных для грамадскага арганізму з’явішчаў. Заходнееўрапейскія хадэкі рабілі адной з важнейшых сваіх задач барацьбу за высокамаральнае і высокаэтычнае грамадства, чаго імкнуліся дасягнуць шляхам прапаганды хрысціянскіх прынцыпаў і стварэння адпаведнага заканадаўства. У праграме БХД 1920 года гэтым праблемам было прысвечана каля дзесяці пунктаў. Ставіліся пытанні аб барацьбе з прастытуцыяй (шляхам закладання працоўных дамоў), абортамі, распустай, увядзенні строгіх правілаў для месцаў публічнага адпачынку. Дэкларавалася неабходнасць хрысціянскага выхавання ў школе, стварэння для рабочых жыллёвых умоваў, якія адпавядалі б гігіенічным і этычным патрабаванням. У пазнейшых праграмах БХД маральна-этычныя справы ўжо амаль не закраналіся. Адказ на пытанне, чаму так адбывалася, на нашу думку, даволі просты. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя ўзору 1920-30-х гг. разгортвала сваю працу пераважна сярод заходнебеларускага сялянства, якое ў падаўляючай большасці заставалася традыцыйным, дастаткова рэлігійным і, адпаведна, высокамаральным асяроддзем. Па гэтай прычыне пытанні грамадскай маралі, якія ў ідэалогіі заходнееўрапейскай ХД займалі адно з першачарговых месцаў, не былі для беларускіх хадэкаў актуальнымі. Яскравай ілюстрацыяй дадзенаму сцверджанню можа служыць надрукаваная ў “Калосьсі” рэцэнзія Станіслава Грынкевіча на кнігу вядомага французскага вучонага А. Карэля “Чалавек – істота невядомая”. Знакаміты біолаг эксперыментатар А. Карэль разважае аб прычынах глыбокага духоўнага крызісу, які ахапіў Еўропу. Ён піша: “Здабычы іншых эпохаў, ведамасьці тэхнічныя і агранамічныя, дзякуючы прэсе, дзякуючы шырокай агульнай асьвеце, узбагачываюць розум. Затое трудна казаць, каб старана маральная паказвала аднолькавы поступ і была на вялікім узроўні. Вера ў матэрыю зрабіла непатрэбнай веру ў значэнні рэлігійным.”xxi Спыніць разлажэнне еўрапейскага грамадства можа толькі адраджэнне рэлігійных, няхай сабе шмат у чым іррацыянальных, каштоўнасцей: “У хрысьціянстве наглядаем цікавае з’явішча, сяньня нам амаль што незразумелае. Сьвятыя ў хрысьціянстве не найразумнейшыя, а найбольш стойкія характарам і моцнаю воляю. І сапраўды, пачуццё маралі мацнейшае да розуму. Хараство маральнае можа нас хутчэй закрануць, чымся хараство прыроды і навукі… Яно з’яўляецца асноваю лепшае стараны нашае цывілізацыі й культуры ў большай меры, чымся навука і мастацтва.”xxii С. Грынкевіч скончыў сваю рэцэнзію на кнігу наступнымі словамі: “Мы “адсталыя” людзі (беларусы – А. В.), інакш крыху ацэньваем сітуацыю, гледзячы на свой панадворак. Нам не пагражае сяньня яшчэ безідэйнасць, вузкі матэрыялізм, мы ўмеем бачыць зоры на небе, а дробныя клопаты – хмаркі хаваюць іх ад нас, аднак ад незаводнае зоркі не адстаёмся далёка.”xxiii На жаль, падзеі апошніх дзесяцігоддзяў зрабілі праблему маральнага грамадства для беларусаў актуальнай у такой самай ступені, як і для ўсіх іншых народаў Еўропы.
Неабходна таксама адзначыць, што і крытыка савецкай грамадскай сістэмы вялася хадэкамі не з боку сацыяльнай дактрыны, а хутчэй з пункту гледжання філасофскага і этычнага. Вядомыя словы кс. Ад. Станкевіча: “Каб камунізм ды адрокся ад сваей матэр’ялістычнай філёзофіі, або каб прынамся прызнаў прынцып свабоды, дык з ім можна было-б пагадзіцца.”xxiv Галоўны недахоп марксізму кс. Ад. Станкевіч бачыў у амаль поўнай адсутнасці ідэалістычнай складаючай, што вельмі негатыўна адбівалася на грамадскай маралі: “…скрайна-матар’ялістычная культура, маючая мэты прадусім практычныя і матар’яльныя, этычнае пачуцьцё зводзіць да грубога ўтылітарызму: тое добрае, што карыснае, і гэтым этычныя асновы прытупляе і спыняе развой іх. Тыя частыя сабатажы, пакражы і розныя надужыцьці ў савецкіх калектыўных гаспадарках, аб якіх пішуць савецкія газэты, так-сама як і ў гаспадарствах капіталістычных, сьведчаць аб тых грозных этычных шчэрбінах кожнай выключна матар’ялістычнай культуры.”xxv
Адно з найважнейшых месцаў у ідэалогіі БХД займалі рэлігійныя справы. Хадэкі звярталі асаблівую ўвагу на два пытанні: неабходнасць беларусізацыі касцёла і царквы; адраджэнне на беларускіх землях уніяцтва. Калі неабходнасць увядзення беларускай мовы ў рэлігійнае жыццё прызнавалася заўсёды, то да справы адраджэння грэка-каталіцтва хадэкі ставіліся не ў розныя часы па-рознаму. Так, калі ў праграме 1920 года адкрыта дэкларавалася небходнасць “зблізіць усіх каталікоў і праваслаўных і аб’еднаць іх у аднэй веры з рознымі абрадамі”, то ў пазнейшых праграмах аб уніі ўжо не пісалася. Гэта было выклікана палітыкай польскага ўраду і Ватыкану, якія імкнуліся выкарыстаць уніяцтва ў сваіх мэтах, пераважна шкодных для беларускага народа. Менавіта таму з пачатку 1930-х гг. лідэры БХД абаранялі тэзіс аб неабходнасці не фармальнага, а фактычнага рэлігійнага адзінства беларусаў шляхам укаранення рэлігійнай талеранцыі ва ўзаемаадносінах беларусаў-каталікоў і беларусаў-праваслаўных. Развіццё грэка-каталіцтва прызнавалася толькі на беларускай нацыянальнай, а не на рускай ці польскай асновах.xxvi
Як бачым, на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў лідэры беларускай хадэцыі спрабавалі прыстасаваць праграмы партыі да бягучых патрэбаў беларускага народу. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя прайшла доўгі шлях ад спробаў стварэння хадэцыі класічнага еўрапейскага ўзору да сялянскай радыкальнай партыі, якая абвяшчала хрысцянскія прынцыпы і традыцыйную беларускую культуру асновай развіцця беларускай нацыі. Сацыяльны радыкалізм, прынцыповая пазіцыя па пытанню незалежнасці Беларусі, цвёрдая прыхільнасць да хрысціянскіх ідэалаў ў спалучэнні з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі яе правадыроў і далі ёй магчымасць праіснаваць амаль чвэрць стагоддзя і стаць унікальным з’явішчам беларускай гісторыі.
Праграма Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці
Была надрукавана летам 1920 году ў Менску кніжыцай “Ustawa i prahrama Chryścjanskaj Demakratyčnaj Złučnaści Bełarusaū”, большую частку якой кс.Ад.Станкевіч прывёў у кнізе “Беларускі Хрысціянскі Рух” (С. 141-147). Тут прыводзяцца кавалкі праграмы, надрукаваныя ў кнізе кс. Ад. Станкевіча.
І.Агульные прынцыпы:
-
ХД ёсць грамадзянская сувязь, што хоча завесці лад на свеце на аснове хрысціянскай дэмократычнай справядлівасці, роўнасці, міласці і свабоды. З натуры сваёй ХД ёсць эвалюцыйная, надпалітычная, міжнародная, надстановая.
-
ХД змагаецца перад усім з капіталізмам, у каторым бачыць адну з найважнейшых прычын беднасці і нэндзы працоўных мас і хоча завесці такі лад, каб кожнаму чалавеку магчыма было сваею працаю здабыць сабе хлеб патрэбны і карыстаць з усяго культурнага багацця. ХД проці ўсякіх прывілеяў класавых.
-
ХД прызнае права існавання, развіцця, кіравання сабой хоцьбы найменьшага народу кожнага і ўважае разумны і справядлівы патрыятызм за важную пружыну ў жыцці людзкім. З’езд ХД адбыты 14-16 лютага 1918 году ў Петраградзе заявіў, што ў адносінах да малых народаў як Літва, Латвія, Беларусь, Украіна трэба стаяць на грунце поўнага іх самаазначэння.
ІІ.ХД і Рэлігія:
ХД будучы проціў усякіх агранічэнняў рэлігійных у гаспадарстве, але хочучы запэўніць свабоду касцёлу каталіцкаму, жадае:
-
Каб Касцёл прызнаваўся за інстытуцыю суверэнную, каторая кіруецца сваімі ўставамі.
-
Каб Касцёл не агранічаўся ў правах і не прыціскаўся ўрадам.
-
Каб Касцёл быў у праве мець багацце як рухомае так і нерухомае.
-
Каб гаспадартво адшкадавало Касцёлу ўсе крыўды, каторые зрабіло касуючы маёмасць касцельную.
-
Каб Касцёл мог адкрываць ахронкі,школы, рознымі спосабамі вясці асвету і кіраваць усім гэтым.
-
Каб мог адкрываць і шырыць каталіцкіе кляштары.
-
Каб былі капеланы для школ, войска, бальніц і дамоў працы.
-
Каб культ рэлігійны можно было спраўляць свабодна.
-
Каб аб падставах жыцця каталіцкага можна было свабодна гаварыць і правадзіць іх у жыццё, як каждага чалавека, так і цэлага грамадзянства.
-
На Беларусі ХД “Злучнасць” ставіць сабе спецыяльную мэту: зблізіць усіх каталікоў і праваслаўных і аб’еднаць іх у аднэй веры з рознымі абрадамі.
ІІІ.Сям’я і школа.
-
Каб право цывільнае не парушала сталасці і неразлучнасці малжонства.
-
Каб не было малжонстваў мешаных.
-
Каб право не гвалціла перакананняў рэлігійных і абычаяў сям’і каталіцкай.
Апроч гэтага ХД хоча:
-
Абараняць дзяўчат ад распуснікаў праз устанаўленне кар на іх.
-
Змагацца з публічнай распустай, закладаючы дамы працы і направы.
-
Караць тых лекараў і лекарак, каторые робяць практыкі згубные для матак і дзяцей.
-
Стварыць правадаўство фабрычнае, каторае забяспечыло-б утрыманне сям’і.
-
Закладаць кватэры для работнікаў, кіруючыся вымаганнямі маральнасці і гігіены.
-
Устрайваць для работнікаў у местах сады, злучаныя з цэнтрамі фабрычнымі трамваямі
-
Устанавіць строгіе правы для шынкоў і мясцоў прызначаных на публічные гульні.
-
Увясці праўную плату сямейным, каторай хваціло-б на ўтрыманне не толькі работніка але яго сям’і. Ва ўсім тым, што датычыць навук і адукацыі ў школах ХД трымаецца таго пагляду, што школа ёсць дальшы працяг сям’і, дзеля чаго бацькі разам з вучыцелямі думаюць, як вясці адукацыю. Урад-жа, забочучыся аб пашыэнні асветы паміж грамадзян, ёсць толькі памоцнікам бацькоў, або заступае іх там, гдзе бацькі сваіх абавязкаў выпаўніць ня могуць, або ня хочуць. З гэтай прычыны ХД дабіваецца каб:
-
увясці паўшэхнае пачаткове навучанне ў роднай мове, ня ўстанаўляючы абавязку вучыцца ў школах урадавых,
-
зраўняць школы прыватные хрысціянскіе са школамі урадовымі ў правах і дапамогах грашовых.
-
увясці навукі рэлігіі каталіцкай ва ўсе школы ўрадовые і прыватные ў роднай мове моладзі.
-
дамагацца, каб школьная адукацыя дзяцей вялася паводле маральнасці хрысцянскай.
IV.Уласнасць
ХД прызнае, што прыватная ўласнасць ёсць падставай цывілізацыйнага поступу грамадзянства. Не працівючысяся, каб прыватная ўласнасць пераходзіла ў формы колектыўные, як напр. манаполі розные і кооперацыі,- ХД жадае, каб уласнасць прыватная, як такая, усё такі не касавалася. Разам з гэтым ХД перакананая, што ўласнасць прыватная даючы не толькі правы, але і накладаючы абавязкі грамадзянскіе, памагае да выраблення ў людзях ініцыятывы і самадзельнасці.
ХД рупіцца, каб найшырэйшые слаі працаўнікоў мелі свае ўласные варштаты працы і дамагаецца:
-
каб закладаліся цэнтральные работніцкіе банкі, работніцкія коапаратывы, злучнасці працы і другіе арганізацыі,
-
каб бедные людзі маглі здабываць сабе кватэры, варштаты і г.д. за пазычаные ў гэтых банках грошы,
-
там, дзе работнікі наймаюцца, каб гаспадар дзяліўся з імі даходамі,
-
каб можна было свой маёнтак апісаць каму, або дараваць.
У справе зямельнай ХД жадае:
-
каб была падзелена казённая зямля паміж беззямельнымі і малазямельнымі з мэтай стварэння малой уласнасці. Гэты падзел маюць зрабіць мяйсцовые самаўпраўленні, маючы на ўвазі ўсіх заінтэрэсованых, а такжэ меншасці народные і рэлігійные.
-
агранічыць вяліку ўласнасць прыватну аблажыўшы яе вялікімі падаткамі.
-
паднясці і павышыць культуру зямельную дапамогамі ўраду, праводзячы чугункі, дарогі бітые і г. д.
-
паднясці культуру хлебаробаў, адкрыццям для іх школаў, разводзючы гаспадарствы прыкладные, робячы выставы, з’езды.
У адносінах да капіталу ХД ставіць сабе мэтай змагацца з капіталізмам ва ўсіх яго формах і не адкідаючы капіталу, самому лучыць яго з працай у адных руках.
2) Зрэфармаваць правы аб таварыствах акцыйных, сындыкатах і трэстах.
3) Змагацца з усякай спекуляцыяй на біржы і ў гандлю. У адносінах да падаткаў ХД радзіць:
-
Завясці падаткі ад даходаў і капіталаў непрадукцыйных.
-
Скасаваць цяжкія падаткі на жыўнасць і малые складкі ў простай лініі.
Наагул навука ХД ёсць, каб усе рэформы што да ўласнасці прыватнай, вяліся эвалюцыйна, згодна з падставамі справядлівасці грамадзянскай, а такжа эканоміі народнай.
Баронячы працоўны люд, ХД жадае справядлівага права, каторае:
-
устанавіло б міністэрство працы.
-
азначыло б мінімум платы сямейнай, пачынаючы ад работ публічных.
-
адзінакавую плату за такую самую працу для мужчын і кабет.
-
у нядзелю і святкі адпачынак для ўсіх.
-
максімум гадзін працы.
-
каб не працавалі ўночы, апрача там, дзе гэтага ня можна скасаваць.
-
каб маткі не працавалі на фабрыках і каб праца дзяўчат была агранічана.
-
каб дзеці да 14 гадоў сусім не працавалі і агранічыць працу малалетніх ад 14-17 год.
-
забараніло працаваць моладзі і кабетам там, дзе гэто шкодзіло б іх здароўю.
-
плаціць у часе хваробы, а так сама цяжарным кабетам 4 тыдні перад і 6 пасля полягу.
і) каб работнік меў запамогу тады, калі не мае працы, або ня можа працаваць па хваробе і старасці.
к) каб быў інспектар фабрычны.
о) каб у школах учылі розных рамёслаў.
р) каб работнікі маглі арганізавацца свабодна.
Наогул ХД жадае ад права абароны і арганізацыі працы, каб людзі шанавалі працу і разумна працавалі.
VI. Народ і гаспадарство:
ХД бачыць у падзеле людзей на народы апеку Божую над людзмі і прызнае, што мова ёсць недатыкальны скарб кожнага грамадзянства, бяз каторага няма культуры духоўнай і матэрыяльнай людзей. Паводлуг ХД кожны мае право свабодна развіваць формы жыцця свайго народнага і патрыотычнага. ХД мае пераконанне, што не народ для гаспадарства, але гаспадарство патрэбна для пажытку і бяспечнага жыцця народу. Дзеля таго жадае, каб справы народные вышэй ставіліся як палітычные, з другой стараны аднак ХД агульнае дабро людзей ставіць вышэй, як інтарэсы якога-небудзь народу і хоча, каб палітыка кіравалася справядлівасцю грамадзянскай і міжнароднай. У граніцах кожнага гаспадарства ХД жадае:
-
каб усе народы мелі роўныя правы і каб лучыліся з якім –небудзь гаспадарствам толькі на засадзе дабравольнай лучнасці вольных з вольнымі і роўных з роўнымі.
-
каб было роўнае право ў адносінах да мовы ўсіх народаў ва ўсіх урадах гаспадарства.
-
каб право для ўсіх было роўнае ня на гледзячы народ,рэлігію і г.д.
-
каб было мець паўшэхнае справядлівае галасаванне.
-
каб устаноўлена бясплатную публічную нараду адвакацкую.
-
каб была недатыкальнасць асобы грамадзяніна, яго кватэры, уласнасці і корэспондэнцыі.
-
каб праведзено вольнасць слова, друку і сувязей. але з тым, каб кожны адказваў перад судом за шкадлівую для грамадзянства, ці каго-небудзь работу, агітацыю а так-жа прэсу.
-
каб усе, каторые знаходзяцца на службе публічнай, адказвалі перад судом.
-
увядзення самаўраду гміннага і правінцыяльнага.
-
што датычыць айчыны сваёй – Беларусі – Х. Дэмакратычная Злучнасць Беларусаў жадае, каб яна была цэлай, непадзельнай і вольнай.
-
каб на Беларусі была роўнасць і свабода грамадзянская і запэўнены правы народных меншасцяў.
-
каб Сойм вольнай Беларусі, каторы будзе выдаваць правы, быў выбраны на аснове справядлівага, паўшэхнага галасавання і каб толькі ён меў право сказаць слово аб урадзе і яго форме на Беларусі.
Праграма Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі
(1926 год)
прынята на сходзе з нагоды 10-гадовага юбілею газеты “Krynica” 24 кастрычніка 1926 года
I.Палітычныя мэты
1. БХД імкнецца да самастойнасці Беларускага Народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку.
II.Адносіны да суседзяў
2. БХД лічыць сваім ідэалам добрасуседзкія адносіны з усімі народамі на падставе сапраўднай вольнасці і роўнасці.
3. З пагляду палітычнага і гаспадарчага БХД уважае карысным, каб незалежная Беларуская Рэспубліка ўвайшла ў саюз з суседзямі, а прадусім з літоўскім народам і ўкраінскім, як натуральнымі сваімі саюзнікамі.
ІІІ.Шлях да мэтаў
4. БХД да сваіх мэтаў ідзе дарогай арганізавання, усведамлення і ўзгадавання беларускага сялянства, работнікаў і інтэлігенцыі на грунце х/д ідэалаў і беларускай народнай культуры.
IV.Самаўрады
5. БХД уважае, што гмінныя, павятовыя і ваяводзкія самаўрады ў сваіх мясцовых справах павінны быць незалежнымі ад цэнтральных уладаў.
6. Да кампетэнцыі самаўрадаў належаць справы адміністрацыйныя, гаспадарчыя, школьныя, зямельныя, апека над сіротамі, хворымі, калекамі, беднымі і г.д.
7. Самаўрады маюць свой бюджэт. Недахват гэтага бюджэту на вышэйазначаныя мэты (6) пакрывае дзяржава.
8. Самаўрады выбіраюць агульным, простым, тайным і прапарцыянальным галасаваннем.
V.Войска
9. БХД змагаецца з палітыкай мілітарызму і імкнецца да замены сталай арміі народнай міліцыяй.
10. Вучэнне народнай міліцыі павінна адбывацца на месцах і ў вольным ад гаспадарчых работ часе.
VI.Палітычная і грамадзянская свабода.
11. Усе грамадзяне павінны быць роўныя перад правам.
12. Павінна быць поўная свабода сходаў, друку, слова, сумлення, арганізацыі таварыстваў і прафесійных саюзаў.
13. БХД проціў кары смерці.
14. Кожная нацыянальнасць мае права карыстацца сваёй мовай ў агульна-грамадскім і палітычным жыцці.
VII.Суд
15. Суд павінен быць незалежны.
16. Міравыя суды складаюцца з выбраных народам суддзі і таксама выбраных лаўнікаў.
17. Ува ўсіх важнейшых угалоўных і палітычных справах прыгаворы пастанаўляюць суды прысяжных.
18. Палявыя (надзвычайныя) суды павінны быць скасаваны.
VIII.Школа
19. Пачатковае навучанне абавязковае для ўсіх, бязплатнае і ў роднай мове вучняў.
20. Навучанне прыватнае карыстаецца такімі-ж правамі як і ўрадавае.
21. Аднолькавая дапамога ўрадавая як школам прыватным так і ўрадавым.
22. Навучанне рэлігіі кожнага вызнання адбываецца абавязкова як у школах урадавых, так і прыватных.
IX.Рэлігія
23.Касцёл (Царква) у сваім унутраным жыцці карыстаецца з поўнай свабоды і кіруецца кананічным правам.
24. К (Ц) у жыцці грамадскім карыстаецца з усіх правоў палітычных і грамадзкіх нароўні з іншымі ўстановамі і грамадзянамі дзяржавы і спаўняець такія-ж самыя абавязкі, як і ўсе грамадзяне дзяржавы.
25. БХД прынцыпова проціў раздзелу К (Ц) ад дзяржавы. Аднак, каб урад не мог выкарыстоўваць рэлігіі для палітычных мэтаў, або паддзержываць адну рэлігію проціў другой, БХД уважае магчымым раздзел К (Ц) ад дзяржавы для агульнага дабра.
26. Спрэчныя справы між К(Ц) і дзяржавай вырашаюцца палюбоўна, дарогай узаемных дагавароў і ўступак.
27. БХД змагаецца за поўную беларусізацыю на беларускіх землях К (Ц) з тым, каб беларуская мова мела ў рэлігійным жыцці поўныя правы.
28. БХД змагаецца за тое, каб жанімства і агулам справы сям’і апіраліся на асновах хрысціянскай маральнасці.
X.Прыватная ўласнасць
29. БХД прызнае, што прыватная ўласнасць ёсць падставай цывілізаванага поступу грамадства. Аднак уважае, што ўласнасць, зграмаджаная ў вялікай меры ў прыватных руках, ёсць крыўднай для працоўнага народу і дзеля гэтага БХД змагаецца з абшарніцтвам і капіталізмам агулам.
30. БХД пераканана, што прыватная ўласнасць, абапёртая на працоўнай норме, даючы не толькі правы, але накладаючы і грамадзкія абавязкі, памагае вырабленню ў людзях ініцыятывы, самавітасці і грамадзкай свабоды.
31. БХД не працівіцца, каб буйная прыватная ўласнасць, калі гэтага вымагае дабро шырокіх працоўных масаў, пераходзіла ў формы калектыўныя (грамадзкага валадання).
32. Пры ўсім гэтым у справе прыватнай уласнасці, маючай у жыцці народаў вялізарнае значэнне, БХД уважае, што ўсе рэформы прыватнай уласнасці павінны праводзіцца згодна з інтарэсамі беларускай народнай эканомікі.
XI.Зямля
33. Асновай зямельнай гаспадаркі служыць працоўная норма.
34. Усе землі (дворныя, касцельныя (царкоўныя) і інш.), перавышаючыя працоўную норму, перадаюцца на ўласнасць і бяз выкупу беззямельным і малазямельным сялянам.
35. Працоўную норму азначаюць мяйсцовыя сялянскія зямельныя камісіі пры самаўрадах.
36. Гэтыя-ж зямельныя камісіі праводзяць падзел зямлі.
37. Працоўную норму зямлі становіць такі лік дзесяцін, які гаспадар можа абрабіць сам са сваёй сям’ёй пры помачы ня больш аднаго найміта.
38. Мясцовыя самаўрады могуць мець запас зямлі, як народную ўласнасць, для мэтаў агульна-грамадзкіх.
XII.Упарадкаванне зямлі
39. БХД за гаспадарку хутарную.
40. Пераход на хутары праводзяць сялянскія зямельныя камісіі са згоды саміх сялян.
41. На загаспадараванне пры пераездзе на хутары павінна быць дадзена патрэбная помач ад ураду грашмі, інвентаром, дрэвам.
42. Усе работы, што да земляперадзелу павінны быць залічаны на кошт скарбовы.
43. БХД імкнецца да палепшання гаспадарчага палажэння вёскі праз пашырэнне земляробскай культуры, кооперацыі, павелічэння абшару упраўнай зямлі, а прадусім асушкі балот і лугоў. Дзеля гэтага БХД рупіцца аб закладанні земляробскіх школаў, агранамічных пробных станцыяў, інструктарскіх пунктаў і г. д.
44. Сяляне дпя палепшання сваёй гаспадаркі павінны карыстацца з таннага крдэыту.
45. БХД стаіць за справядлівыя цэны на прадукты сялянскія і фабрычныя, БХД проціў выкарыстывання вёскі горадам і наадварот.
XIII.Прыродныя багацці
46. Лясы, воды, падземныя багацці і інш. праз увагу на сваю агранічанасць і агульна-гаспадарчае значэнне, становяць уласнасць самаўрадаў.
47. На апал і будову сялянскія зямельныя камісіі пры самаўрадах вызначаюць
патрэбны лік лесу.
XIV.Асадніцтва
48. Чужацке ваеннае асадніцтва і такая ж прыватная каланізацыя беларускіх зямель, як цалком несправядлівыя, павінны быць скасаваны.
XV.Работніцкія справы
49. БХД змагаецца за:
а) 8-гадзінны дзень працы.
b) права страйку, як абарону ад вызыскаў.
c) калектыўныя ўмовы дзеля забеспячэння лепшай аплаты.
d) забарону ночнай працы (вынятак там, дзе вымагаюць варункі тэхнічныя, або патрэбы грамадзянскія).
e) забарону працы дзяцей у фабрыках да 16 гадоў.
f) дзяржаўнае страхаванне работнікаў гораду і вёскі ад хваробы, калецтва, безрабоцця і на старасць.
g) законнае прызнанне фабрычных работніцкіх камітэтаў з правам учасця іх у наглядзе за прадукцыяй і даходам.
h) нядзельны адпачынак.
XVI.Падаткі
50. Мерай падаткаў павінен быць даход грамадзян, дзеля гэтага, хто больш мае даходу, той больш і плоціць падаткаў
51. Усе падаткі пасрэднія (ускосныя), як на соль, газу, цукер і інш. павінны быць скасаваны.
52. Павінны быць уведзены адзіны падатак, які-б вызначаўся раз у год па адным наказе з разлажэннем на раты і з азначэннем тэрміну.
53. Даход, патрэбны толькі на пражыццё, павінен быць ад падаткаў зусім звольнены.
XVII.Коопэрацыя
54. БХД стаіць за пашырэнне спажывецкай, вытворчай і крэдытнай коопэрацыі і дамагаецца на гэта шырокіх дзяржаўных крэдытаў.
XVIII.Дапамога пакрыўджаным вайной
55. БХД дамагаецца: а) каб знішчаныя вайной гаспадаркі былі неадкладна адбудаваны на кошт дзяржавы і b) каб неадкладна былі прызнаны інвалідныя рэнты для ўсіх ваенных інвалідаў, іхных удоў і сірот.
“Bełaruskaja Krynica” 1926 №23. 18. 07. сс. 2-5.
Праграма Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі
(1928 год)
прынята на з’ездзе БХД 25 лістапада 1928 года
I.Палітычныя мэты
1. БХД, стоячы на грунце самастанаўлення народаў, імкнецца да самастойнасці Беларускага Народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку.
II.Адносіны да суседзяў
2. БХД лічыць сваім ідэалам добрасуседзкія адносіны з усімі народамі на падставе сапраўднай вольнасці і роўнасці.
3. З пагляду палітычнага і гаспадарчага БХД уважае карысным, каб незалежная Беларуская Рэспубліка ўвайшла ў эканамічны і палітычны саюз з суседнімі народамі, з якімі лучаць яе супольныя інтарэсы.
ІІІ.Шлях да мэтаў
4. БХД да сваіх мэтаў ідзе дарогай арганізавання, усведамлення і ўзгадавання беларускага сялянства, работнікаў і інтэлігенцыі на грунце х/д ідэалаў і беларускай народнай культуры. Дзеля гэтага БХД рупіцца закладаць беларускія школы, народныя дамы, ладзіць лекцыі і рэфераты, з’езды, выдае газеты і інш.
БХД прыймае ўдзел у дзяржаўных і самаўрадавых выбарах, ідучы шляхам палітычнага змагання да незалежнасці і самастойнасці Беларускага Народу, да свабоды яго культурнага і эканамічнага развіцця.
IV.Самаўрады
5. БХД уважае, што гмінныя, павятовыя і ваяводзкія самаўрады ў сваіх мясцовых справах павінны быць незалежнымі ад цэнтральных і мясцовых адміністрацыйных установаў.
6. Да кампетэнцыі самаўрадаў належаць справы самаўрадавыя: адміністрацыйныя, гаспадарчыя, школьныя, зямельныя, апека над сіротамі. хворымі,калекамі, беднымі і г.д.
7. Самаўрады маюць свой бюджэт. Недахват гэтага бюджэту на вышэйазначаныя мэты (6) пакрывае дзяржава.
8. Самаўрады выбіраюць агульным, простым, тайным і прапрацыянальным галасаваннем.
9. Выбары ў самаўрады павінны адбывацца свабодна, без ніякага націску з боку адміністрацыйных уладаў.
V.Войска
10. БХД змагаецца з палітыкай мілітарызму і імкнецца да замены сталай арміі народнай міліцыяй.
11. Вучэнне народнай міліцыі павінна адбывацца на месцах і ў вольным ад гаспадарчых работ часе.
VI.Палітычная і грамадзянская свабода.
12. Усе грамадзяне павінны быць роўныя перад правам.
13. Павінна быць поўная свабода сходаў, друку, слова, сумлення, арганізацыі таварыстваў і прафесійных саюзаў.
14. БХД дамагаецца поўнай свабоды выбараў у дзяржаўныя ўстановы.
15. Кожная нацыянальнасць мае права карыстацца сваёй мовай ў агульна-грамадскім і палітычным жыцці.
VII.Суд
16. Суд павінен быць незалежны ад палітычных кірункаў і ад адміністацыі.
17. Міравыя суды складаюцца з выбраных народам суддзі і таксама выбраных лаўнікаў.
18. Ува ўсіх важнейшых угалоўных і палітычных справах прыгаворы пастанаўляюць суды прысяжных.
19. Палявыя (надзвычайныя) суды павінны быць скасаваны.
20. БХД проціў кары смерці.
VIII.Школа
21. Пачатковае навучанне абавязковае для ўсіх, бязплатнае і ў роднай мове вучняў.
22. Навучанне прыватнае карыстаецца такімі-ж правамі як і ўрадавае.
23. Аднолькавая дапамога ўрадавая як школам прыватным так і ўрадавым.
24. Навучанне рэлігіі кожнага вызнання адбываецца абавязкова як у школах урадавых, так і прыватных у роднай мове вучняў.
25. Незалежнасць школьных уладаў і школьнага навучання ад уладаў адмінстрацыйных.
IX.Рэлігія
27. Касцёл (Царква) у сваім унутраным жыцці карыстаецца з поўнай свабоды і кіруецца кананічным правам.
28. К (Ц) у жыцці грамадскім карыстаецца з усіх правоў палітычных і грамадзкіх нароўні з іншымі ўстановамі і грамадзянамі дзяржавы і спаўняець такія-ж самыя абавязкі, як і ўсе грамадзяне дзяржавы.
29. БХД прынцыпова проціў раздзелу К (Ц) ад дзяржавы. Аднак, каб урад не мог выкарыстоўваць рэлігіі для палітычных мэтаў, або паддзержываць адну рэлігію проціў другой, БХД уважае магчымым раздзел К (Ц) ад дзяржавы для агульнага дабра.
30. Спрэчныя справы між К(Ц) і дзяржавай вырашаюцца палюбоўна, дарогай узаемных дагавароў і ўступак.
31. БХД, у межах Кананічнага права, у жыцці касцельным (царкоўным) на беларускіх землях за поўныя правы беларускай мовы.
32. БХД змагаецца за тое, каб жанімства і агулам справы сям’і апіраліся на асновах хрысціянскай маральнасці.
X.Прыватная ўласнасць
33. БХД прызнае, што прыватная ўласнасць ёсць падставай цывілізаванага поступу грамадства. Аднак уважае, што ўласнасць, зграмаджаная ў вялікай меры ў прыватных руках, ёсць крыўднай для працоўнага народу і дзеля гэтага БХД змагаецца з абшарніцтвам і капіталізмам.
34. БХД пераканана, што прыватная ўласнасць, абапёртая на працоўнай норме, даючы не толькі правы, але накладаючы і грамадзкія абавязкі, памагае вырабленню ў людзях ініцыятывы, самавітасці і грамадзкай свабоды.
35. БХД не працівіцца, каб буйная прыватная ўласнасць, калі гэтага вымагае дабро шырокіх працоўных масаў, пераходзіла ў формы калектыўныя (грамадзкага валадання).
36. БХД уважае, што ўсе рэформы прыватнай уласнасці павінны праводзіцца згодна з інтарэсамі беларускай народнай эканомікі.
XI.Зямля
37. Асновай зямельнай гаспадаркі служыць працоўная норма.
38. Усе землі (дворныя, касцельныя (царкоўныя) і інш.), перавышаючыя працоўную норму, перадаюцца на ўласнасць і бяз выкупу беззямельным і малазямельным сялянам.
39. Працоўную норму зямлі становіць такі лік дзесяцін, які гаспадар можа абрабіць сам са сваёй сям’ёй, або так-жа пры помачы аднаго-двух наймітаў, у тым выпадку, калі ў якой сям’і з прычыны малалецтва дзяцей, старасці, хваробы, калецтва, удоўства з малымі дзецьмі і г. п. недахват рабочых сілаў для абраблення працоўнай нормы.
40. Мясцовыя самаўрады могуць мець запас зямлі, як народную ўласнасць, для мэтаў агульна-грамадзкіх.
XII.Упарадкаванне зямлі
41. Змагаецца за такое ўпарадкаванне зямлі і за такую зямельную гаспадарку, якая давала б найболей даходу грамадзянству і дзяржаве. Такой гаспадаркай БХД лічыць працу на грунтах, або на суцэльных зямельных надзелах (адрубах), якія злучылі б у вадну гаспадарчую цэласць усе шнуры і нарэзкі.
42. Пераход на хутары або на злучаныя надзелы (адрубы) праводзяць сялянскія зямельныя камісіі пры самаўрадах са згоды саміх сялян, прычым малазямельныя гаспадаркі павмінны быць дапоўнены.
43. Сяляне разам з зямельнай камісіяй пастанаўляюць, ці перайсці на хутары, ці ці аставіць вёску і будынкі на месцы, а толькі злучыць у адзін кавалак (адруб) усе шнуры, ці ізноў разбіць вёску на некалькі пасёлкаў-залежна ад мясцовых гаспадарчых варункаў.
44. На загаспадараванне пры пераездзе на хутары павінна быць дадзена патрэбная помач ад ураду грашмі, інвентаром, дрэвам. Наагул усе работы, што да землеўпарадкавання павінны праводзіцца на кошт дзяржавы.
45. БХД імкнецца да палепшання гаспадарчага палажэння вёскі праз пашырэнне земляробскай культуры, коопэрацыі, павелічэння абшару ўпраўнай зямлі, а прадусім асушкі балот і лугоў. Дзеля гэтага БХД рупіцца аб закладанні земляробскіх школаў, агранамічных пробных станцыяў, інструктарскіх пунктаў і г. д.
46. Сяляне для палепшання сваёй гаспадаркі павінны карыстацца з малапрацэнтнага і доўгатэрміновага крэдыту.
47. БХД стаіць за справядлівыя цэны на прадукты сялянскія і фабрычныя, БХД проціў выкарыстывання вёскі горадам і наадварот.
XIII.Прыродныя багацці
48. Лясы, воды, падземныя багацці і інш. праз увагу на сваю агранічанасць і агульна-гаспадарчае значэнне, становяць уласнасць самаўрадаў.
49. На апал і будову сялянскія зямельныя камісіі пры самаўрадах вызначаюць
патрэбны лік лесу. Лясная палітыка дзяржавы павінна забяспечыць грамадзянству таннае паліва і будаўнічы матэрыял.
XIV.Асадніцтва
50. Чужацке ваеннае асадніцтва і такая ж прыватная каланізацыя беларускіх зямель, як цалком несправядлівыя, павінны быць скасаваны.
XV.Работніцкія справы
51. БХД змагаецца за:
а) 8-гадзінны дзень працы.
b) права страйку, як абарону ад вызыскаў.
c) калектыўныя ўмовы дзеля забеспячэння лепшай аплаты.
d) забарону ночнай працы (вынятак там, дзе вымагаюць варункі тэхнічныя, або патрэбы грамадзянскія).
e) забарону працы шкоднай здароўю кабеты.
f) забарону працы дзяцей у фабрыках да 16 гадоў.
g) дзяржаўнае страхаванне работнікаў гораду і вёскі ад хваробы, калецтва, безрабоцця і на старасць.
h) законнае прызнанне фабрычных работніцкіх камітэтаў з правам учасця іх у наглядзе за прадукцыяй і даходам у фабрыках, якія перайшлі ў калектыўныя формы ўладання.
i) нядзельны адпачынак
j) праўную апеку над працаўнікамі па зямлі, фабрыках і над хатняй службай праз адмысловае ўставадаўства.
XVI.Падаткі
52. Мерай падаткаў для промыслу і гандлю павінен быць даход. Дзеля гэтага, хто больш мае даходу, той прагрэсіўна больш плаціць і падаткаў. Сяляне плацяць залежна ад працоўнай нормы і катэгорыі зямлі, а гараджане ад сваёй маёмасці. Катэгорыю зямлі ўстанаўляюць сялянскія Камісіі пры самаўрадах, а ацэнкі маёмасці ў гарадох, такія-ж камісіі, складзеныя з гараджан.
53. Усе падаткі пасрэднія (ускосныя), як на соль, газу, цукер і інш. павінны быць скасаваны.
54. Павінны быць уведзены адзіны падатак, які-б вызначаўся раз у год па адным наказе з разлажэннем на раты і з азначэннем тэрміну.
55. Даход, патрэбны толькі на пражыццё, павінен быць ад падаткаў зусім звольнены.
56. Збіранне падаткаў павінна адбывацца справядліва, на аснове адмысловых законаў і павінна быць уведзена строгае каранне за падатковыя надужыцці.
XVII.Коопэрацыя
57. БХД стаіць за пашырэнне спажывецкай, вытворчай, крэдытнай коопэрацыі (коопэрацыйныя крамы, малачарні, алеярні, ільнярні, пажычковыя-ашчадныя касы г.д.) і дамагаецца на гэта шырокіх дзяржаўных крэдытаў.
58. БХД дамагаецца, каб дзяржаўныя крэдыты йшлі на беларускія коопэрацыйныя і гаспадарчыя арганізацыі і каб урад праводзіў краёвую эканамічную палітыку, з тым, каб капіталы заставаліся ў краі.
XVIII.Дапамога пакрыўджаным вайной
59. БХД дамагаецца: а) каб знішчаныя вайной гаспадаркі былі неадкладна адбудаваны на кошт дзяржавы і b) каб неадкладна былі прызнаны інвалідныя рэнты для ўсіх ваенных інвалідаў, іхных удоў і сірот.
“Bełaruskaja Krynica” 1928 №54 сс. 2-3.
i Ладысеў У. Ф. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя-Беларускае Народнае Аб’яднанне / Палітычныя партыі Беларусі.- Мінск: “Згода”, 1994.- С. 78-86; Коўкель І. І. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і яе роля ў беларускім грамадска-палітычным руху / Этносоциальные конфессиональные процессы в трансформирующемся обществе. – Гродно, 2001.- Ч.2.- С.36-44; Мазько Э. Ідэалагічныя падставы дзейнасці БХД // Гістарычны альманах.-2000.- №3.- С. 25-31.
ii Stankiewič Ad. Biełaruski Chryścijanski Ruch.- Vilnia, 1939.- S. 123.
iii Беларускі Дзяржаўны Архіў-Музей Літаратуры і Мастацтва.- Ф.3.- Воп. 1.- Спр. 133.- л. 12-13
iv Галубок Андрэй. Шлях здрадніцтва і фашыстоўскай контррэвалюцыі // Бальшавік.- 1934.- ліпень-жнівень.- №1(47).- С.37.
v Stankiewič Ad. Biełaruski Chryścijanski Ruch.-Vilnia, 1939.- S. 173.
vi Аддзел рукапісаў Цэнтральнай Навуковай Бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі.- Ф. 4.- Воп. 1.- спр. 138.- л. 6-6адв.
vii Выкрутасы беларускай хадэцыі // Чырвоны сьцяг.-1931.- №8(95).
viii Bełaruskaja Krynica.- 1927.- № 47.- S.1-2.
ix Аддзел рукапісаў ЦНБ АН РБ.- Ф. 23.- Воп. 1.- спр. 73.- л. 8.
x Там жа.- л. 9.
xi Bełaruskaja Krynica.- 1928.-№54.- S.2-3.
xii Аддзел рукапісаў ЦНБ АН РБ.- Ф. 23.- Воп. 1.- спр. 73.- л. 52-53.
xiii Там жа. – л. 52.
xiv Bełaruskaja Krynica.-1932.- №36.- S.2-4.
xv Sprawy Narodowościowe. – 1935. – №6. – S. 641.
xvi Палітычныя партыі Беларусі.- Мінск: “Згода”, 1994.- С. 82-86.
xvii Moroz M. „Krynica”. Ideołogia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu. – Białystok, 2001. – S. 201.
xviii Stankiewič Ad. Biełaruski Chryścijanski Ruch.- Vilnia, 1939.- S. 253.
xix БДАМЛіМ.- Ф. 3.- воп. 1.- спр. 234.- л 4адв.
xx Вашкевіч А. Вацлаў Пануцэвіч у Беларусі амаль невядомы // Куфэрак Віленшчыны. – 2002. – № 2 (7).- С. 14-22. Вашкевіч А. БХД і КПЗБ: ад супрацьстаяння да супрацоўніцтва (1935-1938 гг. ) / Берасцейскі Хранограф. Зборнік навуковых прац. Выпуск 4.- Брэст, 2004.- С. 110-117.
xxi Грынкевіч С. Трагічны крызіс // Калосьсе.- 1939.- №2(19).- С. 97
xxii Там жа.- С. 99
xxiii Там жа.- С. 100
xxiv Шутовіч Ян. На пройдзеным шляху / Ксёндз Адам Станкевіч у 25-ыя угодкі сьвяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасьці (10.І.1915 – 10.І.1940).- Вільня, 1940.– С. 38.
xxv Станкевіч Ад. Цені й блескі // Калосьсе.- 1935.- №4.- С. 216.
xxvi Вашкевіч А. Ксёндз Адам Станкевіч і ідэя рэлігійнай уніі // Куфэрак Віленшчыны. – 2003. – № 1 (8). – С. 120-127.