БЕЛАРУСЬ ДЛЯ ХРЫСТА

13 кастрычніка 2009 23:24  |  Артыкулы

Без Хрыста нашая краіна ня мае пэрспэктываў. Толькі Бог можа выцаліць і збавіць, вывесьці зь любога безвыходнага становішча і зьмяніць сытуацыю.

Аднойчы я захварэў і першы раз у сваім сьвядомым жыцьці апынуўся ў больніцы, пакутваў фізычна й душэўна і, увогуле, нічога добрага ў сваім жыцьці не знаходзіў. Адаго дня да нас у перапоўнены пакой прывезьлі яшчэ аднаго хворага. Яму было зусім блага. Вечарам ён стагнаў, за малым не крычучы. На раніцу, ачуняўшы, ён пачаў размаўляць з намі і між іншага згадаў Біблію – што яна «чалавеку дапамагае». Гэтая кніга, вялікая, і, як здавалася, страшна-чорная, ляжала ў яго пры ложку. «Ёлкі, мне і так тут ерундова, а ён са сваёй Бібліяй лезе», — думаў я. Увогуле, такія сумныя рэчы, як вера цi Біблія, ніякіх станоўчых эмоцыяў у мяне не выклікалі. Яны былі чымсьці непрыемным, як пакрытыя цьвільлю. Усе гэтыя штукі асацыяваліся з пакутамі, сьвечкамі, трунамі, кельлямі ды адпяваньнямі «усопших». Карацей, сьмерць. Чэрап і косьці. Ня ўлазь – заб’е, а ён мне тут «Біблія дапамагае!». Так я тады думаў. Аднак  крыху пазьней той самы Бог, у якога мне было так цяжка паверыць, — Ён выцалiў мяне ад хваробаў. Ён зьмянiў мяне, даў iншае, непараўнальна лепшае жыцьцё. Бог не перастае дзейнiчаць і зараз. Я бачу новых i новых людзей, якiя прыходзяць да Бога, пускаюць Яго ў сваё сэрца й пачынаюць жыць па-сапраўднаму, актыўна, на ўсю моц, пачынаюць нарэшце выкарыстоўваць свой патэнцыял…

Вера – гэта ня сьмерць. Гэта – жыцьцё, прычым — жыцьцё напоўніцу.

Чалавек, які ня ведае Бога, часта мае стэрэатыпы, думае, што хрысьціянства азначае пакуты, паразу i адсталасьць. Насамрэч – нічога падобнага! Ведаеце, гэта вялікі падман. Бог гаворыць пра нешта іншае.

Хрысьціяне – гэта не наiўныя ідыёцікі, і Бог – не злы дзед з барадой. Бог – гэта Бог. Жывы – значыць жывы. Усемагутны – значыць усемагутны.

Хрысьціянства, вера ў Хрыста – гэта прагрэс і авангард, радыкальная любоў і поўная перамога. Чалавек веры заўсёды ідзе ў перамозе. А краіна, дзе вераць Богу – краіна дастатку i міру. Моцная, прагрэсіўная, непераможная. Такая, якою яе хоча бачыць Госпад.

Гэта ня проста словы. Бог дае пацьверджаньнi на працягу ўсёй гісторыі – хто мае вочы, можа ўбачыць.

Сярэднявечная Швайцарыя была зямлёю бездапаможных i дробненькiх княстваў, пакуль у XVI стагодзьдзі ў гэтую краiну не прыйшло вялiкае духоўнае прабуджэньне. Народ павярнуўся да Бога й атрымаў Ягонае дабраславеньне. Зараз Швайцарыя – цэнтар сусьветнага капiталу. Краiна нэўтральная, не ўваходзiць у вайсковыя блёкi. Другая Сусьветная вайна яе абмiнула.

ЗША. Першыя прэзыдэнты Злучаных Штатаў былi людзьмі актыўнай хрысьціянскай пазыцыі. За ўзор сваёй канстытуцыi амэрыканцы ўзялi кнiгi Старога Запавету – Царстваў i Судзьдзяў. Адпаведна пачынала жыць краiна – з хрысьцiянскiм мысьленьнем: аптымiстычным, пазытыўным, з мэнтальнасьцю пераможцы. Дзяржава паступова стала набiраць моц, пераўтварацца з калёнii ў мэтраполiю, падымацца ўсё вышэй i вышэй. З раба станавiцца гаспадаром.

Працягваць ланцужок відавочных прыкладаў можа бясконца

I дасьць табе Госпад дастатак ва ўсiх дабротах, i ў пладзе ўлоньня твайго, i ў пладзе нiваў тваiх на зямлi, якую Госпад кляўся айцам тваiм даць табе. Адкрые табе Госпад добрую скарбнiцу Сваю, неба, каб яно давала дождж зямлi тваёй у свой час, i каб дабраслаўляць усе справы рук тваiх: i будзеш пазычаць шматлiкiм народам, а сам ня будзеш пазычаць. Зробiць цябе Госпад галавою, а не хвастом, i будзеш толькi на вышынi, а ня будзеш унiзе, калi будзеш слухацца запаветаў Госпада, Бога твайго… (Другазаконьне, 28:11 — 13).

Вам будзе цiкава даведацца, што, набываючы «зубную пасту №1 у сьвеце» – Colgate, кукурузныя лустачкi корн-флэйкс альбо прадукцыю Procter & Gamble, — вы ўкладваеце грошы ў эвангелiзацыю, бо заснавальнiкi й кiраўнiкi гэтых найбуйнейшых сусьветных карпарацыяў – вернiкi й iнвэстуюць грошы ў хрысьцiянскiя праекты. Першы на плянэце мiльярдэр, iмя якога стала сынонiмам супэр-удалага бiзнэсоўца й фiнансавага генiя, Джон Д. Ракфэлер, любiў паўтараць, што стаў найбагацейшым чалавекам сьвету, бо частку свайго прыбытку (дзесяцiну) пастаянна аддаваў царкве – i Бог невымерна памножыў яго капiтал. Можа быць вы ня ў курсе, што аснову сёньняшняй амэрыканскай Рэспублiканскай партыi складае рух «Хрысьціянская Кааліцыя»? Цяпер не ўзьнiкае пытаньняў наконт таго, як Хрыстос дзейнiчае ў палiтыцы й эканомiцы?

Калi ты будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, старанна выконваць усе запаветы ягоныя, …то Госпад, Бог твой, паставiць цябе вышэй за ўсе народы зямлi… Пераможа перад табою Госпад ворагаў тваiх, якiя паўстаюць на цябе; адным шляхам выйдуць супраць цябе, а сям‘ю шляхамi пабягуць ад цябе. (Другазаконьне, 28:1, 7).

Мы ўсе хочам бачыць Беларусь свабоднай, дэмакратычнай, эўрапейскай дзяржавай. Гэта  нашае агульнае жаданьне – жыць у багатай i адукаванай краiне. Таму мы змагаемся за Беларусь на усiх франтах, у тым лiку i на духоўным. Просiм у Бога за краiну, стаiм у праломе за гэтую зямлю, таму што яна – нашая.  Госпад кажа: «Прасi ў мяне, i дам народы ў спадчыну Табе i межы зямлi ва ўладаньне Табе». (Пс. 2:8)

Мы просiм за нармальную палiтыку, нармальную эканомiку, культуру, навуку. А ўсё гэта можа даць толькi й выключна Бог.

Адзiн вядомы хрысьцiянiн сказаў нядаўна словы, якiя тычацца i нас, нашай дзяржавы таксама: “Апошнi час – час яркiх кантрастаў. Памнажэньне граху ў адным лёсе, дастатак ласкi ў iншым. Хтосьцi памiрае, хтосьцi ўваскрасае. У кагосьцi пракляцьце на пракляцьце, у кагосьцi ласка на ласку. Царква iснуе на зямлi для таго каб ацалiць грамадзтва, але, перадусiм, паставiць дыягназ: наша краiна безь Iсуса – гэта месца пакутаў i невыказнага болю, дзе памнажаецца грэх; гэта лягер асуджаных сьмяротнiкаў. Сьмерць косiць. Направа й налева. Хто наступны? «Дапамажыце выжыць!» – гэта крык дзяцей i дарослых, багатых i бедных, палiтыкаў i простых хатнiх гаспадыняў. «Дапамажыце выжыць!» – гэта крык грамадзтва, неад‘емнаю часткай якога ёсьць ты i я. Калi царква  не адкажа, — грамадзтва безнадзейна асуджана.”

З гэтай прычыны – мы тут. Нашая мэта – свабодная й багатая краіна. Нашае бачаньне – Беларусь для Хрыста.

Болей навін