Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя
Дарагi Iосiф Паўлавiч! Найперш дазвольце Вам яшчэ раз падзякаваць за “Народную волю” — газету, якую ў Малым Сiтне перадаюць з рук у рукi i чытаюць на перакурах у леспрамгасе. Сярод тых, з кiм мы перапiсваемся, больш за 100 чалавек даведалiся пра мой адрас менавiта праз вашу газету — i ў вынiку мне пашчасцiла пазнаёмiцца з цудоўнымi людзьмi, шчырымi беларусамi.
Iосiф Паўлавiч, 25 мая спаўняецца (ужо споўнiлася. — Рэд.) 90 гадоў з дня заснавання адной з першых беларускiх палiтычных партый — Хрысцiянскай Дэмакратычнай злучнасцi. З iншага боку, зараз пачынаецца актыўная дзейнасць па стварэннi Беларускай Хрысцiянскай Дэмакратыi — партыi, якая мусiць працаваць з вернiкамi ўсiх хрысцiянскiх канфесiй. Напiсаў з гэтай нагоды артыкул — i вельмi спадзяюся, што Вам i чытачам Вашай газеты ён будзе цiкавы.
З вялiкай павагай i ўдзячнасцю, з зычаннем волi, веры i Божае ласкi.
Увесну 1917 года, на хвалi лютаўскай рэвалюцыi, 30 маладых каталiцкiх святароў на сходзе ў катэдральным касцёле ў Мiнску абвясцiлi, што будучыня Беларусi — за дэмакратыяй, збудаванай на хрысцiянскiх прынцыпах. Шырокаму чытачу мала вядома пра погляды i гiсторыю беларускага хрысцiянска-дэмакратычнага руху — хаця ў большасцi краiн Еўропы хадэкi з’яўляюцца палiтычнай сiлай першай велiчынi. Зараз яны ва ўладзе ў Нямеччыне, Польшчы, Чэхii, Швецыi; Хрысцiянска-дэмакратычнай ёсць Рэспублiканская Партыя ЗША (асноўная партыйная структура так i называецца — “Хрысцiянская каалiцыя”); хрысцiянска-дэмакратычныя iдэi спавядаюць i новаабраны прэзiдэнт Францыi Нiкаля Сарказi, i папулярная ва Украiне Юлiя Цiмашэнка. У пасляваенныя гады XX ст. менавiта хрысцiянская дэмакратыя сталася рухавiком адраджэння Еўропы i iнiцыятарам еўраiнтэграцыi. Беларусi, якая перажывае глыбокi крызiс каштоўнасцяў, востра нестае якраз такой еўрапейскай стваральнай iдэi, заснаванай на маральнасцi i патрыятызме, моцным мясцовым самакiраваннi i адказнасцi. Невыпадкова ўдзельнiкi сёлетнiх Дня Волi i “Чарнобыльскага Шляху” звярнулi на гэта ўвагу, сцягi з надпiсам “Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя” залуналi на сталiчных вулiцах упершыню.
Хрысцiянская Дэмакратычная злучнасць
Заснаванне ХДЗ у 1917 годзе было з’явай заканамернай i наспелай. Разгортванне нацыянальнага руху ў эпоху сусветных войнаў i рэвалюцый вымагала ад беларусаў кшталтавання палiтычнай iдэалогii, здольнай супрацьстаяць i камунiзму, i анархiзму, i фашызму. Пашырана меркаванне, што беларускiм адказам на выклiкi XX ст. стаў сацыялiзм Беларускай Сацыялiстычнай Грамады, а пазней, у Заходняй Беларусi, — Беларускай Сялянска-Работнiцкай Грамады. Але тым часам iснавала i iншая палiтычная альтэрнатыва, сфармуляваная ў тым самым лёсавызначальным 1917-м — Хрысцiянская дэмакратыя.
Беларускi Хрысцiянска-дэмакратычны рух узнiк на пачатку XX стагоддзя ў асяроддзi слухачоў Пецярбургскай духоўнай акадэмii ды Вiленскай духоўнай семiнарыi. Менавiта заснавальнiкi ХДЗ зрабiлiся лiдэрамi беларускага нацыянальнага руху 1920—1940 гг., i ахвяравалi сваiмi жыццямi за волю Бацькаўшчыны: ксёндз Вiнцэнт Гадлеўскi, кiраўнiк беларускага незалежнага падполля падчас гiтлераўскай акупацыi, расстраляны гестапаўцамi ў Трасцянцы; ксёндз Адам Станкевiч, аўтар кнiгi “Хрысцiянства i беларускi народ: спроба сiнтэзы”, старшыня Таварыства Беларускай Школы ў Заходняй Беларусi, забiты ў ГУЛАГу; архiмандрыт Фабiян Абрантовiч, закатаваны ў Маскоўскай Бутырскай турме; Ян Пазьняк — дзед правадыра БНФ Зянона Пазьняка, таксама рэпрэсаваны энкавэдзiстамi… У той жа самы час сярод праваслаўных хрысцiянска-дэмакратычную пазiцыю падтрымлiвалi прыхiльнiк Беларускай Аўтакефальнай Царквы мiтрапалiт Мельхiсэдэк (Раеўскi), расстраляны бальшавiкамi ў 1920-х гг., i сябры Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднання, а сярод пратэстантаў — пастар найбуйнешай ва Усходняй Еўропе баптысцкай грамады i перакладчык на беларускую мову Новага Запавету Лукаш Дзёкуць-Малей.
Пасля Рыжскага мiру, калi ў падсавецкай Усходняй Беларусi царква была выкараненая, а беларускiя дзеячы кiнутыя ў турмы, — у Заходняй Беларусi Хрысцiянская дэмакратыя стала адной з галоўных палiтычных сiл. Праз 10 гадоў, 6 лiстапада 1927 г., у Вiльнi хадэцкiя актывiсты, што гуртавалiся вакол выдаванай Адамам Станкевiчам газеты “Беларуская Крынiца”, правялi ўстаноўчы сход партыi “Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя”. “Мы, хрысцiяне, а знача — дэмакраты. Хрысцiянiн не можа не быць дэмакратам, бо хрысцiянства прызнае i шануе людскiя правы кожнай адзiнкi i кожнага народу, а такжа брацтва людзей i народаў”, — сцвярджалася ў праграме партыi. Менавiта БХД, пераняўшы эстафету ад БНР, у мiжчассi двух сусветных войнаў адстойвала тыя каштоўнасцi, якiя пазней уздымуць на сцяг БНФ i Рух “За Свабоду!” — незалежнасць, свабоду, праўду, справядлiвасць i духоўнае Адраджэнне.
Паглынанне Савецкiм Саюзам Заходняй Беларусi, вайна ды сталiнiзм перапынiлi традыцыю хрысцiянскай дэмакратыi да канца XX ст. На пачатку 1990-х у вiры нацыянальнага руху ў Беларусi ўзнiкла адразу некалькi хрысцiянска-дэмакратычных партый: Беларуская Хрысцiянска-Дэмакратычная Злучнасць, Хрысцiянска-Дэмакратычны Выбар, Беларуская Хрысцiянска-Дэмакратычная Партыя… Праўда, спрабуючы заняць палiтычную нiшу, гэтыя партыйныя ўтварэннi не здолелi здабыць шырокай падтрымкi вернiкаў ды патрыётаў i засталiся хутчэй знакам запатрабаванасцi самой хрысцiянска-дэмакратычнай iдэi ў Беларусi.
Глыбока беларуская iдэя
I насамрэч, хрысцiянская дэмакратыя — iдэя для Беларусi глыбока гiстарычная.
Вядома, што тысячу гадоў iснавання беларускай дзяржаўнасцi адметныя iмкненнем да народаўладдзя. Полацкае веча, што запрашала i скiдала князёў; шляхецкая дэмакратыя пры выбарным валадары i строгi падзел галiнаў улады ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, забяспечаны знакамiтым Статутам; Магдэбургскае права; Канстытуцыя Рэчы Паспалiтай 3 мая 1791 г. (другая ў свеце пасля амерыканскай, дзе пад грамадзянамi краiны мелiся на ўвазе ўсе яе жыхары, а не прадстаўнiкi пэўных саслоўяў); устаноўчыя граматы Беларускай Народнай Рэспублiкi; парламенцкая Рэспублiка Беларусь 1991—1994 гг., i цэлая плеяда лiдэраў, што вялi да дэмакратыi iншыя народы — Касцюшка, Дамейка, Мiнейка, Судзiлоўскi, Адамовiч, Старавойтава, Навадворская, Кавалёў — сведчанняў багата.
Разам з тым пачынаючы яшчэ з часоў Iзяслава i Еўфрасiннi Полацкай светапоглядным, каштоўнасным падмуркам для беларускага народаўладдзя было хрысцiянства. Шматканфесiйнае, талерантнае, ахвярнае, яно вызначала першаснасць духоўнасцi, сумленнасцi, справядлiвасцi ў палiтыцы.
Дастаткова працытаваць лiдэраў беларускай гiсторыi, каб убачыць, наколькi па-хрысцiянску разумелi яны ўладу народа:
“У Бiблii ўсе законы i правы, якiмi людзi на зямлi кiравацца маюць, напiсаныя… Тут справа ўсякага збору людскога i ўсялякага гораду выкладаецца, каб вераю, яднаннем ласкi й згоды паспалiтае памножана была” (Францiшак Скарына).
“А калi ёсць рознасць немалая ў веры хрысцiянскай, абяцаем сабе за нас, за нашчадкаў нашых, на вечныя часы, пад абавязкам прысягi, пад вераю, годнасцю i сумленнем нашым, каб тыя, хто розныя ў веры, спакой мiж сабой захавалi” (Са статута ВКЛ 1588 г., рэдагаванага Львом Сапегам).
“Бог стварыў чалавека, каб ён карыстаў з вольнасцi справядлiвай” (Кастусь Калiноўскi).
“Беларусь павiнна вярнуцца да Хрысцiянства. Беларусь у XXI стагоддзi мусiць адрадзiцца як Хрысцiянская краiна. Беларуская iдэя, абапертая на традыцыi беларускага Хрысцiянства, — гэта шлях для нас найбольш унiверсальны i правiльны” (Зянон Пазьняк).
Увогуле, сама беларуская нацыянальная iдэя унiкальна хрысцiянская ў сваёй сутнасцi. Беларуская культура, напоеная евангельскiм святлом. Беларуская еўрапейскасць зыходзiць з тысячагадовай рэлiгiйнай традыцыi. Беларуская мiсiя ў свеце — наследаванне Хрысту i апосталам, i вечны беларускi крыж — пакуты i ахвяраванне за iншых. Нарэшце, большасць беларускiх нацыянальных герояў — вернiкi. Яскрава сведчаць пра гэта i сiмвалы беларускага дэмакратычнага руху: бел-чырвона-белы сцяг — палатнiна з крывёю ўкрыжаванага i ўваскрослага Збаўцы, герб “Пагоня” з крыжам Еўфрасiннi, гiмн “Магутны Божа”, якi спяваюць у храмах усiх канфесiй.
Такiм чынам, i абвяшчэнне ХДЗ у 1917 г., i стварэнне БХД у 1927 г., i яе аднаўленне цяпер — выяўленне глыбiннай светапогляднай плынi, што ўвесь час жывiла беларускае Адраджэнне.
Што такое хрысцiянская дэмакратыя
Што ж уяўляе сабою iдэя хрысцiянскай дэмакратыi?
Гiсторыя хрысцiянства, як i iдэя дэмакратыi, налiчвае шмат стагоддзяў. I хаця многiя паспяховыя палiтычныя феномены — Чэхiя XV ст., ВКЛ XVI ст., Галандыя XVII ст. цi ЗША канца XVIII ст. — мелi хрысцiянска-дэмакратычны характар, як самастойная палiтычная iдэалогiя хрысцiянская дэмакратыя была сфармуляваная ў XIX ст. Крывавая французская рэвалюцыя i iмклiвая секулярызацыя, што разбурала асновы маралi, з аднаго боку, i прызнанне грамадзянамi ўсiх жыхароў, незалежна ад сацыяльнага i маёмаснага статусу, з iншага, паставiлi пытанне аб найбольш адпаведнай хрысцiянскаму iдэалу палiтычнай альтэрнатыве лiберальнаму капiталiзму ды радыкальнаму сацыялiзму. Найважнейшыя палажэннi хрысцiянскай дэмакратыi былi распрацаваныя каталiцкiмi iдэолагамi i сiстэматызаваныя ў папскiх энцыклiках Iльва XIII “Rerum novarum” i Пiя XI “Quadragesima Amo”. I чым мацнейшыя катастрофы скаланалi чалавецтва за апошнiя два стагоддзi — крызiсы капiталiзму, марксiсцкiя рэвалюцыi, таталiтарныя рэжымы, сусветныя войны, тым больш запатрабаванай ды папулярнай рабiлася хрысцiянская дэмакратыя. Нарэшце, пасля 1945 г. пачаўся сапраўдны бум: хадэкi прыйшлi да ўлады ў Нямеччыне, Аўстрыi, Iталii, Лацiнскай Амерыцы, распачалi еўрапейскую iнтэграцыю i iстотна ўдасканалiлi саму мадэль дэмакратыi.
У палiтычным спектры хрысцiянская дэмакратыя займае месца, найбольш блiзкае да “залатой сярэдзiны” памiж кансерватызмам, лiбералiзмам i сацыял-дэмакратыяй: калi ў Еўропе класiчныя хадэкi — правацэнтрысты (выступаюць за абмежаванне ролi дзяржавы на карысць грамадства, вольны рынак, патрыятызм), дык у Лацiнскай Амерыцы Хрысцiянска-дэмакратычныя партыi нярэдка прадстаўляюць левы цэнтр (узмацненне ролi дзяржавы, iдэi сацыяльнай справядлiвасцi).
Калi сцiсла, хрысцiянская дэмакратыя — гэта прыўнясенне хрысцiянскiх маральных прынцыпаў у палiтыку, эканомiку, сацыяльную галiну, культуру, адукацыю — любую сферу жыцця, з якой сутыкаецца кожны чалавек.
Ядро сiстэмы хрысцiянска-дэмакратычных каштоўнасцяў складае трыяда паняццяў: Бог, Чалавек, Бацькаўшчына. Асноўныя прынцыпы хрысцiянскай дэмакратыi:
— Маральнасць — абавязак грунтаваць свае дзеяннi на хрысцiянскiх iдэалах.
— Адказнасць — iмкненне браць на сябе клопат аб стане грамадства, уласным лёсе i дабрабыце сям’i.
— Субсiдыярнасць — пастанова прымаць рашэннi на тым узроўнi, на якiм яны найбольш эфектыўна выконваюцца: дэцэнтралiзацыя дзяржаўнай улады i садзейнiчанне сям’i, прафесiйным групам, мясцовым хрысцiянскiм супольнасцям i мясцоваму самакiраванню.
— Персаналiзм — сутнасна хрысцiянская раўнавага памiж iндывiдуалiзмам i калектывiзмам, якая надае першачарговую ўвагу унiкальнай асобе i невялiкiм супольнасцям.
— Салiдарнасць — пачуццё ўзаемадапамогi, якое праймае ўсе пласты грамадства, паразуменне багатага з бедным, прыярытэт нацыянальнага дабра, якi робiць магчымым поўнавартаснае развiццё i нацыi, i чалавецтва.
Хрысцiянская дэмакратыя — адзiная палiтычная iдэалогiя, якая базуецца на бiблейскiх, евангельскiх прынцыпах, дадзеных чалавеку Богам.
Тут i цяпер
I ў цяперашняй Беларусi ўмовы дзяржаўнай залежнасцi, задушэння дэмакратыi i грамадскага заняпаду вымагаюць моцнай iдэйнай праграмы нацыянальнага, палiтычнага i духоўнага адраджэння, i яснага адказу на пытаннi: “А што замест?”, “Што пасля?”.
На змену папулiсцкай аўтарытарнай дыктатуры, што трымаецца на хлуснi, страху, нянавiсцi, мусiць прыйсцi сапраўднае народаўладдзе з крышталёвай правасвядомасцю, прынцыповай адказнасцю i хрысцiянскай маральнасцю. Перамагчы рэжым i прычыны, што яго спарадзiлi, магчыма, толькi аднаўляючы разбураную законнасць i незалежнасць, культывуючы патаптаную любоў да Радзiмы i блiзкага, супрацьстаючы разгулу алкагалiзму, крымiналу, разбэшчанасцi, гвалту ды цынiзму, падтрымлiваючы ўцiсканне зараз царквы i выключна важную ў эпоху дэмаграфiчнага крызiсу сям’ю. Агульнанацыянальнае пакаянне, магутная вера як рухавiк перамен, духоўны ўздым, здольны знiшчыць апатыю i абыякавасць — вось першачарговыя задачы палiтычнага лiдэрства ў сучаснай Беларусi.
Ва ўсiм свеце з падобнымi задачамi найлепш спраўляюцца менавiта хрысцiянскiя дэмакраты. Ключавая перавага хадэкаў — у iхняй стаўцы на сумленнасць i адказнасць.
Вядома, з якiм расчараваннем сутыкнулiся нашы суседзi. Расiя i Украiна ў вынiку правядзення дэмакратычных рэформ. Карупцыя, маёмаснае расслаенне. Паводка распусты. Алiгархiя. Абсалютна вiдавочна: каб пазбегнуць падобных правалаў пераходнага перыяду, трэба ўжо зараз закладаць у беларускай палiтыцы трывалы падмурак духоўных каштоўнасцяў. Таму найпершым прынцыпам i працы сённяшняга нацыянальнага руху, i правядзення будучых рэформ трэба лiчыць празрыстасць, адкрытасць i маральнасць.
Калi Беларусь i патрабуе рэвалюцыi — дык рэвалюцыi сумлення. Яшчэ раз падкрэслiм: у першую чаргу не рэвалюцыi адплаты, прагматызму цi класавай нянавiсцi — сумлення!
Дзе ж узяць столькi сумленных, руплiвых, дысцыплiнаваных супрацоўнiкаў? Галоўныя рэзервы чыстай, этычнай палiтыкi, амаль не задзейнiчаныя сённяшнiм беларускiм дэмакратычным рухам, знаходзяцца ў хрысцiянскiх грамадах. Менавiта вернiкi, якiх так нестае ў сучаснай палiтыцы, — будучыня беларускай дэмакратыi.
Больш таго, масавая хрысцiянская дэмакратыя сёння паклiканая стаць сапраўдным прарывам нацыянальнага адраджэння. Уся тысячагадовая моўная i культурная традыцыя, ментальнасць i падсвядомасць беларусаў узгадвалiся i выспелi на Евангеллi i веры ў Бога — i беларусiзацыя касцёла, пратэстанцтва i нацыянальнага праваслаўя, асаблiва сярод моладзi, ужо яўна апярэджвае падобныя працэсы ў астатнiм грамадстве.
Чалавек моцнай веры, поўны любовi, прафесiйны i адказны — вось вобраз беларуса ХХI стагоддзя, паклiканага пераадолець сённяшнi ўцiск рэжыму, духоўны застой, заняпад гаспадаркi ды ўсе пагрозы “эпохi перамен”.
Адраджэнне хрысцiянскай дэмакратыi
Невыпадкова якраз новае пакаленне беларускага нацыянальнага руху зноў падымае сцяг хрысцiянскай дэмакратыi. У Арганiзацыйны камiтэт па стварэннi Беларускай Хрысцiянскай Дэмакратыi, заснаваны ў Мiнску, увайшлi пераважна маладыя патрыёты Беларусi i вернiкi ўсiх канфесiй — праваслаўныя i каталiкi, пратэстанты i унiяты. Сярод спадкаемцаў Адама Станкевiча i Вiнцэнта Гадлеўскага — палiтыкi новай хвалi Аляксей Шэiн i Вiталь Рымашэўскi, прадпрымальнiк Георгiй Змiтрук i юрыст Мiкалай Арцюхоў, легендарны святар, вязень ГУЛАГу i пастар Беларускай Евангельскай Царквы Эрнэст Сабiла, гiсторык Алесь Белы i бард Андрэй Мельнiкаў, арганiзатар намётавага лагера на плошчы Калiноўскага Вячаслаў Сiўчык, рэжысёр Андрэй Расiнскi, акцёр Павел Харланчук, маладзёжныя лiдэры Змiцер Дашкевiч, Змiцер Хведарук i Барыс Гарэцкi.
Аргкамiтэт гуртуе аднадумцаў ужо больш як у 30 гарадах Беларусi i рыхтуе ўстаноўчы з’езд БХД. Хрысцiянскiя дэмакраты сумесна з евангельскiмi цэрквамi пры ўдзеле праваслаўных i каталiцкiх святароў распачалi кампанiю за змену рэпрэсiўнага “Закона аб свабодзе сумлення” (ужо сабрана больш за 10.000 подпiсаў); пачалi аказваць дапамогу героям веры, пацярпелым ад бальшавiцкiх рэпрэсiй, ладзiць адукацыйныя сустрэчы i мясцовыя акцыi.
На першым этапе сваёй дзейнасцi Аргкамiтэт БХД ставiць задачу наладзiць узаемадзеянне з усiмi хрысцiянскiмi супольнасцямi i грамадскiм актывам у краiне, правесцi шэраг кампанiй у абарону законнасцi i маралi, нацыянальнага i духоўнага адраджэння. А стратэгiчная мэта БХД — ператварыцца ў вядучую палiтычную сiлу Беларусi.
Iнфармацыю пра дзейнасць Аргкамiтэта, праекты праграмных дакументаў i акцыi можна атрымаць праз сайт www.bchd.info або тэлефоны каардынатараў: 763-59-54 (Вiталь) i 651-26-65 (Аляксей).
…Тое, што адбылося ў Мiнскiм Катэдральным касцёле 90 гадоў таму, было толькi пачаткам. Цяпер надыходзiць час не проста пратэстнай апазiцыi — а стваральнай, сутнасна беларускай, сумленнай i дзейснай альтэрнатывы. Такой, якая б будавала ў сэрцы Еўропы новую краiну.
Беларускую. Хрысцiянскую. Дэмакратыю.
P.S. Артыкул быў напiсаны да вызвалення П.Севярынца з “хiмii”.